Колькі ў Расіі папуасаў хулі?

14 кастрычніка ў Расійскай Федэрацыі пачаўся перапіс насельніцтва, у рамках якога таксама плануецца высветліць нацыянальны склад краіны. Без палітычных правакацый на гэтай глебе не абышлося.

14 кастрычніка ў Расійскай Федэрацыі пачаўся перапіс насельніцтва, у рамках якога таксама плануецца высветліць нацыянальны склад краіны. Без палітычных правакацый на гэтай глебе не абышлося.

Дазваляецца выбраць любую нацыю з прапанаваных у лісце перапісчыка, а іх там аж 1840. Такое ўражанне, што пазбаўленая магчымасці вялікага палітычнага выбару (у Расіі браць удзел у выбарах дазваляецца толькі кандыдатам ад 7 партый) расійская публіка папросту ашалела ад такой дэмакратыі. Яшчэ ў 2000 годзе падчас мінулага перапісу грамадзяне, асабліва моладзь, павесяліліся. Шмат хто ў пятай графе пазначыў сябе эльфам або гоблінам — персанажамі вельмі папулярнай на той час казачнай сагі Толкіена.

Праз дзесяць гадоў трэба чакаць паўтарэння падзей. Кожны грамадзянін РФ мае поўнае права запісацца ў прадстаўнікі такіх этнічных груп, як «без нацыі», «без нацыянальнай прыналежнасці», «без нацыянальнасці», «грамадзянін зямлі», «грамадзянін свету», «жыхары сусвету», «жыхары зямлі», «інтэрнацыяналісты», «не вызначыліся», «невядома», «не», «ніякая нацыянальнасць», «адсутнічае», «расійцы», «складаная нацыянальнасць», «савецкія», «чалавек», «чалавек зямлі», «чалавек свету».

Іншы варыянт быць арыгіналам — абраць сабе нейкую экзатычную нацыянальнасць. Асабліва спадабаліся расійцам, мяркуючы па каментарах у інтэрнэце, такія афіцыйна дазволеныя адказы, як аўстравенгры, афрарасійцы, бульбашы, ведаросы, замежнікі, інтэрнацыяналісты, кацапы, касмапаліты, хрышчоныя, маларосы, метысы, мулаты, папуасы хулі, праваслаўныя эстонцы, стараверы, старажылы, фараоны, чалавек, чудзь, чухонцы...

Але думаецца, што галоўнай правакацыяй стане гульня з вядомым словам з трох літар. Аказваецца, на прасторах былой імперыі жывуць кітайскія мусульмане (дунгане), якія называюць сябе «х…й». У сеціве ўжо з’явілася ініцыятыва «Расіі важны кожны х…й». Вось што пішуць яе арганізатары: «Прапануем, улічваючы быдлячае стаўленне ўлады да народаў Расіі, у знак пратэсту супраць таго, што на ўсіх пакладзены вышэйзгаданы ўладны х…й, падчас перапісу назваць сябе менавіта «х…м».

Калі сур’ёзна, то, безумоўна, перапіс і пункт пра нацыянальнасць — гэта вялікая палітыка. Асабліва ў рэгіёнах, дзе мясцовая эліта для легітымацыі сваёй аўтаноміі мусіць абапірацца на нейкую статыстыку.

Ужо задоўга да перапісу ў прэсе шмат пісалі пра татарскае пытанне. У паперах перапісчыкаў татар падзялілі на дробныя этнічная групы. Ёсць 113 варыяцый іх назваў — ад булгар да рэгіянальных груп у складзе татар і булгар. Напрыклад, мішары, тэпцяры, крашэны, нагайбакі, астраханскія татары, сібірскія татары (у тым ліку падгрупы сібірскіх татараў — барабінцы, чулымскія цюркі, бухарцы, сарты і г.д.).

У Казані такую поліфанічнасць разглядаюць як спробу штучнымі сродкамі паменшыць колькасць татар і пазбавіць нацыю магчымасці патрабаваць для сябе ад Масквы нейкія прывілеі. Раней татары выступалі за наданне татарскай мове статусу афіцыйнай. Апошні год казанская адміністрацыя вядзе кампанію за тое, каб усе татары запісваліся татарамі.

Татарскае пытанне актуальна і ў Башкірыі, дзе тытульная нацыя доўгі час была меншай за татар і рускіх. У часы кіравання Муртазы Рахімава перапісы ў рэгіёне фактычна фальсіфікавалі, каб павялічыць працэнт башкірскага этнасу. Дэмографы папросту вар’яцелі, калі бачылі лічбы. Калі ім верыць, то ў 1990-я башкіры перажывалі сапраўдны дэмаграфічны бум.

Цікава рэакцыя грамадскасці на ініцыятыву трацкісцкай групы «Рух супраціву імя Пятра Аляксеева» (ДСПА). Група выступіла з заклікам да левых актывістаў у ходзе перапісу называць сябе «савецкі». Матывацыя яе прыхільнікаў досыць дзіўная: «Пасля таго, як СССР перастаў існаваць, ён пачаў паступова перасоўваецца ў галіну знакаў. І ад таго, якія знакі возьмуць верх, залежыць шмат што. Ці будзе СССР успрымацца знакам жахлівай дыктатуры і тэрору? Або сімвалам сапраўднай альтэрнатыўнай цывілізацыі, якая кінула выклік свету прыгнёту і рабства? Вось што для мяне Савецкі Саюз. Таму я запішуся савецкім, і іншым даю такую ж параду. Калі вынікі перапісу пакажуць, што савецкіх людзей большасць — для адстойвання нашых інтарэсаў нам не трэба будзе чакаць чарговага фарсу выбараў».

Паказальна, што гэта ідэя не сустрэла падтрымкі. Новае пакаленне расійскіх левых не хоча быць “савецкімі. Яно надае перавагу тэрміну «інтэрнацыяналіст».

Самай рэзананснай справай аказалася праблема сібіракоў. Удзельнікі інтэрнэт-супольнасці «Сапраўдныя сібіракі» заклікалі ўсіх жыхароў Сібіры падчас перапісу насельніцтва ў якасці сваёй нацыянальнасці называцца «сібіракамі».

Нехта Дзмітры Осіпаў нават склаў маніфест сібіракоў. Вось яго самы важны фрагмент: «Не трэба рабіць з мяне сябра паслухмянага статку «паважаных расійцаў», круціць дзень і ўначы прапаганду, убіваць мне ў галаву жахі пра ворагаў вакол Расіі-матухны. Мне не трэба вашых указак, мяне ад іх ванітуе. Ванітуе ад вашай Рублёўкі і гламуру, ванітуе ад вашых картэжаў, ад вашых пацалункаў з сусветнымі ўблюдкамі. Мяне ванітуе ад вашых таўстазадых парламентарыяў і дэбільных палітычных актывістаў з мядзведзямі на лбу. Мяне ванітуе ад вашага нацыянальнага лідэра і яго ВРИО-камедыянта. Мне сорамна за тое, што мая любая радзіма — гэта для вас усяго толькі сыравінны прыдатак! Хопіць! Я заву сябе Сібірак!»

Ініцыятыва была падхоплена шматлікімі інтэрнэт-карыстальнікамі. «Сапраўдныя сібіракі» мяркуюць, што калі жыхары Сібіры арганізавана аднясуць сябе да сібіракоў, дык з’явіцца магчымасць стварыць нацыянальную калектыўную супольнасць, і нават атрымаць адпаведныя правы.

Інфармацыя шырока распаўсюдзілася ў блогах і ў інтэрнэт-СМІ і выклікала хвалю бурных абмеркаванняў, якія не спыняюцца дагэтуль.

Так, Віктар Арлоў, сябра Савета Федэрацыі, назваў акцыю «заявай, якае патыхае сепаратызмам». «Гэта можа стаць небяспечным прэцэдэнтам, што ў канчатковым выніку прывядзе да рассячэння рускага народа на дробныя часткі», — адзначыў сенатар. Яго падтрымалі шэраг маскоўскіх і правінцыяльных чыноўнікаў.

На сайце фашысцкага руху «Руский образ» гаворыцца: «З’явіліся нейкія ініцыятыўныя групы, якія выступаюць за ўключэнне ў пералік нацыянальнасцяў новай, ніколі раней не вядомай нацыянальнасці — «сібірак». Нацыянальнасць «сібірак» выдумана набрыддзю інтэрнацыянальных гнюсаў, якія паставілі мэтай знявагу нацыянальнай добрай якасці, нацыянальных пачуццяў і духоўнасці ўсіх народаў, што насяляюць Сібір. І таму кожны рускі сібірак павінен назвацца расійцам».

З улікам наяўнасці асобнай Сібірскай федэральнай акругі да сібіракоў могуць сябе аднесці прыкладна 20 мільёнаў чалавек. Думаецца, што наўрад ці сібіракоў будзе вельмі шмат, аднак штуршок для развіцця лакальнай ідэнтычнасці акцыя ўжо дала. Нехта Саян Андрыянаў напісаў гімн «Мы сібіракі». У Новасібірску ўзнікла культурная суполка «Нацыя сібіракоў». Часам у сеціве нават можна пабачыць літаратурныя эксперыменты, калі нехта спрабуе пісаць на сібірскай мове. Напрыклад: «Мы сибиряки ся зырим как постать людноси, и твердо собралися поклась все силы гля всевобчево розвитя. Мы загаркивам всех народов с присоветом мира, дружки и ровноправной сороботы».

Ці было б гэта магчыма без перапісу?

Каментаваць