Колькасць ахвяраў сярод мірных жыхароў у Данбасе зноў расце — ААН

Колькасць мірных жыхароў, якія загінулі ў выніку ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны, у ліпені стала рэкорднай ад жніўня мінулага года, заявіў вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Зейд Раад аль-Хусейн

Фота kvedomosti.com


 З 1 па 31 ліпеня ў зоне канфлікту ў Данбасе былі забітыя восем чалавек і параненыя 65, гаворыцца ў дакладзе, апублікаваным на сайце Упраўлення вярхоўнага камісара (УВКПЧ). Гэта рэкордная колькасць са жніўня 2015 года, паведамляе ВВС.

 За чэрвень 69 чалавек былі забітыя або параненыя — амаль у два разы больш, чым за папярэдні месяц.

 Такім чынам, паводле падлікаў ААН, з красавіка 2014 года ў Данбасе загінулі 9553 чалавекі, сярод якіх амаль 2 тысячы мірных жыхароў.

 Большасць пацярпела ад артылерыйскіх абстрэлаў, у тым ліку, як мяркуецца, ад зброі, выкарыстанне якой забаронена Мінскімі пагадненнямі.

 "Вялікая колькасць пацярпелых, якую мы зафіксавалі ў апошнія тыдні, сведчыць, што ні ўкраінскія сілы, ні ўзброеныя групы не прымаюць неабходных мер для абароны цывільнага насельніцтва", — гаворыцца ў дакладзе на сайце Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

 ААН таксама адзначае, што абодва бакі канфлікту рабуюць дамы мірных жыхароў, абстрэльваюць або выкарыстоўваюць пад свае патрэбы школы і бальніцы.

 Два тыдні таму УВКПЧ таксама апублікавала справаздачу, паводле якой на ўсходзе Украіны пануе атмасфера абсалютнай беспакаранасці, і ніхто да гэтага часу не быў прыцягнуты да адказнасці за масавыя забойствы, учыненыя ў рэгіёне.

 У дакуменце гаворыцца, што многія з гэтых эпізодаў могуць быць расцэненыя як ваенныя злачынствы.

ААН рэгулярна атрымлівае паведамленні аб наяўнасці неафіцыйных месцаў утрымання пад вартай у зоне канфлікту, "у якіх людзі ўтрымліваюцца без сувязі з вонкавым светам і нярэдка падвяргаюцца катаванням і жорсткаму абыходжанню, аднак органы ўлады гэта сістэматычна адмаўляюць".

Памочнік генеральнага сакратара ААН па правах чалавека, сябар маніторынгавай місіі ААН на Данбасе Іван Шымановіч адзначыў, што ў "ДНР" і "ЛНР" усталявалі на падкантрольных сабе тэрыторыях "адвольную сістэму правілаў. Там задушылі любое іншадумства і стварылі сетку месцаў пазбаўлення волі, у якіх людзей змяшчаюць пад варту, катуюць і падвяргаюць жорсткаму абыходжанню"

Так званае "міністэрства дзяржаўнай бяспекі ДНР" стала галоўным органам, адказным за правядзенне рэпрэсіўных ператрусаў дамоў, арыштаў і затрыманняў. І на жаль, у нас ёсць задакументаваныя факты таго, што падобнае адбываецца таксама на тэрыторыі, падкантрольнай Украіне", — цытуе Шымановіча gordonua.com.

Каментаваць