Колькі гадоў трэба прэзідэнту?

Як правіла, прэзідэнцкая кадэнцыя ў шмат якіх краінах складае 4–5 гадоў. Але, напрыклад, у Камеруне, Экватарыяльнай Гвінеі, Габоне, Ізраілі, Ірландыі, Італіі прэзідэнт абіраецца на 7 гадоў.

У Ліберыі, Кыргызстане, Ліване, Філіпінах, Сінгапуры, Таджыкістане, Узбекістане, Аўстрыі, Фінляндыі, Расіі, Мексіцы, Венесуэле прэзідэнцкі тэрмін складае 6 гадоў.

Дамінуючая практыка прэзідэнцкага тэрміну 4 або 5 гадоў тлумачыцца арыентацыяй на паспяховы амерыканскі досвед. Чатырохгадовы тэрмін прэзідэнцкага праўлення быў «вынайдзены» ў 1787 годзе Канстытуцыйнай Асамблеяй — асаблівым органам, які напісаў тэкст Асноўнага закона ЗША.

З ідэалагічнага пункту гле­джання, стваральнікі Канстытуцыі ЗША арыентаваліся на старажытныя дэмакратыі Грэцыі і Рымскую Рэспубліку, у якіх рэгулярная ратацыя ўладаў была звычайнай практыкай. У паўночнаамерыканскіх калоніях таксама існавалі падобныя правілы (першы закон такога кшталту з’явіўся ў Пенсільваніі ў 1682 годзе). Аднак пры гэтым існавала думка, што занадта кароткі тэрмін не дасць прэзідэнту магчымасці паспяхова выконваць свае абавязкі. Пры гэтым міжнародных прэцэдэнтаў, якія маглі б паслужыць узорам для пераймання, напрыканцы XVIII стагоддзя не было.

Першапачаткова дэлегаты Асамблеі пагадзіліся з тым, што тэрмін прэзідэнцтва павінен складаць сем гадоў. У працэсе дэбатаў тэрмін быў скарочаны да шасці, у выніку з’явіўся цяперашні варыянт — чатыры гады. Праўда, спачатку адна і тая ж асоба магла абірацца на прэзідэнцкую пасаду неабмежаваную колькасць разоў. Толькі ў 1947 годзе была прынятая 22-я папраўка да Канстытуцыі ЗША, якая забараніла займаць пасаду кіраўніка дзяржавы больш за два тэрміны (яна была ратыфікаваная ў 1951 годзе і тады ж набыла моц).

Не ўсе пагадзіліся з гэтай ідэяй. У Злучаных Штатах існуе рух за карэкцыю прэзідэнцкага тэрміна, праўда, для таго, каб адна і тая ж асоба заставалася пры ўладзе ў суме менш часу. Справа ў тым, што за акіянам склалася негалосная традыцыя, калі абраны прэзідэнт абавязкова ідзе на другі тэрмін і, як правіла (у 68 працэнтах выпадкаў), перамагае. Краіна, як лічаць некаторыя, толькі губляе ад такой з’явы, паколькі падчас другой кадэнцыі прэзідэнты не такія актыўныя.

У якасці выхаду прапануецца абіраць прэзідэнта на 6 гадоў, аднак без права пераабрання. «Адсутнасць блізкай кампаніі па пераабранні можа натхніць будучых прэзідэнтаў быць больш моцнымі лідарамі і з большай гатоўнасцю прымаць жорсткія, непапулярныя рашэнні, якія маглі б палепшыць наш нацыянальны дабрабыт у доўгатэрміновай перспектыве. І ў любым выпадку, шэсць бесперапынных гадоў будуць эквівалентам двух чатырохгадовых тэрмінаў», — сцвярджае выданне «Тhe Daily beast».

Сфармаваўся лагер крытыкаў 4-гадовага прэзідэнцкага тэрміна і ў Еўропе. Ужо Канстытуцыя Другой Французскай Рэспублікі з папраўкамі Напалеона Трэцяга (1852 г.) утрымлівала пункт пра 10-гадовую кадэнцыю прэзідэнта (у першапачатковай рэдакцыі прэзідэнт мог займаць пасаду 4 гады). Прыкладна тады і былі сфармуляваныя асноўныя аргументы за больш доўгі прэзідэнцкі тэрмін. Лічылася, што гэта гарантуе краіне палітычную стабільнасць.

Па сутнасці, на той жа тэзіс абапіраўся і Шарль Дэ Голь, калі прапанаваў свой варыянт Канстытуцыі Пятай Рэспублікі ў 1958 годзе. Прэзідэнцкі тэрмін тады быў вызначаны ў 7 гадоў. Дарэчы, французскае грамадства сустрэла такую прапанову практычна «на ўра», паколькі за часы алжырскага крызісу стамілася ад палітычных катаклізмаў і жадала моцнай выканаўчай улады. Праўда, падчас нармалізацыі сітуацыі думкі ў краіне хутка змяніліся. Ужо ў сярэдзіне 1970-х лічылася, што сем гадоў — гэта зашмат. У выніку ў 2002 годзе Жак Шырак пагадзіўся на рэформу, матывуючы гэта чыста ў французскім духу: прэзідэнцкая сямігодка — вельмі доўга і сумна, а пяць гадоў — гэта больш сучасна.

Францыя выглядае выключэннем на фоне іншых краін. Толькі ў перыяд з 1992 па 2006 год 26 прэзідэнтаў розных дзяржаў тым ці іншым чынам спрабавалі павялічыць тэрміны прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Пры гэтым кіраўнікі дзяржаў дзейнічалі двума спосабамі. У 14 дзяржавах (сярод іх Беларусь, Казахстан, Туркменістан, Узбекістан і Уганда) прэзідэнты проста адмянялі або перапісвалі канстытуцыйныя нормы, якія ўтрымлівалі абмежаванні. У 12 краінах — у тым ліку ў Кіргізіі, Намібіі і Перу — рэалізоўваўся сцэнар, які дазваляў дзеючым кіраўнікам заставацца ва ўладзе без унясення зменаў у Асноўны закон.

Дзякуючы прававым эксперыментам у былым СССР з’явіліся новыя аргументы, якія абгрунтоўваюць павелічэнне тэрміну паўнамоцтваў. А менавіта: «неабходнасць забеспячэння стабільнага і паступальнага развіцця краіны і пераемнасці дзяржаўнай палітыкі», «неабходнасць эканоміі бюджэтных сродкаў, з якіх фінансуюцца выбары», «працэдура ўступлення на пасаду, кадравыя перастаноўкі і ўкараненне новай праграмы ў чатырохгадовы тэрмін вымушаюць рабіць хуткія рэформы і дзеянні, якія проста не паспяваюць прымацца грамадствам і таму не працуюць», «немагчымасць для новага прэзідэнта паўнавартасна ўвайсці ў курс спраў менш, чым за два гады», і гэтак далей.

Такога кшталту аргументацыя, безумоўна, палітычна заангажаваная. Калі кіравацца падобнай логікай, то выбары трэба праводзіць ледзь не раз на 20 гадоў, што дазволіць сапраўды эфектыўна эканоміць на выбарчых працэдурах. Сусветная і постсавецкая практыка таксама сведчыць, што павелічэнне працягласці тэрміну прэзідэнта — закамуфляванае жаданне поўнай узурпацыі ўлады, якое, на жаль, яшчэ больш абвастраецца ў часы эканамічнага крызісу і росту геапалітычнай небяспекі.



Каментаваць