Коміка ў прэм’еры!

Эканамічны крызіс даў шанец несістэмным палітыкам, якія на вачах мяняюць палітычны пейзаж у Еўропе. Апошняй сталася Італія, дзе ва ўладныя інстытуты ўпершыню прыйшлі прыхільнікі коміка Бепе Грыла.

У маі ў два этапы на Апенінах прайшлі муніцыпальныя выбары. Усяго абіралася мясцовае самакіраванне ў 118 камунах, дзе пражывае прыкладна 4,5 мільёна чалавек. У тым ліку мэраў абіралі такія буйныя метраполіі, як Генуя, Парма, Палерма і іншыя.



Эканамічны крызіс даў шанец несістэмным палітыкам, якія на вачах мяняюць палітычны пейзаж у Еўропе. Апошняй сталася Італія, дзе ва ўладныя інстытуты ўпершыню прыйшлі прыхільнікі коміка Бепе Грыла.

У маі ў два этапы на Апенінах прайшлі муніцыпальныя выбары. Усяго абіралася мясцовае самакіраванне ў 118 камунах, дзе пражывае прыкладна 4,5 мільёна чалавек. У тым ліку мэраў абіралі такія буйныя метраполіі, як Генуя, Парма, Палерма і іншыя.

Фонам для выбарчай кампаніі была нядаўняя адстаўка Берлусконі, за якім цягнецца цэлы шлейф скандалаў і афер, што значна падарвалі аўтарытэт яго партыі «Народ свабоды». Крызіс перажывае і другая найбольш моцная правая партыя ў Італіі — «Ліга Поўначы». Яе правадыр Умберта Босі таксама пайшоў на палітычную пенсію, калі высветлілася, што ён крадзе грошы з партыйнай касы.

Нядзіўна, што згаданыя партыі аказаліся галоўнымі лузерамі майскага галасавання. Найбольш пацярпела «Ліга Поўначы», якая, як вядома, выступае за федэралізацыю краіны. Ліга страціла ў першым туры 67 працэнтаў сваіх выбарцаў у параўнанні з выбарамі 2010 года. Ва ўсіх муніцыпалітэтах, дзе праходзілі выбары і пасады мэра займалі «легісты», змяніўся бургамістр. Моцна прасела і партыя «Народ свабоды».

У выніку купоны стрыгла левацэнтрысцкая апазіцыя з Партыі дэмакратаў і блізкая да хрысціян партыя «Італія за каштоўнасці». Аднак галоўнымі пераможцамі сталі не яны, а так званыя бепісты. Так у Італіі называюць актывістаў партыі «Рух пяці зорак», створанай вядомым комікам і блогерам Бепе Грыла. Рух выйшаў на палітычную сцэну некалькі гадоў таму падчас крызісу левай апазіцыі і разглядаўся шмат кім як нейкая артыстычная правакацыя. Мала хто верыў, што нехта можа ўсур’ёз галасаваць за фармацыю, якая заклікае да ўвядзення сістэмы электроннай дэмакратыі.

Праграма «Руху пяці зорак» базуецца на пяці тэмах — суп­раць прыватызацыі воднай сістэмы і каналізацыі, за публічны транспарт, развіццё інтэрнэту, экалогію.

Сёння да ініцыятывы Бепе ставяцца больш чым сур’ёзна. У цэлым кандыдаты ад «Руху пяці зорак» атрымалі салідныя 9 працэнтаў. Акрамя таго, «Рух пяці зорак» здолеў перамагчы ў шэрагу муніцыпалітэтах. Відавочна, самы вялікі поспех бепістаў меў месца ў Парме — буйным індустрыяльным цэнтры. Тут кіраўніком мэрыі абраны Федэрыка Піцароці. Ён атрымаў 60 працэнтаў галасоў і лёгка абышоў свайго галоўнага канкурэнта-дэмакрата, які набраў 39 працэнтаў. Бепісты таксам прыйшлі да ўлады яшчэ ў двух гарадах.  глабальным сэнсе «Рух пяці зорак» стаў трэцяй па папулярнасці партыяй у краіне.

Калі б Бепе і яго паплечнікі атрымалі такую перамогу яшчэ год таму, гэта было б успрынята адназначна як прагрэсіўная з’ява. Перш за ўсё, яе б трактавалі як правал папулісцкай палітыкі Берлусконі, чыім крытыкам быў Бепе. Даставалася ад сатырыка і Уладзіміру Пуціну, блізкаму сябру Сільвіа. Аднак цяпер прагрэсіўны друк больш асцярожна ўспрымае ўздым «Руху пяці зорак».

Дастаткова самага павярховага аналізу электаральнай статыстыкі, каб зразумець, што касцяк тых, хто галасаваў за Бепе, склалі былыя выбарцы «Лігі Поўначы» і «Народу свабоды» — багаты сярэдні клас. Яшчэ адна катэгорыя электарату «Руху пяці зорак» — людзі, якія шукалі сродак паказаць дулю ўладзе. Раней бы яны папросту не пайшлі на выбарчыя ўчасткі. Дарэчы, на гэтых выбараў быў зафіксаваны рэкордны пасля вайны ўзровень абсентэізму — 36 працэнтаў. Аднак цяпер аматары лозунгу «супраць усіх» знайшлі больш правакацыйную форму пратэсту — аддаць голас за прыкольшчыка Бепе і яго кампанію.

Жарты ў сеньёра Грыла сапраўды па той бок палітычнай карэктнасці. Так, падчас мітынгу ў Сіцыліі ён заклікаў дзяржаву да таго, каб браць прыклад з мафіі, якая, як вядома, вельмі паважліва ставілася да сям’яў, прадстаўнікоў якіх забівала, і абавязкова дасылала ім піццу на свята.

Ёсць, праўда, і сур’ёзныя сацыялагічныя тэорыі. Яны тлумачаць феномен Грыла з’яўленнем новага падвіду выбарцаў — «электарат спажываючы». Гэтыя людзі перанеслі на палітыку забабоны масавай культуры і інстынктыўна жадаюць, каб яна будавалася па канонах серыялу або драмы. Інакш кажучы, выклікала элемент інтрыгі і эмацыйнага задавальнення.

У выніку партыя Бепе чымсьці нагадвае палітычных шарлатанаў, якім палітычную філасофію замяняе голы папулізм.

Напрыклад новы мэр Пармы, па прафесіі банкаўскі служачы, так характарызуе сваё палітычнае крэда: «Я просты нармальны чалавек, як і ўсе. Таму ў мяне ёсць магчымасць весці дыялог з усімі грамадзянамі».

З іншага боку, шмат хто верыць, што пачатковы левы складнік руху не дасць яму ператварыцца ў тусоўку папулістаў. Так, адзначаюць, што Бепе добра пазіцыянуе сябе як эколаг. Як піша адна з газет, яго экалагічная платформа добра пасуе каштоўнасцям і запытам сярэдняга класа, што трымае дыстанцыю ад традыцыйнага экалагічнага руху, які марыць зачыніць усе АЭС і забараніць змываць ваду ва ўнітазе для выратавання прыроды. Вядома, што Бепе мае добрыя кантакты з рухам М15 у Іспаніі, які пратэстуе супраць палітычнай карупцыі. М15 — або, як іх яшчэ называюць, «незадаволеныя» (indignados), — прытрымліваецца левых радыкальных поглядаў. Нарэшце, Бепе застаецца бясспрэчным спікерам руху, і пакуль яму належыць апошняе слова.

Праўда, кожны можа пачуць у прамовах Бепе тое, што хоча. Некаторым падабаецца, як Грыла на сваіх мітынгах, якія больш нагадваюць эстрадныя выступы актораў размоўнага жанру, высмейвае Берлусконі і яго клан. Іншым — тое, як сатырык атакуе еўрапейскіх тэхнакратаў і сістэму адзінай еўрапейскай валюты. А магчыма, камусьці будуць даспадобы словы, якія Бепе сказаў пасля апошніх выбараў: «Уся ваша палітыка ў мяне ў дупе».

Цяпер усе чакаюць, чым закончацца выбары ў парламент, прызначаныя на вясну 2013 года. Між тым, калегі Бепе па сатырычнаму цэху ўжо зараз жартуюць, што краіна імкліва рушыць ад «Бунга-бунга» (так празвалі Берлусконі за яго скандалы з удзелам чарнаскурых прастытутак, якіх у Італіі называюць «бунга-бунга»), да мадэлі «Бепе-Бепе».

 

Каментаваць