Косава — цяжкі шлях да незалежнасці

У наш час развітых камунікацый няцяжка атрымаць і сабраць самую разнастайную інфармацыю пра падзеі ў любым рэгіёне свету. І скласці сваё пра іх уяўленне, прычым дастаткова ўсебаковае. Але такім уяўленням не стае адчування эмацыйнага нерву падзей. У гэтым я пераканаўся, калі мне пашчасціла патрапіць гэтай восенню ў склад міжнароднай місіі назірання за выбарамі ў Рэспубліку Косава. Краіну, што з’явілася на мапе свету ў 2008 годзе ў выніку рэалізацыі плана Ахтысаары.



У наш час развітых камунікацый няцяжка атрымаць і сабраць самую разнастайную інфармацыю пра падзеі ў любым рэгіёне свету. І скласці сваё пра іх уяўленне, прычым дастаткова ўсебаковае. Але такім уяўленням не стае адчування эмацыйнага нерву падзей. У гэтым я пераканаўся, калі мне пашчасціла патрапіць гэтай восенню ў склад міжнароднай місіі назірання за выбарамі ў Рэспубліку Косава. Краіну, што з’явілася на мапе свету ў 2008 годзе ў выніку рэалізацыі плана Ахтысаары.

У Прышціне па прыездзе нам паведамілі, што ў новаўтворанай краіне шэраг міжнародных арганізацый і місій ажыццяўляюць дапамогу ва ўмацаванні і развіцці структур улады, але ENEMO сярод іх — адзіная міжнародная місія па маніторынгу і назіранні за выбарамі. Прадстаўнікі Міжнароднага грамадзянскага офісу — Адмысловага прадстаўніцтва Еўрасаюза (ICO — EUSR) азнаёмілі нас з сітуацыяй у Косава, што склалася на працягу першага года пасля абвешчання незалежнасці, і прадставілі нам адказнага за нашу бяспеку афіцэра.

 «Калі што — паведамляйце, прымем меры, па традыцыі тут «ствол у кожнай хаце», — сказаў ён.

— Не бачылі мы ніякай зброі, — запярэчылі мы.

— На заднім падворку хаваюць… Бывае, усплыве дзе-нідзе, галоўнае — не апынуцца ў благім месцы ў неадпаведны час. Бывае, заб’юць каго, гранату на дыскатэцы кінуць…

— Вы да нас прыедзеце, калі што?

— Не. Паведамім каму трэба. Абы-дзе не бадзяцца, абы-чаго не чапаць, за надпіс «міннае поле» — не заходзіць.

На развітанне нам далі картку з нумарамі экстраных выклікаў.

Горад у гарах

Месцам наглядання за выбарамі прызначылі нам горад Прызрэн, што знаходзіцца ў гарах побач з межамі Албаніі і Македоніі.

Праз горад бяжыць невялікая горная рачулка, якая пераўтвараецца ў магутную і бурлівую плынь пасля дажджу. Над горадам узвышаецца старажытная асманская фартэцыя. Вакол маляўнічыя горы, скалы, бездані, каньёны. Горад часамі губляецца ў аблоках, але часцей тут, здаецца, можна дакрануцца да блакітнага неба, павітацца з сонцам, а ўначы заблукаць сярод зорак.

У самім горадзе 27 мячэцей, адзін касцёл, праваслаўныя цэрквы амаль усе папаленыя ці разбураныя. На адной з іх пад аховай вайсковай паліцыі нямецкіх міратворчых сілаў (KFOR) замацавалі звон. Па афіцыйных звестках, у вобласці засталося 160 сербаў, у самім Прызрэні — дзве састарэлыя сям’і.

Прызрэн


Людзі тут размаўляюць на некалькіх мовах (албанскай, турэцкай, сербскай) і цудоўна разумеюць адзін аднаго. Выключна ветлівыя, прыязныя і працавітыя. Шмат хто апранаецца ў традыцыйную нацыянальную вопратку.

Адразу па прыездзе ў Прызрэн мы скантактаваліся з нашым сек’юрыці і з яго дапамогай вызначыліся, з кім у гэтай вобласці нам давядзецца ўзаемадзейнічаць. Сустрэліся з прадстаўнікамі Еўрапейскага корпуса суддзяў (EULEX), якія дапамагаюць мясцовым уладам у функцыянаванні паліцыі, судовай і мытнай сістэмаў.

Кіроўца, якога мы нанялі, акрамя трох ужо згаданых моваў, ведаў яшчэ цыганскую і… рускі мат, які ён засвоіў пару год таму ад нейкага Івана — расійскага міратворца. Свае адносіны да іншых удзельнікаў дарожнага руху наш кіроўца выказваў эмацыйна: «Каззззёл!» На працягу месяца я намагаўся паўплываць на яго і замяніць мярзотнае «пі…» на мілагучнае беларускае «Гамон!» Урэшце той перайшоў на англійскую мову.

Зброя

У нашых вандроўках нам часта трапляліся на вочы знакі пра забарону ўваходзіць са зброяй — дзе з пісталетамі, дзе з аўтаматамі.

Адзін нямецкі палкоўнік распавёў падчас нефармальнай гутаркі, што ў насельніцтва шмат баявой зброі, што яны пастаянна фіксуюць выпадкі палявання з выкарыстаннем баявой зброі, але затрымаць нікога не ўдаецца. Выказаў шкадаванне, што пасля хваляванняў у 2004 годзе здача зброі праводзілася на добраахвотнай аснове. У выніку насельніцтва старыя паляўнічыя стрэльбы здавала і набывала сучасныя вінтоўкі і аўтаматы.

«Зброі шмат, толькі мы яе не бачым», — падсумаваў палкоўнік.

Каб трымаць сітуацыю пад наглядам, тэрыторыя пастаянна кантралюецца ўзброенымі вайсковымі патрулямі і на машынах, і пехам. Больш таго, каб ведаць настроі насельніцтва, створана спецыяльная адзінка, асабовы склад якой апрануты ў цывільнае, жыве сярод насельніцтва ў звычайных кватэрах, сябруе з мясцовымі.

Пра сваё вайсковае жыццё палкоўнік распавёў, што служба арганізавана па схеме — паўгода тут, потым на 2 тыдні адпачынак, каб пабачыцца з сям’ёй. Страты сярод асабовага складу і вайсковай тэхнікі ёсць, але ў асноўным па віне маладых кіроўцаў на вузкіх горных дарогах.

Чыя радзіма Косава?

Касавары-албанцы сцвярджаюць, што яны паходзяць ад ілірыйцаў, якія калісьці першымі засялілі Косава, а таму гэта іх Радзіма. Сербы ж лічаць, што калі паміж кааліцыйнымі войскамі сербаў і войскамі Атаманскай імперыі на Косаўскім полі ў 1389 годзе адбылася бітва, дык гэта спрадвечна сербскія землі.

Аргументаў у агонь канфліктаў 1999 і 2004 гадоў хапала ў абодвух бакоў. У выніку сербскае насельніцтва было выцеснена з Косава ў сумежныя мясціны. Некаторыя мясцовыя наракаюць: «У нас так многа міратворцаў… Дзе яны былі падчас беспарадкаў? Напэўна, гэта было камусьці наверсе карысна!»

Сёння разбураныя кварталы і паселішчы пад аховай міратворцаў і паліцыі. Сербы-уладальнікі, якія мусілі пакінуць сваю нерухомасць, могуць яе прадаваць. Здараецца, у пакінутыя дамы самазахопам засяляюцца мясцовыя, што часам прыводзіць да крымінальных разборак. Тут людзі не надта любяць звяртацца ў суд ці ў паліцыю, часам высвятляюць адносіны з дапамогай зброі.

Папаленыя сербскія кварталы


Вайна 1999 года катком пракаціла па людскіх лёсах. Так, баснійка Хашыма жыве ў горнай вёсцы Глабачыца, яе муж — у Босніі, дзеці — у Бялградзе. А яна адна мусіць пільнаваць майно і цярпець пагрозы. У прыватнасці, ад «Паралельнай структуры» за тое, што прымае ўдзел у выбарах у незалежным Косава. Сербы ўтварылі паралельныя органы ўлады і заклікалі сербскае і баснійскае насельніцтва да байкоту выбараў у «самаабвешчанай» рэспубліцы.

Нянавісць яшчэ не астыла. Калі едзеш, па абодва бакі дарогі — пахаванні, пахаванні, пахаванні… Не краіна — могілкі. Ад аповедаў пра перажытае, ад абвінавачванняў — боль і скруха: калі ж гэта забудзецца, калі ж астыне.

Хамід Адэмай, старшыня арганізацыі, якая аб’яноўвае 152 сям’і ахвяр вайны, успамінаючы мінулае, не можа стрымаць слёз, нечакана перакідваецца на іншую тэму, смяецца, а слёзы застаюцца.

У муніцыпалітэце Рахавец, куды мы заехалі, сербы падчас вайны кудысь павялі некалькі сотняў хлопцаў, старэйшых за 12 год. Што з імі здарылася, ніхто не ведае да сённяшняга дня. Там жа ў вёсках Малая і Вялікая Круша сербы пазабівалі ўсіх мужыкоў. Пасля вайны міжнародныя арганізацыі мусілі навучаць жанчын і падлеткаў, што ацалелі, карыстацца трактарамі і іншай тэхнікай, каб тыя маглі займацца гаспадаркай і выжываць.

У Сухарэцы сербы загналі сям’ю ў кавярню і закідалі гранатамі. Загінула 63 чалавекі — уся сям’я разам з дзецьмі. У Драгашы Хаджы Берыша распавёў, як сербы катавалі ягонага сваяка: калі цела таго знайшлі — ніводнай цэлай косткі.

У нашага сек’юрыці ў доме падчас вайны жыло 23 чалавекі, сем’і сваякоў і суседзяў, у якіх сербы забралі хаты на патрэбы войска. Яго самога хавалі на даху, бо сербы забівалі любога, хто ім не падабаўся, забівалі і дзяцей, і старых, маглі за мусульманскае імя, за албанскую мову ці проста за нацыянальны капялюш забіць. Як тлумачылася: «Па падазрэнні да прыналежнасці да УЧК» (Вызвольнага войска). Мужчынскае насельніцтва ратавалася ад смерці — сыходзіла з паселішчаў са зброяй у горы. Там з часам аб’ядноўваліся ў партызанскія аддзелы і атрады самаабароны. Пад канец вайны паміж імі склалася адмысловая сістэма каардынацыі дзеянняў. Гэта і называлася Вызвольным войскам.

Сябра парламенту Зафір Берыша распавёў: «Калі ўсё пачалося, я вярнуўся ў Косава з Германіі, дзе працаваў і быў знаёмы з сынам Гельмута Коля. Я вярнуўся, каб змагацца за Радзіму, за народ. 44 маіх сябра загінулі. Я — адзін з тых, хто падпісаў дамову аб незалежнасці Косава».

Калі мы запыталі нашага сек’юрыці, ці былі ў яго сябры-сербы, ён адказаў:

— Так. Раслі разам…

Калі запыталі, ці засталіся яны ягонымі сябрамі, ён адказаў:

— Кантакты даўно страчаныя.

— А калі б аднавіліся? Былі б сябрамі?

— Не!!! Але я да іх нічога не маю.

Наш кіроўца Нолі, які таксама не любіць узгадваць пра вайну, вымавіў толькі: «Паселішча знішчана не тады, калі там дамоў не засталося, а тады, калі яго адбудаваць няма каму, калі ўсіх пазабівалі. Пакуль хоць адзін з сям’і застаўся — усё будзе адбудавана».

Пазней у Джакова мы наведалі недзяржаўную грамадскую арганізацыю «Голас Маці», якая аб’ядноўвае сем’і ўдоў і сваякоў загінуўшых і прапаўшых без вестак. Пасля вайны прайшло амаль дзесяць год, некаторых загінуўшых знаходзяць і пераносяць пахаванні на іх радзіму бліжэй да сваякоў, але па-ранейшаму лёс 1800 прапаўшых без вестак касавараў невядомы. Родныя і блізкія спадзяюцца на цуд.

Падчас гэтых горкіх апавядаў не раз лавіў сябе на думцы: а колькі падобных жа гісторый могуць распавесці выцесненыя з Косава сербы. Даўно вядома, што самыя жорсткія войны — грамадзянскія. Асабліва з адбіткам міжнацыянальнай ці рэлігійнай нецярпімасці.

Ціхае Косава

Да нас — беларуса і ўкраінкі — мясцовыя людзі ставіліся насцярожана, атаясамліваючы з рускімі. Пра Беларусь амаль нічога не ведаюць, але ведаюць, што Лукашэнка прылятаў у Бялград і выказваў салідарнасць са «шматпакутным» сербскім народам. Калі з табой вітаюцца: «Здравствуй! Говоришь по-русски?» — хутчэй для таго, каб высветліць, «свой» ці не. Адзін чэх перакінуўся парай слоў з мясцовым у Джакова — здалі ў паліцыю як сербскага шпіёна.

Грамадская арганізацыя «Голас Маці» імкнецца наладзіць абмен прадстаўнікамі беларускіх і косаўскіх НДА з мэтай больш блізкага знаёмства з культурай і гісторыяй нашых народаў, разбурэння адмоўных стэрэатыпаў пра нашы краіны.

Узаемаадносіны паміж этнічнымі супольнасцямі складаныя. Праяў агрэсіі не назіраецца, але напружанасць адчуваецца. Найбольш спакойна на кропках міратворчых войскаў, умацаваных мяхамі з пяском і калючым дротам. Безліч вайсковых патрулёў KFOR, разнастайнай вайсковай тэхнікі і цяжкавікоў з вайскоўцамі калясіць па вуліцах і дарогах Косава. Месцы правядзення масавых мерапрыемстваў падлягаюць узмоцненай ахове.

Першы тур выбараў 2009 года ў Косава прайшоў спакойна, палітычныя апаненты актыўна выкарыстоўвалі сродкі масавай інфармацыі, пераважна тэлебачанне і радыё, друкаваліся ў газетах (праўда, іх агульны тыраж па краіне —усяго 30000 асобнікаў), правялі шмат сустрэч з насельніцтвам.

Партыяў тут шмат, больш за дзесятак, асноўныя — ЛДК (Дэмакратычная ліга Косава), ПДК (Дэмакратычная партыя Косава), ААК (Альянс за будучыню Косава), АКР (Новы альянс Косава), ЛДД (Дэмакратычная ліга Дарданіі) і ОРА (Партыя рэфармацыі «Час»). Вялікай розніцы паміж імі няма, усе яны паўсталі пасля раззбраення партызанскіх аддзелаў УЧК, а таму з большага прывязаны да тэрыторыяў, на якіх дзейнічалі аб’яднанні партызанскіх атрадаў. Былыя камандзіры сталіся дэпутатамі, а падначаленыя і іх сем’і — выбаршчыкамі. Тэма супольнай баявой мінуўшчыны пастаянна закранаецца падчас сустрэч з насельніцтвам як аргумент на карысць кандыдата. Выбіваецца з гэтага шэрагу ОРА, якая аб’ядноўвае інтэлігенцыю, мае цікавую праграму, але не атрымала шырокай падтрымкі насельніцтва.

Экзамен на самастойнасць

Хто б ні прыйшоў да ўлады ў Косава, яму будзе вельмі цяжка. Грамадства ў Косава моцна падзеленае, партыі адлюстроўваюць гэты падзел адпаведна прыналежнасці ці да партызанскіх аб’яднанняў у мінулым, ці пэўнай нацыянальнай (этнічнай) групы — баснійскай, гаранскай, сербскай, цыганскай, турэцкай… Насельніцтва не атаясамлівае сябе як касавараў. Канфрантацыя і супрацьстаянне — адметнасць народаў Косава, што ёсць асноўным чыннікам нестабільнасці ў рэгіёне. Наяўнасць агульнага ворага — сербаў — аб’яднала іх у барацьбе за незалежнасць Косава, заўважу, пад албанскімі сцягамі. Зараз агульнага ворага няма, і на паверхню ўсплылі супярэчнасці інтарэсаў нацыянальных груп унутры краіны.

Самі выбары прайшлі дастаткова спакойна. Здараліся перабоі з электразабеспячэннем — запальвалі свечкі, рабілася зімна — распальвалі «буржуйкі». Няшмат здарылася і рознага кшталту інцыдэнтаў. У Джылане ўзарвалі аўтамабіль старшыні муніцыпальнай выбарчай камісіі. У вёсцы Піранё, бліз Прызрэні, падчас сустрэчы партыі ЛДК з выбаршчыкамі, сябар канкуруючай партыі ПДК адкрыў агонь у паветра з аўтамата «Калашнікава». У Джакова этнічны албанец кінуў выбуховую прыладу: паранена 3 чалавекі, злачынца арыштаваны. Другая прылада, выкрытая міратворцамі, не выбухнула. У тым жа Джакова невядомыя абстралялі муніцыпалітэт, былі пашкоджаныя вокны, ніхто не пацярпеў.

Выбары ў мясцовыя органы ўлады з’яўляюцца своеасаблівым экзаменам на даросласць маладой Рэспублікі Косава, яе здольнасці самастойна распараджацца сваім лёсам. Ці станецца так — адказ дасць час.

Як адзначыў прэм’ер-міністр Косава Хашым Тачы: «Усе памятаюць, дзе мы былі 10 гадоў таму, але зараз мы мабілізаваліся, каб адбудаваць усё, барацьба працягваецца. З Вамі мы будзем у саюзе Еўрапейскіх краін!»

Уладзімір Вялічкін, праваабаронца, Брэст


-----------------------------------------------------------------------------------------

Даведка

У 1999 годзе Савет Бяспекі ААН узяў тэрыторыю Косава пад свой кантроль і размясціў там міратворчыя сілы NАТА. Структура кіраўніцтва ААН была сфарміравана ў адпаведнасці з чатырма вызначанымі ўзроўнямі адказнасці: ахова правапарадку і суд, грамадзянскае кіраванне, пабудова ўстаноў, эканамічная перабудова.

У 2001 годзе кіраўніцтва ААН правяло канстытуцыйныя змены, якія вызначылі правілы для часовых органаў самакіравання, Асамблеі, ураду і судовай сістэмы Косава.

У 2004 годзе адбыліся масавыя выступленні супраць Кіравання ААН і сербаў, што прымусіла бакі распачаць перамовы адносна канчатковага статусу Косава.

Прапанова па вызначэнні статусу Косава, вядомая як план Ахтысаары, акрэсліла пералік правоў, якія павінны быць нададзены розным мяншынствам Косава, а таксама дазваляла фарміраванне незалежных структур бяспекі, такіх як паліцыі, войска і службы бяспекі.

Сербія не прыняла гэты план ,і перамовы зайшлі ў тупік. Не зважаючы на гэта, 17 лютага 2008 года парламент Косава абвясціў у аднабаковым парадку незалежнасць Косава ў выкананне плану Ахтысаары.

Са 192 краін — удзельніц ААН, 62 краіны прызналі незалежнасць Косава. Беларусі сярод іх няма.

Каментаваць