Крах адной рэспублікі

У ноч на 1 студзеня 2012 года пад бой навагодніх курантаў Венгерская Рэспубліка ператворыцца ў проста Венгрыю. Усё з-за прынятай у красавіку новай рэдакцыі канстытуцыі.

Акрамя таго, што венгры далі свету кубік Рубіка і салямі, яны паставілі незвычайны рэкорд: больш за 60 гадоў (1949–2011) гэты народ фармальна жыў па сталінскай канстытуцыі. Нават у СССР жылі менш: прынятую ў 1936 годзе сталінскую рэдакцыю канстытуцыі ў 1977-м замянілі брэжнеўскай.



У ноч на 1 студзеня 2012 года пад бой навагодніх курантаў Венгерская Рэспубліка ператворыцца ў проста Венгрыю. Усё з-за прынятай у красавіку новай рэдакцыі канстытуцыі.

Акрамя таго, што венгры далі свету кубік Рубіка і салямі, яны паставілі незвычайны рэкорд: больш за 60 гадоў (1949–2011) гэты народ фармальна жыў па сталінскай канстытуцыі. Нават у СССР жылі менш: прынятую ў 1936 годзе сталінскую рэдакцыю канстытуцыі ў 1977-м замянілі брэжнеўскай.

Хаця, калі глядзець на гісторыю венгерскага права, магчыма, гэта і лагічна. Нават пісанага грамадзянскага права тут не было. Усё трымалася на так званым звычаёвым праве. Што тычыцца канстытуцыі, то першыя крокі былі зробленыя падчас рэвалюцыі 1848 года, калі рэвалюцыйны ўрад выдаў шэраг дэкрэтаў.

Статут 1867-га пра падзел Габсбургскай манархіі на Аўстрыю і Венгрыю заклаў асноўныя прынцыпы венгерскай аўтаноміі і самакіравання. А першую венгерскую канстытуцыю прыдумалі камуністы пасля паўстання 1919 года. Імі была прынята канстытуцыя Венгерскай Рэспублікі Саветаў. Яна, праўда, дзейнічала толькі два месяцы — менавіта столькі існавала рэспубліка.

Новы рэжым адмірала Хорці правіў без усякіх асноўных законаў. Іх замянялі Статуты. Так венгры дажылі да 1946 года, калі на руінах дзяржавы Хорці была прынятая Малая або Пераходная канстытуцыя, якая абвяшчала канец манархіі і перадавала ўсю ўладу ў рукі парламенту, які мусіў прыняць поўны варыянт канстытуцыі.

Першыя два абраныя пасля вайны парламенты, у якіх мелі перавагу дэмакраты, зрабіць гэта не паспелі. Затое рукі да канстытуцыі дайшлі ў дэпутатаў трэцяга парламента, у якім дамінавалі дэпутаты прамаскоўскай Венгерскай партыі працоўных. Так была прынята згаданая вышэй канстытуцыя, тэкст якой, па вялікім рахунку, папросту перапісалі з савецкай канстытуцыі 1936 года.

Пасля падзення камунізму ў 1989 годзе былі заклікі напісаць новы асноўны закон, аднак апазіцыя і ўлада палічылі, што неабходны на пераходным этапе грамадзянскі кампраміс трэба будаваць на аснове закону 1949-га. З яго папросту прыбралі ўсе архаізмы савецкіх часоў і замянілі новымі пунктамі.

У 1990-я гады працэс аптымізацыі асноўнага закона працягваўся. Так, папраўка 1997 года дазволіла Венгрыі атрымаць сяброўства ў ЕС. У тым жа годзе было прынята рашэнне пра стварэнне новай канстытуцыі.

Да практыкі, аднак, справа дайшла толькі ў 2010 годзе, калі па ініцыятыве правацэнтрысцкай партыі “Фідэш (Fidesz), якая па выніках выбараў атрымала абсалютную большасць у парламенце, была створана спецыяльная камісія.

З самага пачатку ідэя стварэння новай канстытуцыі выклікала пратэсты з боку левай апазіцыі. Сацыялісты і Зялёныя заявілі пра байкот працы камісіі. Аднак праца над канстытуцый працягвалася, і ўвесну яна была вынесена на разгляд публікі і парламенту. За кошт таго, што “Фідэш кантралюе парламент, разгляд праекту не зацягнуўся. 18 красавіка праект канстытуцыі зацвердзілі ў парламенце, а 25-га — ён быў падпісаны прэзідэнтам Палам Шмітам. Гэта значыць, што з 1 студзеня 2012 года Венгрыя стане жыць па новым асноўным законе.

Паводле афіцыйнай рыторыкі, прыняцце новага асноўнага закона стала “разрывам з камуністычным мінулым і “заканчэннем пераходу да сапраўднай дэмакратыі.

Аднак ёсць іншы погляд. Намеры “Фідэш прыняць канстытуцыю з самага пачатку не ўзрадавалі праваабаронцаў і Брусэль. Партыя Віктара Орбана (лідар “Фідэш) мае падмочаную рэпутацыю, калі гаворка ідзе пра грамадзянскія правы. Дастаткова згадаць пра гучны скандал вакол прапанаванага “Фідэш праекту закона аб СМІ, які надаваў права ўраду праз адпаведны орган кантраляваць рэдакцыйную палітыку выданняў. З канстытуцыяй атрымалася тое ж самае. Яе прыймалі пад раскаты дыпламатычнай вайны з Брусэлем і праваабаронцамі з розных арганізацый, кшталту “Amnesty International. Далучылася і ААН. Генеральны сакратар ААН выказаў занепакоенасць тым, што новы асноўны закон можа супярэчыць агульнапрынятым стандартам дэмакратыі.

Што канкрэтна не падабаецца крытыкам новай венгерскай канстытуцыі?

Сам дакумент — тэкст на 36 старонак, які складаецца з 53 артыкулаў і вялікай прэамбулы. Менавіта змест прэамбулы выклікаў каскад заўваг. На думку апанентаў, тут занадта шмат згадваецца пра бога, хрысціянства, сямейную мараль, гістарычнае права венграў на карпацкі басейн і г.д. Такая канстытуцыя, на думку шмат каго, хутчэй сугучная законам даўно зніклай каталіцкай Аўстра-Венгерскай імперыі, чым нормам большасці краін Еўрасаюза.

Феміністкі ўхапіліся за артыкул, які патрабуе ад дзяржавы абараняць жыццё. Фішка ў тым, што жыццё, па канстытуцыі, пачынаецца пасля акту зачацця. Фактычна гэты артыкул канстытуцыі ўводзіць забарону на аборты. Не падабаецца аматарам гендэрных свабодаў і тое, што шлюб пазначаны ў канстытуцыі як саюз мужчыны і жанчыны. Такім чынам, як лічаць крытыкі дакумента, узнікае глеба для дыскрымінацыі сэксуальных меншасцяў.

Занадта нацыяналістычнай лічаць і назву краіны. Справа ў тым, што менавіта так краіна звалася ў перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі, калі яна разлічвала вярнуць аднятыя пасля распаду Аўстра-Венгрыі землі, населеныя этнічнымі мадзьярамі. Цяпер каля траціны ўсіх венграў жывуць за межамі краіны: у Румыніі, Славакіі, Сербіі, Украіне. Урады згаданых дзяржаў разглядаюць рост рэваншысцкіх настрояў у Будапешце як пагрозу цэласнасці сваіх тэрыторый.

Змяняюцца на карысць правых і механізмы заканатворчасці. З гэтага часу прыняцце законаў, якія рэгламентуюць дзейнасць Цэнтрабанка, а таксама пенсійнай і падатковай сістэм, павінны прымацца кваліфікаванай большасцю ў дзве трэці галасоў. Улічваючы, што дагэтуль левыя ніколі столькі мандатаў не мелі, і наўрад ці атрымаюць, гэта норма, па сутнасці, накіравана на кансервацыю рэформаў, які праводзіць зараз кабінет Орбана.

Юрысты кажуць, што новая канстытуцыя парушае баланс галінаў улады. Паводле канстытуцыі, у Венгрыі з’явіцца новы дзяржаўны орган, які будзе сачыць за дзейнасцю правасуддзя.

Фактычна блакуецца далейшая эканамічная і фінансавая інтэграцыя Венгрыі ў ЕС. У адпаведнасці з новымі правіламі, для ўступлення краіны ў еўразону патрэбна дзве трэці галасоў парламента. Гэта норма ўжо выклікала трывогу сярод бізнэсменаў.

Супярэчлівая канстытуцыя, рэалізацыя якой на практыцы яўна пагражае ростам грамадскіх канфліктаў, можа адыграць і станоўчую ролю. Яна з’яўляецца жывой ілюстрацыяй таго, што можа прынесці еўрапейцам правы папулізм, якія зараз набірае абароты.

Напрыканцы ў якасці кур’ёзу можна згадаць пункт, які не прайшоў у канчатковы варыянт. Прапанавалася, каб бацькі мелі права галасаваць не толькі за сябе, але і за сваіх непаўналетніх дзяцей, аднак тут супраць былі нацыяналісты, якія нагадалі, што сярод шматдзетных сем’яў шмат цыганскіх. У такім выпадку ў партый, якія абараняюць правы цыганскай меншасці, магла б вырасці палітычная вага.

Каментаваць