Краіна ўзыходзячага рэвізіянізму

Падаецца, што 70-я гадавіна перамогі найбольш супярэчліва ўспрынятая ў Японіі, дзе заклікі да рэвізіі Другой сусветнай вайны агучваюцца на самым высокім афіцыйным узроўні. 



Апошні скандал на гэтую тэму выбухнуў літаральна на мінулым тыдні, калі прэм’ер Сіндзо Абэ публічна ігнараваў заклік віцэ-старшыні сваёй ліберальна-дэмакратычнай партыі — прызнаць злачынствы Японіі ў часы вайны. Дэмарш прэм’ера адразу выклікаў пратэсты ў Карэі, Кітаі і ЗША, аднак віноўнік скандалу ўпарта трымаецца сваёй лініі. Ён сцвярджае, што маральная траўма ад Другой сусветнай вайны перашкаджае яго суайчыннікам мабілізавацца перад выклікамі цяперашняга крызісу.

У адным з інтэрв’ю Сіндзо Абэ прызнаўся, што стаміўся ад неабходнасці прасіць прабачэння падчас візітаў у замежныя краіны за ролю яго краіны ў Другой сусветнай вайне. «Падобнае стаўленне на працягу 70 гадоў прывяло да страты японцамі гонару, сёння яны сталі няздольныя да самасцвярджэння, праяўляюць пасіўнасць перад тварам рэформаў», — кажа чыноўнік. Краіна, на думку Абэ, зноў павінна стаць вялікай і моцнай. Што тычыцца адказнасці за вайну, то Японія, на яго думку, ужо спазнала маральныя комплексы за былыя злачынствы.

Як жа, паводле японскіх рэвізіяністаў (рух якіх паўстаў у 1950–1960-я гады і ўяўляе цэлы блок грамадскіх ініцыятыў, выдавецтваў і інстытутаў) патрэбна глядзець на Другую сусветную вайну? Перш за ўсё, ніякай агрэсіі Японіі ў кантынентальную Азію ў 1930–1940 гады мінулага стагоддзя, на іх думку, не было. Мела месца нешта накшталт гуманітарнай дапамогі братам па расе, якія, маўляў, пакутавалі ад палітычнага хаосу (Кітай) або ад культурнай асіміляцыі з боку каланізатараў з Захаду (брытанскія, галандскія, амерыканскія калоніі).

Засяроджваецца ўвага на тым, што на акупаваных тэрыторыях фармальна дзейнічала не японская адміністрацыя, а мясцовыя ўрады. Сапраўды, падчас вайны японцы стварылі цэлы гербарый марыянетачных дзяржаў (Філіпіны, Індыя, Манджурыя, Унутраная Манголія і г.д.), якія ўключылі ў нейкі аналаг садружнасці — Вялікая ўсходнеазіяцкая сфера сумеснага квітнення. Адсюль паходзіць тэзіс пра тое, што шматлікія краіны рэгіёну з часам атрымалі незалежнасць выключна таму, што японцы стварылі прэцэдэнт, які пасля вайны ігнараваць было немагчыма.

Таксама адмаўляюцца факты гвалту, што здзяйснялі японскія жаўнеры, накшталт сумна вядомай разні ў Нанкіне. Калі тую масакру і ўзгадваюць, то як вынік узаемнай вайсковай канфрантацыі, ахвярамі якой выпадкова аказалася цывільнае насельніцтва.

Наступная важная тэма — абвінавачанне на адрас Японіі ў арганізацыі сістэмы сексуальнага рабства. Падчас вайны, перш за ўсё ў Кітаі і Карэі, кабет прымусова рэкрутавалі працаваць у публічным дамах, т.зв. «станцыях суцяшэння», які існавалі пры гарнізонах. Па розных падліках, праз «станцыі суцяшэння» прайшло ад 50 да 300 тысяч маладых жанчын, многія з якіх былі маладзей за 18 гадоў. Да канца вайны дажыла чацвёртая частка з іх, паколькі ўмовы існавання былі жудасныя; яны абслугоўвалі па 20–30 салдат у дзень. Яшчэ ў 2007 годзе японскі прэм’ер заявіў, што т.зв. «кабеты для камфорту» — так афіцыйна называлі тых кабет — выдумка, сфабрыкаваная ворагамі Японіі.

Увогуле, калі верыць японскім нацыяналістам, стаўленне тубыльцаў да акупантаў было дастаткова лаяльным і змянілася на негатыўнае толькі пасля фатальнай памылкі, калі ўлады пачалі навязваць вывучэнне японскай мовы ў школах і практыкаваць сінтаізм як рэлігію. Гэтым скарысталіся праціўнікі Японіі, якія аператыўна наладзілі партызанку.

Асобнае пытанне ў працах рэвізіяністаў: хто — Японія або Штаты — развязаў вайну ў Ціхім акіяне? Рэвізіяністы лічаць, што Рузвельт свядома правакаваў Японію, не пакінуўшы той іншага выйсця акрамя вайны. Згодна з гэтай тэорыяй, Японія выглядае нейкай аморфнай масай, якая нічога не рабіла і проста рэагавала на выпады ЗША.

 Больш таго, каб атрымаць алібі на вайну з Японіяй у амерыканскім грамадстве, Белы дом справакаваў японцаў атакаваць базу ў Перл-Харбар. Аргументацыя тут такая. За месяц да нападу амерыканцы перахапілі тайную тэлеграму японскім пасольствам, у якой іх інструктавалі, што рабіць у вырадку пачатку вайны. Напярэдадні нападу на Перл-Харбар, час якога ў Вашынгтоне цудоўна ведалі, маракам і жаўнерам на базе, быццам, спецыяльна далі выходныя, каб ахвяры атакі былі проста катастрафічнымі і мабілізавалі Амерыку.

Натуральна, калі паглядзець на храналагічны парадак падзей, такі погляд не вытрымлівае ніякай крытыкі. Менавіта Токіа ўвесь час стаяла за эскалацыяй вайсковых дзеянняў. Па ходу гэтага непазбежнасць вайны паміж ЗША і Японіяй станавілася зразумелая ўжо шмат каму, Рузвельту ва ўсякім выпадку дакладна. Аднак ЗША да канца 1941 года яшчэ былі не зусім гатовыя да вайны і з усіх сіл спрабавалі адцягнуць яе пачатак з дапамогай дыпламатычных крокаў.

Чым пагражае індактрынацыя японцаў падобнымі рэвізіянісцкімі канцэптамі? Карэйская прэса, якая стала займаецца маніторынгам тэндэнцыі, піша, што «спрэчныя гістарычныя думкі Эбэ ствараюць стратэгічную дылему ў ЗША, паколькі яны перашкаджаюць ініцыятывам Вашынгтона паглыбіць супрацоўніцтва ў галіне бяспекі з рэгіянальнымі саюзнікамі і ўсталяваць стабільныя адносіны з Пекінам. ЗША і Японія падзяляюць тыя ж самыя мэты — трымаць на кантролі Кітай і стрымліваць непрадказальную КНДР. Адмова Токіа ад гістарычных дактрынаў патэнцыйна здольная перашкодзіць намаганням у гэтым накірунку. Скарыстаўшыся ростам непрыязнасці да Японіі ў Карэі, Кітай будзе імкнуцца да ўмацавання сувязяў з Сеулам, што стане моцным ударам па пазіцыях Вашынгтона».

Думаецца, бліжэй да жніўня, калі будзе адзначацца юбілей капітуляцыі Японіі, па ўзроўню актыўнасці рэвізіяністаў можна будзе замерыць узровень іх уплыву на грамадства. Між тым, эксперты ўжо баяцца, што патрыятычны бум, які выбухне ў жніўні, можа стварыць адпаведную грамадскую атмасферу, здольную паўплываць на ход і вынікі парламенцкіх выбараў у наступным годзе.

Каментаваць