Краснадон: Шахцёраў схіляюць да сепаратызму

Краснадон, шахцёрскі горад у Луганскай вобласці з насельніцтвам каля 45 тысяч чалавек, можа стаць новай гарачай кропкай на мапе Украіны. Ужо колькі дзён тут працягваецца страйк шахцёраў, сярод якіх вядуць працу луганскія агітатары. Гэтыя дабрадзеі падвозяць шахцёрам гарэлку і георгіеўскія стужкі.



Я прыехаў сюды ў пятніцу, 25 красавіка, каб даведацца аб прычынах страйку і магчымага развіцця далейшых падзеяў. Галоўнае пытанне, якое мусіць непакоіць не мяне аднаго, палягае ў тым, ці не будуць шахтары ўцягнутыя ў сепаратысцкі рух. 

 
За тры гадзіны, што я прысутнічаў на мітынгу на плошчы Маладой Гвардыі, у якім бралі ўдзел ад двух да чатырох тысяч чалавек, не прагучала ніводнага палітычнага лозунгу. Наадварот, прадстаўнікі страйкавага камітэту ўсяляк падкрэслівалі недапушчальнасць палітызацыі рабочага пратэсту, у першую чаргу маючы на ўвазе прарасійскія (ці антыўкраінскія) настроі. 
 
Трэба сказаць, рабочыя цалкам падтрымлівалі такі падыход. І таму супрацьдзейнічалі журналісцкай працы. Я сюды прыехаў з італьянскім і французскім калегамі. Калі італьянскі фатограф Козіма Атанасіё спрабаваў ускараскацца на манумент «Клятва», шахцёры вакол загулі: «Чаго ён туды палез, га? Ён там не напіша, што мы за Расію стаім? Мы не стаім за Расію». Таксама рэзка ўскочылі мужыкі, якія стварылі кола, седзячы на кукішках і лускаючы семкі: «Ведаем мы вас, зробіце фота, а потым скажаце, што мы сепаратысты! Не трэба».  
 
Француз Поль Гого хутка здаўся, сказаўшы, што ён адчувае сябе вельмі няўтульна, бо кожны раз у яго просяць паказаць дакументы, ставяцца насцярожана і падазрона, ён не можа так працаваць.     
 
Логіка ў гэтым супрацьдзеянні была. Не таму, што сядзенне на кукішках з семкамі можа быць успрынятае, як відавочная праява сепаратысцкіх настрояў. СМІ насамрэч падавалі пратэст шахцёраў, як  працяг мітынгаў за федэралізацыю.
 
 
Актыўны ўдзельнік страйку Мікалай патлумачыў, што ўсё сапраўды пачалося з мітынгу за федэралізацыю, ён спрацаваў у якасці каталізатара, але шахцёры не далучыліся да яго, яны яго праглынулі, цалкам змяніўшы павестку дня — на сацыяльна-эканамічныя патрабаванні. «Калі ж шахцёрам дадуць грошай, яны адсюль умомант разыйдуцца, ніхто за незразумела што стаяць не будзе, няма ім чаго рабіць болей», — кажа Мікалай. 
 
 
Малады шахцёр Антон, напрыклад, нічога не чуў аб патрабаваннях, пра якія пісалі СМІ ў першыя дні страйку: дазволіць удзел у прарасійскім мітынгу ў Луганску і выдзеліць аўтобусы для паездак туды. Ён бярэ ўдзел у страйку, бо яго абурае практыка хабараў за прадастаўленне месца, звальненне з працы ў тым выпадку, калі шахцёр сыходзіць на бальнічны больш, чым тры разы на год, неабходнасць даваць справаздачу аб сваёй хваробе людзям, якія не маюць ніякага дачынення да медыцыны, непразрыстая і далёка не заўсёды справядлівая сістэма ацэнкі персаналу і г.д. Галоўнае ж — нізкі заробак: малады шахцёр часцяком атрымлівае ўсяго тры тысячы грыўняў. Улічваючы цяжкасць і шкоднасць працы, здзек, а не грошы. Не кажучы ўжо пра дадатковы персанал — у іх заробкі часам не дасягаюць нават тысячы грыўняў. 
 
 
Цалкам відавочна, што пратэст засяроджаны на вырашэнні сацыяльна-эканамічных праблем. Чаму ён узнік менавіта цяпер? Былы шахцёр, стары чалавек, сказаў, што апошні страйк на яго памяці быў тут ажно ў 1998 годзе! Ды проста дайшла нарэшце і сюды, пад самую мяжу з Расіяй, пратэстная хваля. Бачна па тварах, часцей задаволеных, чым злых, насколькі ганарацца сабой краснадонскія шахцёры, што і яны не рабы.  
 
 
І ўсё б нічога, калі б у іхным натоўпе не працавалі прарасійскія агітатары.  
 
 
А дзесятай ранку, на піке мітынгу, у натоўпе можна было заўважыць хіба лічаныя адзінкі, у каго да вопраткі былі прывязаныя георгіеўскія стужкі. Апоўдні такіх было ўжо пад сотню. З цалкам новенькімі, чысценькімі стужкамі. Зрэшты, на пытанне навошта вы яе начапілі, многія адказвалі, што хутка ж 9 мая... 
 
 
Не так лёгка было знайсці раздатчыка. У рэшце рэшт аказалася, што іх раздаваў невысокі чалавек «чэгеварыстага» выгляду — у берэце, чорных акулярах, з барадой. Здаецца, ён быў не адзін — яго можна было пабачыць у атачэнні здаравякоў, якія выглядалі не надта падобнымі да шахцёраў. Пра іх казалі, што гэта «хлопцы з захопленага будынка СБУ ў Луганске».  
 
 
Заўважыў яго не толькі я, ён трапіў на вочы і ахове мітынгу таксама, Я прысутнічаў пры іхнай размове. «Чэгеварыстаму» мужчыне даводзілі, што не трэба баламуціць народ, правакаваць сітуацыю, якая можа ператварыць Краснадон на другі Славянск. Вінавацілі ў тым, што ён ці ягоныя паплечнікі не толькі георгіеўскія стужкі, але і гарэлку завозяць. З п'янствам тут вядуць барацьбу — настойліва папрасілі найбліжэйшыя мясцовыя крамы спыніць продаж спіртнога. 
 
 
Аднак яму не забаранілі катэгарычна з'яўляцца на мітынгу, нават дамовіліся ўрэшце пра нейкую «каардынацыю дзеянняў». На жаль, я не змог даслухаць размову да канца з прычыны яе прыватнасці, таму не ведаю, што будзе азначаць падобная каардынацыя: падпарадкаванне «чэгеварыстага» агітатара і ягонага атачэння шахцёрскай павестцы ці ўсё-ткі наадварот?
 
 
Як паказаў учорашні дзень, страйкавы камітэт слаба кантралюе сітуацыю. Нібыта было прынятае рашэнне адмовіцца ад страйку як такога, бо стыхійны страйк без папярэджання, тым больш з блакаваннем доступу на працу ўсім работнікам,  прадугледжвае крымінальную адказнасць. Але перавесці страйк у фармат акцыі пратэсту не атрымалася — пасля мітынгу дарогі ўсё роўна блакаваліся.    
 
 
Яшчэ дзіўны момант — пры такім уяўным радыкалізме шахцёры не наважваліся крытыкаваць Ахметава, уладальніка шахтаў, якія цяпер страйкуюць. Ён тут, маўляў, ні пры чым, спраўна дае грошы, але грошы раскрадаюцца наёмнымі мэнэджарамі, яны ва ўсім вінаватыя. Гэта можа быць як застарэлым страхам перад «уладаром», гэтак і сведчаннем, што нешта тут нячыста...  

Абмеркаванне:

  • Ягор
  • 2014-04-26 21:07:55
Колькі яшчэ доказаў патрэбна, каб ў Расеі перасталі адказвацца ад факта іх ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Украіны?! Гэтых фактаў - процьма. А ўсё яшчэ спрабуюць пераканаць увесь свет, што яны -
"белыя і пушыстыя"! Дзякуючы журналістам мноства фактаў дадалося да тых, што маюцца ў праваахоўных органах. Трэба іх усі прад'ўляць у ААН і Савеце Эўропы. журналістам, якія рызыкуюць,
але працуюць у такіх складаных умовах - рэспект!

Каментаваць