Крэмль пераносіць выбары

Дзярждума Расійскай Федэрацыі вырашыла перанесці дату наступных парламенцкіх выбараў. Што стаіць за гэтым рашэннем Крамля, журналісту НЧ Алегу Новікаву тлумачыць піцерскі прафсаюзны актывіст Сяргей Красноўскі.



— Дзяржаўная Дума ў першым чытанні прыняла папраўкі ў выбарчы кодэкс, паводле якіх парламенцкія выбары адбудуцца не ў снежні, а ў верасні 2016 года. Якая прычына пераносу даты, і наколькі гэта аргументавана?

— Фармальна, ідэя пераносу дня выбараў належыць Ула­дзіміру Жырыноўскаму, хаця дэбаты вакол змены электаральнага календара мусіраваліся даўно. Так ці інакш, менавіта Жырыноўскі прапанаваў адпаведны законапраект ад імя сваёй фракцыі. Але паглядзіце на вынікі дэпутацкага галасавання. Лічбы выразна паказваюць, што праект прайшоў выключна за кошт фракцыі адзінаросаў, якія галасуюць жорстка па адмашцы з Крамля.

Што тычыцца галоўнага аргументу за перанос, то ён не вытрымлівае ніякай крытыкі. Сцвярджаецца, што гэта дапаможа дэпутатам у спакойнай абстаноўцы прымаць бюджэт 2017 года. Гэта зусім не аргумент, паколькі раней выбары не перашкаджалі спакойнаму прыняццю бюджэту. Тым больш, што ўсе папярэднія «адзі­нароскія» думы галасавалі за бюджэт, прадстаўлены ўрадам, без усялякіх перашкод. І чаму пасля гэтага ў наступным годзе могуць узнікнуць праблемы з разглядам бюджэту? Ні адна душа з лагера лабістаў пераносу даты думскіх выбараў гэты момант патлумачыць не здольная.

— Для чаго ў такім выпадку сапраўды патрэбен перанос?

— Тут спалучэнне цэлага шэрагу фактараў, але я б назваў галоўны, пра які ў нас усё маўчаць. У лістападзе 2016-га ў ЗША пройдуць выбары. Будзе практычна поўная перазагрузка ўлады — пачынаючы ад ніжняй палаты, абнаўлення трэці Сенату плюс выбараў новага прэзідэнта. Цяперашняя крамлёўская адміністрацыя можа тысячу разоў казаць аб праве на суверэнную дэмакратыю, аб бесперспектыўнасці знешніх санкцый, але на самай справе ўсе баяцца пераменаў у Белым доме. Усё ідзе да таго, што новы прэзідэнт будзе больш жорстка настроены ў дачыненні да Пуціна.

— Аднак апазіцыі агітацыйную кампанію значна цяжэй весці позняй восенню, напярэдадні Навагодніх святаў, чым вясной і летам. Чаму ўлетку наступнага года Касьянавым — Навальным не падняць народ на новую балотную плошчу?

— Для апазіцыйных сіл кампанія ва ўмовах летніх адпачынкаў вельмі цяжкая, не кажучы ўжо пра тое, што сацыяльныя супярэчнасці за кошт танных прадуктаў, на гэты час нівеліруюцца. Гэта фіксуе ўся сацыялогія. То бок градус грамадскай незадаволенасці ў наступным верасні абяцае быць як мінімум ніжэй, чым у снежні. У гэтым плане таксама важны вопыт апошніх выбараў мэра 2013-га і муніцыпальных выбараў у верасні 2013-га ў Маскве на фоне наступстваў думскіх выбараў у 2011-м. У снежні 2011-га на чуткі пра фальсіфікацыі грамадства рэагавала прыкметным для ўсёй Расіі масавым так званым «белоленточным» рухам. Вынікі вераснёўскіх выбараў 2013-га і 2014-га, якія таксама былі дзесьці сумнеўныя, ніякіх масавых маніфестацый не выклікалі. Думаю, гэта ў тым ліку акрыліла ініцыятараў пераносу дня галасавання.

— Калі выбарчая кампанія будзе пасіўнай, то як улада забяспечыць патрэбную яўку?

— У Расіі для таго, каб выбары адбыліся, патрэбна яўка ўсяго 25 працэнтаў выбаршчыкаў. А гэтую лічбу адміністратыўна лёгка зрабіць. Прыкормленыя напярэдадні выбараў пенсіянеры, бюджэтнікі, лекары, настаўнікі, — усе па разнарадцы прыйдуць, прагаласуюць, папярэдне зняўшы бюлетэнь на мабільны, каб паказаць фота свайму начальству. Так ці інакш, 25 працэнтаў набяруць. Пры такой невялікай яўцы працэнт, пададзены за партыю ўлады, будзе максімальны.

Але самы галоўны плюс для ўлады ад пераносу ў тым, што большасць апазіцыйных партый не паспеюць зарэгістравацца. Згодна з законам, структуры для вылучэння сваіх кандыдатаў павінны падаць увесь пакет дакументаў за год да дня выбараў. Да пачатку снежня хтосьці, напрыклад Навальны, яшчэ мог паспець. Цяпер дакладна не паспее.

— Прыкладна за год да выбараў у Думу ў Беларусі пройдуць выбары прэзідэнта. Яны могуць мець які-небудзь уплыў на выбары ў Думу?

— Цяжка сказаць, але са­чыць за тэхналогіямі беларускай улады будуць адназначна. Фактар СНД заўсёды гуляў у Расіі пэўную ролю. Найбольш адыёзныя рашэнні спачатку праходзяць сваю абкатку ў сумежных дзяржавах. Так, адкат ад сістэмы партыйных спісаў і адраджэнне практыкі аднамандатных акругаў на выбарах у Думу і рэгіянальныя парламенты ў вайшоў у заканадаўчую норму Расіі пасля таго, як такую формулу апрабавалі на выбарах ва ўкраінскую Вярхоўную Раду ў 2012 годзе. Тады Януковіч забяспечыў сабе за кошт аднамандатнікаў паслухмяную большасць. Тут жа па слядах «трыумфу» Януковіча было вырашана перакроіць расійскае выбарчае заканадаўства. Думаю, не прайшоў бясследна і нядаўні крок Назарбаева, які вясной радыкальна пасунуў дату прэзідэнцкіх выбараў. У любым выпадку, некаторыя заявы расійскіх чыноўнікаў падобныя на лексіку казахскіх калегаў. Маўляў, больш ранняя дата галасавання дазволіць выйграць час для рэформаў.

— Як рэагуе антыпуцінская апазіцыя на апошнія падзеі, і на што яна можа разлічваць зыходзячы з новых рэалій?

— Частка лібералаў рыхтуе запыт у канстытуцыйны суд. Арганізатары падачы спадзяюцца, што гэта паўплывае на вынікі другога чытання. Маўляў, з-за ціску грамадства ўлады як мінімум пагодзяцца на прапанову камуністаў — перанесці выбары на пачатак лістапада. Але наўрад гэта прымусіць Крэмль адыграць назад. Паліттэхналагічныя меркаванні для забеспячэння камфорту расійскай эліты пакуль на першым месцы. Праўда, сітуацыя непрадказальная, і да восені наступнага года ўсё можа змяніцца.

Каментаваць