Крызіс мігрантаў. Наступствы для СНД

Міграцыйны крызіс зменіць выгляд еўрапраекту. Націск мігрантаў на Еўропу паўплывае і на расклады ў нашых палесцінах. Адначасова з Еўропай будуць мяняцца і праеўрапейскія рухі ў краінах СНД. 



Дзяржавы СНД пакуль што засталіся па-за рамкамі другой рэдакцыі вялікага перасялення народаў (колькасць тых жа сірыйскіх нелегальных бежанцаў на тэрыторыі былых савецкіх рэспублік вымяраецца максімум сотнямі). Параўнайце з сотнямі тысяч сірыйцаў, якія зараз штурмуюць балканскую лінію кардону ЕС. Такая калькуляцыя ў прынцыпе лагічная — нават Венгрыю ўцекачы з Блізкага Усходу разглядаюць як транзітны вузел на шляху да заможнай Германіі ці сацыяльна прасунутай Швецыі. Аднак гэта не значыць, што націск мігрантаў на Еўропу не паўплывае на расклады ў нашых палесцінах. Новая мадэль палітычнага дыскурсу і расстаноўкі палітычных сіл унутры краін ЕС — наступства цяперашняга цунамі мігрантаў — відавочна падкарэктуюць нашы погляды на ЕС і яго імідж.

Адно з пытанняў, якое паўстае ў гэтай сувязі: ці еўраінтэграцыя застанецца компасам для значнай часткі грамадстваў у постсавецкіх краінах? Еўрафілія як больш-менш аформлены ідэалагічны напрамак сфармавалася ў краінах СНД яшчэ ў часы перабудовы. Яе вага ў дэбатах падтрымліваецца ў тым ліку наборам фактаў і міфаў, некаторыя з якіх з’яўляюцца патэнцыйнымі мішэнямі наступстваў цяперашняга міграцыйнага крызісу.

Перш за ўсё, гэта старая тэма адмены візаў — мара ўсіх прыхільнікаў ЕС. Па ходу развіцця міграцыйнага крызісу сама шэнгенская зона пачала дыхаць на ладан. У барацьбе з трафікам мігрантаў нацыянальныя МУС вольна або нявольна адбудоўваюць старыя памежныя бар’еры. Адначасова становіцца актуальным пытанне пра больш жорсткі вонкавы кантроль. Найбольш балюча ўспрымаецца такая тэндэнцыя ва Украіне, дзе рэйтынг постмайданаўскага ўраду шмат у чым трымаецца на абяцанках хуткага бязвізавага рэжыму з краінамі ЕС.

Цяжка сказаць, наколькі Украіна сапраўды наблізілася да крытэрыяў, якія дазваляюць адменіць украінцам візы, аднак зараз усе прызнаюць, што давесці справу да паспяховага фіналу будзе вельмі складана. Выданне УНІАН піша: «Няма сур’ёзных перспектыў увядзення бязвізавага рэжыму ў бліжэйшы час. У Еўропы свае праблемы з мігрантамі, яна будзе павышаць стандарты для краін-суседзяў. Міграцыйная палітыка будзе больш жорсткай, і тэзіс пра бязвізавы рэжым можа быць перагледжаны і нівеліраваны».

Важную ролю для падтрымкі праеўрапейскіх настрояў на прасторах Беларусі гуляла сталае намаганне Еўропы ўключыць беларусаў у свой цывілізацыйны код. Адсюль рознага кшталту праграмы, семінары, курсы і г.д. Абсалютна не зразумела, як гэтыя інстытуты будуць функцыянаваць, калі да ўлады ў ЕС дарвуцца антыеўрапейскія і ксенафобскія партыі, глебу для трыумфу якіх стварае міграцыйны крызіс. Прыкладам можа быць цяперашняя Венгрыя. Абапіраючыся на фобіі сярэднестатыстычнага жыхара Венгрыі, нацыяналісты з партыі «YOBBIK» прымушаюць урад звяртацца да ўсё больш радыкальных антыміграцыйных захадаў, замацоўваючы свае пазіцыі і светапогляд на палітычнай сцэне.

Падобная ўстаноўка на нацыянальную самаізаляцыю, фабрыкацыя атмасферы калектыўнага жаху перад чужымі ў перспектыве будзе ўскладняць дыялог з грамадзянскай супольнасцю краін СНД, тармазіць сістэмную падтрымку культурна-адукацыйных праграм на Усходзе.

Нарэшце, ужо зараз у нашай і заходняй прэсе актыўна прасоўваецца тэма «Заняпаду Еўропы». На думку прыхільнікаў гэтага тэзісу, еўрапейская ментальнасць у сярэднетэрміновым часе будзе разбураная цяперашняй масавай мусульманскай інтэрвенцыяй, якая цягне з сабой у Еўропу абсалютна варожыя ёй каштоўнасці. Прапануюцца самыя жудасныя сцэнары заўтрашняга дня. «На насельніцтва Еўропы насоўваецца велізарная колькасць мігрантаў, не гатовых да еўра-амерыканскай цывілізацыі і якія мяркуюць пры гэтым, што іх чакае росквіт без працы. (...) У ЕС выдаюць мільёны новых інструкцый, але што рабіць з мусульманамі, ніхто не ведае. Гэтыя людзі ўсё больш агрэсіўныя, таму што нічога іншага ім не застаецца. Часцяком яны нічога больш і не ўмеюць», — мяркуе чэшскі «Neviditelny pes».

Хаця падобныя тэксты чымсьці нагадваюць пуцінскія агіткі супраць «гейропы», пэўны эфект на грамадскую думку яны маюць. У тым ліку таму, што існуюць сур’ёзныя падставы казаць пра крах еўрапейскай мадэлі інтэграцыі іншаземцаў. Галоўнае, аднак, тут тое, што прамоўтэрамі такіх тэзісаў выступае якраз частка праеўрапейскай, нацыянал-ліберальнай інтэлігенцыі. Нацыянал-лібералы, з аднаго боку, лічаць сябе еўрапейцамі, а з іншага — публічна ставяць крыж на Еўропе, куды, тэарэтычна, ім наадварот трэба ўсімі сіламі імкнуцца.

Апісаныя канцэптуальныя нестасоўкі і параліч некаторых атракцый з боку ЕС і будзе спрыяць перазагрузцы цяперашняга праеўрапейскага руху ў краінах СНД, які доўгі час спрабаваў аб’яднаць нацыяналізм і лібералізм. У прынцыпе, нічога жудаснага ў гэтым няма.

Каментаваць