Крызіс ва Украіне: погляд з правінцыі

Па Украіне пракацілася хваля спробаў штурму будынкаў абласных дзяржадміністрацый. Адной з самых гарачых кропак у вайне за рэгіёны аказаліся Чаркасы. Пра асаблівасці бунту ва ўкраінскай правінцыі Алег Новікаў размаўляе з чаркаскім журналістам Паўлам Пачапцовым.



Штурм адміністрацыі ў Чаркасах


— Чаркасы, на мой суб’ектыўны погляд, — абсалютна мірны і правінцыйны горад. Нагадвае пастараль. І раптам тут адбываецца адзін з самых моцных пратэстаў па ўсёй краіне: 24 студзеня каля трох тысяч чалавек выходзяць на плошчу, каб у фінале штурмаваць будынак дзяржаўнай адміністрацыі. Яшчэ праз тры дні мае месца паўторны штурм будынку. У адказ праводзіцца нябачаная для цэнтральнай Украіны паліцэйская зачыстыка (каля 60 арыштаваных). Каб неяк зразумець сутнасць падзей, напэўна, трэба зразумець, у чым прычына фронды?

— Думаю, гэта звязана з тым, што Чаркасы — традыцыйны «аранжавы» рэгіён, аднак на самай справе тут кіруе Партыя рэгіёнаў праз розных пазапартыйных дэпутатаў. Перамога Януковіча адчыніла шлях перадзелу ўласнасці і новай хвалі прыватызацыі зямель уздоўж Дняпра. Цяпер жыхары гораду не маюць магчымасці нават пайсці адпачыць на бераг ракі, бо вакол нейкія катэджы і VIP-зоны. З пачаткам эканамічнага крызісу стала вострым пытанне беспрацоўя, хаця сярэдні заробак і так каля 1500 грыўняў, 2000 грыўняў — гэта ўжо амаль мара (1 долар прыкладна 8,5 грыўні). А тут Майдан. І калі 24-га апазіцыя абвясціла мітынг, людзі, магчыма, упершыню з 2004-га пайшлі на вуліцу.

— Мітынг перарос у спробу штурму адміністрацыі. На кадрах штурму бачна, што натоўп хутчэй выступае сведкам «шоў». Фактычна, прарвацца ўнутр памяшкання спрабуе некалькі дзясяткаў маладых людзей. Хто гэта?

— Сапраўды, народ сам не чакаў такога развіцця сцэнару. Увогуле, наш абывацель — вельмі палахлівы і забіты. Таму людзі выступалі ў ролі гледачоў. Там былі дзікія сцэны, калі пасля «штурмавікі» беглі ад міліцыі хавацца ў народ, а людзі проста расступаліся, як бы даючы праход гэтай пагоні. Ніхто не жадаў асабліва ўмешвацца. Што тычыцца ўдзельнікаў захопу, то гэта былі мясцовыя скінхеды, нацыяналісты і, калі верыць чуткам, дэсант з Заходняй Украіны. Так ці інакш, міліцыя ўтрымала будынак, пакуль не прыйшла дапамога.

— І тут пачынаецца самая загадкавая фаза гісторыі. Роўна праз тры дні ўначы будынак адміністрацыі зноў спрабуюць узяць штурмам. Але гэта выглядае як неякі фарс. Некалькі маладых людзей кідаюць кактэйлі Молатава і імкліва разбягаюцца.

— Гэтая гісторыя не дае спакою грамадскасці ўжо тыдзень. Магу толькі агучыць версію тутэйшай апазіцыі. Штурм 27-га быў часткай аперацыі па нейтралізацыі групы Аўтамадан, якая прыбыла ў Чаркасы на дапамогу. Быццам, міліцыі праз засланых «казачкоў» у апазіцыі ўдалося выцягнуць Аўтамайдан у Чаркасы дапамагаць паўстанню. У выніку групоўка трапіла ў пастку. Той факт, што група машын Аўтамайдану знаходзілася падчас штурму на суседняй вуліцы, даў падставу Беркуту затрымаць сябраў ініцыятывы і падвесці іх пад артыкул аб удзеле ў спробе захопу дзяржаўных устаноў. Падобныя прыёмы мелі месца раней ў Кіеве. Міліцыя праз падстаўных асобаў інфармавала Аўтамайдан пра з’яўленне бандаў цітушак у розных кварталах. У выніку агульная калона дзялілася на некалькі невялікіх частак, якія былі лёгкай здабычай для спецназу.

— Мяркуючы па ўсім, цяпер у Чаркасах адбываецца нешта незвычайнае. Міліцыя ходзіць па кватэрах і затрымлівае маладых людзей па падазрэнні ў датычнасці да нападу на аблвыканкам. У чым сэнс такога хапуна?

— Думаю, у тым, каб падавіць дух надзеі, які было паўстаў дзякуючы Майдану ў грамадстве. Інакш бы рэпрэсіі не мелі такі маштаб, а ў спіс «нядобранадзейных» не патрапілі б далёкія ад палітыкі людзі. Напрыклад, нашыя мастакі або прадстаўнікі моладзевых субкультур. Таксама ідзе паляванне на тых, хто прыехаў сюды на працу з Заходняй Украіны. На самай справе, рэдка даходзіць да прад’яўлення абвінавачвання, хаця па справе праходзяць каля 60 чалавек. Проста патрымаюць у камеры, папужаюць (у крайнім выпадку, могуць збіць) і адпускаюць, аднак сама інфармацыя пра масавыя арышты заганяе народ у дэпрэсію.

— Апошнім часам спробы захопу адмінбудынкаў адбыліся яшчэ ў шэрагу гарадоў. Там, дзе яны атрымаліся, былі створаныя паралельныя органы кіравання, так званыя Народныя рады. Ці маюць яны перспектыву? Напрыклад, такая Народная рада створаная ў суседняй Палтаве, дзе пратэстоўцам удалося захапіць залу ў будынку аблвыканкама.

— Трэба спачатку зразумець, што вось ёсць Майдан. Гэта такі феномен. Там сабраўся ўвесь «цвет» нацыяналістычнай і грамадска-актыўнай Украіны. Ёсць асобна Усходняя Украіна і Поўдзень, дзе прынцыпова не будуць падтрымліваць Захад. Акрамя таго, ёсць правінцыйная Украіна. Тут даўно пануе ўстаноўка — «мая хата з краю», а ўлада фармуецца па прынцыпу кумаўства. Таму Народныя рады — гэта, хутчэй, актыў лакальных апазіцыйных партый у акіяне вельмі пасіўнай і апалітычнай масы са сваімі забабонамі. Якія б дэкларацыі Рады не прымалі, усё роўна мент быў і застаецца для людзей сапраўднай уладай. Вельмі важны момант таксама ў тым, што нацыяналізм цяпер не так моцна мабілізуе інтэлігенцыю на месцах, як раней. У наследак татальнай украінізацыі ўсе і так гавораць па-ўкраінску. Таму, акрамя Заходняй Украіны, тыя рады носяць хутчэй сімвалічны характар. На прыкладзе Вінніцы, Палтавы і Жытоміра бачна, што яны не здольныя ствараць свае інстытуты адміністрацыі. Іх як бы і не разганяюць, адводзяць у будынку аблвыканкамаў пакоі, аднак рэальны цэнтр улады зусім у іншых кабінетах.

— Як паставіліся ў правінцыі да таго, што супрацьстаянне на Майдане вылілася ў сілавы канфлікт?

— Шмат хто вітаў радыкалізацыю, а шмат хто пасля гэтага пачаў баяцца яшчэ больш. А найбольшай групе грамадства гэта ўсё проста абыякава. Паралельна апошнім падзеям у горадзе абвясцілі набор у «цітушкі», якіх пасля адправілі ў Кіеў, каб яны тэрарызавалі Майдан і наваколлі. І жадаючых біцца за грошы з кіеўскімі мажорамі сярод мясцовых гопнікаў было вельмі шмат.

— Чым можа закончыцца, на тваю думку, Еўрамайдан?

— Грамадзянскай вайны, безумоўна, не будзе. На месцах усё вельмі ціха, а сам Майдан носіць характар ачаговага нацыяналістычнага паўстання. Адсюль тры варыянты — апазіцыю дапускаюць ва ўладу, каб праз пару гадоў яна дыскрэдытавала сябе, як ужо было пасля Майдану 2004-га. Другі варыянт — паступовы пераход да беларускай паліцэйскай сістэмы, а трэці — доўгае супрацьстаянне. 

Каментаваць