Кубінскія ўлады адпусцілі з турмаў дзясяткі палітвязняў у рамках наладжвання стасункаў з ЗША

Кубінскія ўлады ў рамках нармалізацыі адносін са Злучанымі Штатамі Амерыкі вызвалілі дзясяткі палітычных зняволеных. Вашынгтон вітае дзеянні Кубы.



Адна з вядучых кубінскіх апазіцыйных арганізацый — «Патрыятычны саюз Кубы» — паведаміла, што за апошнія два дні кубінскія ўлады выпусцілі з турмаў 36 палітвязняў, у тым ліку вядомых дысідэнтаў, грамадзянскіх актывістаў і дзеячаў культуры, у прыватнасці папулярнага хіп-хоп -выканаўцу, перадае Reuters.
 
 
Амерыканскія ўлады раней казалі, што ўрад Кубы паабяцаў вызваліць 53 чалавекі. Іх выхад на волю павінен стаць часткай агульнай дамоўленасці паміж Вашынгтонам і Гаванай аб паступовай нармалізацыі двухбаковых адносінаў, перапыненых больш за паўстагоддзя таму.
 
 
Спіс палітвязняў быў складзены ўладамі ЗША і абмяркоўваўся ў ходзе сакрэтных перамоваў паміж дзвюма краінамі, якія праходзілі пры пасярэдніцтве Канады. Імёны дысідэнтаў не выдаюцца ў інтарэсах іх бяспекі.
 
 
Намеснік памочніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Бэн Родс вітаў вызваленне палітвязняў, дадаўшы, што цяпер гэтыя людзі нарэшце змогуць «злучыцца са сваімі сем'ямі».
 
 
Нагадаем, у сярэдзіне снежня прэзідэнт ЗША Барак Абама зрабіў гістарычную заяву: ён прызнаў, што санкцыі ў дачыненні да Кубы не прынеслі вынікаў, таму Белы дом вырашыў кардынальна перагледзець адносіны з кубінскім ўладамі. Цяпер ЗША маюць намер па-новаму выбудоўваць палітычны дыялог з астраўной дзяржавай, абвясціў Абама. Пры гэтым амерыканскі лідэр тады адзначыў, што кубінцы не павінны цярпець пераслед на радзіме за свае погляды.
 
 
Кубінскі лідэр Раўль Кастра са свайго боку выказаў упэўненасць, што канчатковае спыненне эканамічнай, гандлёвай і фінансавай блакады Кубы стане вынікам доўгай і цяжкай барацьбы, якая патрабуе міжнароднай мабілізацыі. Ён таксама адзначыў, што Гавана заўсёды была гатова весці паважлівы дыялог з Вашынгтонам, аднак Куба не збіраецца мяняць сваю палітычную сістэму ў сувязі з пацяпленнем адносін са Штатамі.

Каментаваць