Куды ляцяць Валькірыі

На экраны выходзіць фільм «Аперацыя «Валькірыя» з Томам Крузам у галоўнай ролі. У аснове сюжэту ляжаць рэальныя падзеі — замах на Гітлера, арганізаваны афіцэрамі Вермахту.

На экраны выходзіць фільм «Аперацыя «Валькірыя» з Томам Крузам у галоўнай ролі. У аснове сюжэту ляжаць рэальныя падзеі — замах на Гітлера, арганізаваны афіцэрамі Вермахту.


«Аперацыя «Валькірыя» — трылер, прысвечаны аднаму з трагічных эпізодаў другой сусветнай вайны. 20 ліпеня 1944 года афіцэры, сябры падпольнай антыгітлераўскай групы, паспрабавалі забіць Гітлера. Замах праваліўся: бомба, якую тайна прынеслі змоўнікі на пасяджэнне з удзелам Гітлера, выбухнула, аднак Гітлер быў толькі лёгка паранены. Усе сябры групы былі асуджаныя і забітыя. Лічыцца, што душой змовы быў палкоўнік Клаўс фон Штаўфенберг, які праславіўся ў час вайны ў Паўночнай Афрыцы, а пасля далучыўся да руху супраціву.


Галоўнага персанажа якраз і згуляў славуты акцёр Том Круз. Яго прызначэнне на гэтую ролю спачатку выклікала пратэсты сярод родзічаў сям’і Штаўфенберга. «Я баюся, што ён зробіць з бацькі звычайны кіч», — сказаў сын героя замаху 20 ліпеня. Праўда, потым, калі родныя нябожчыка пабачылі, як Том Круз працуе на здымках, яны змянілі сваё меркаванне. А пасля прэм’еры ўвогуле сказалі, што карціна ім спадабалася. Родзічы нават ігнаравалі відавочныя факты падману. Так, у адной з ключавых сцэнаў Штаўфенберг слухае «Палёт Валькірый» Вагнера. У рэальнасці Клаўс Штаўфенберг не выносіў музыкі Вагнера.


Не былі спачатку незадаволеныя ідэяй карціны і нямецкія ўлады: Круз вядомы як прыхільнік саенталогіі, якая ў Германіі лічыцца дэструктыўнай сектай. Пракат фільму з яго ўдзелам мог, на думку ўладаў, стаць прапагандай вучэння. Адзін з пратэстанцкіх пастараў палічыў, што выхад на экраны «Аперацыі «Валькірыя» з Томам Крузам для саентолагаў тое ж самае, што для нацыстаў Алімпійскія гульні ў Берліне ў 1936 годзе. У тым сэнсе, што прапагандысцкі эфект абедзвюх падзей будзе падобны.


Аднак потым кампраміс быў знойдзены, а кіношнікі нават атрымалі права здымаць ва ўрадавым квартале Берліна, дзе ў 1944-м адбываўся спачатку замах, а потым расправа над падпольшчыкамі. Улады таксама дазволілі выкарыстанне ў фільме свастыкі і іншых эмблем фашысцкай Германіі, якія забаронены да дэманстрацыі ў ФРГ. Цікава, што ўлады Берліна, якім не падабаліся дэкарацыі са свастыкай у цэнтры горада, падалі скаргу на вытворцаў карціны. Аднак гэта была дробязь у параўнанні з інцыдэнтам, які адбыўся ў жніўні 2007 года. Тады ўпала адна з дэкарацый, сур’ёзна параніўшы сем чалавек. Кінакампанія мусіла выплаціць больш за 11 мільёнаў долараў на іх лячэнне.


Акцёрскую гульню Круза палічылі нядрэннай. Аднак, паколькі рэжысёр карціны раней здымаў фільм пра прыгоды супермена, крытыкі заўважылі ва ўчынках Штаўфенберга некаторыя элементы паводзінаў героя амерыканскіх коміксаў. Як і супермен, Штаўфенберг вельмі добры канспіратар, які можа за хвіліну ператварацца ў супергероя.


Цікава, што паказны гераізм Штаўфенберга на экране выклікаў пазітыўную рэакцыю ў нямецкай праварадыкальнай прэсе. Вядучае правае выданне краіны «Unge Freihet» хваліць Тома Круза за тое, што ён змог стварыць тыпаж сапраўднага нямецкага афіцэра.


А вось расійскай публіцы, якая вырасла на савецкіх фільмах вайсковай патрыятычнай тэматыкі, гераізм Штаўфенберга падаўся фальшывым. Адзін з расійскіх крытыкаў назваў фільм «Маладой гвардыяй» па-галівудску.


Што да Круза, то ён паставіўся да ролі Штаўфенберга вельмі сур’ёзна. Настолькі, што падчас сцэны расстрэлу Штаўфенберга, якая здымалася на гістарычным месцы пакарання, прапанаваў ушанаваць памяць герояў падполля хвілінай маўчання.


22 студзеня фільм з’явіўся на экранах Германіі і выклікаў цікавую рэакцыю нямецкай публікі. Натуральна, усе гісторыкі папросту падалі ад смеху, назіраючы за прыгодамі Тома Круза. Акрамя агульнай фабулы, усё іншае часам папросту выдумка сцэнарыста. Так, на экране Штаўфенберг пры жаданні можа лёгка хадзіць да Гітлера ў госці.


Натуральна, больш за ўсё стваральнікі карціны і самі ўлады баяліся, што фільм стане прапагандай калі не нацызму, то нямецкага мілітарыстычнага духу.


Кіраўнік цэнтра памяці антыфашысцкага супраціву яшчэ напярэдадні рэлізу карціны выказаў занепакоенасць, што гэта створыць вакол Клаўса Штаўфенберга сапраўдны міф. Хаця, як сведчаць архіўныя дакументы, у прынцыпе ён быў дастаткова лаяльным да рэжыму і не заклікаў да радыкальнай трансфармацыі ў краіне пасля забойства Гітлера, тым больш у бок дэмакратыі.


Том Круз — заакіянскі акцёр — аказаўся вельмі зручным. Ён, як і большасць амерыканцаў, абсалютна не ведае традыцый юнкерства з іх фанатычным культам Германіі, расавымі забабонамі, арыстакратычным мысленнем. У выніку фільм больш прапагандуе рамантыку канспірацыі і партызанкі, чым нямецкага нацыяналізму.


Праўда, левая прэса ўсё роўна пабачыла ў «Аперацыі «Валькірыя» спробу рэабілітаваць Вермахт за злачынствы часоў другой сусветнай. Згадваецца, што шуміха вакол змовы 20 ліпеня пачалася ў 50-я гады, калі Бон вырашыў адрадзіць нямецкае войска. Для рэабілітацыі ў вачах ахвяраў нацызму пачаў мусіравацца міф пра тое, што салдаты не маюць нічога агульнага з гітлераўскай дыктатурай. Існаванне групы Штаўфенберга было важным аргументам у доказ гэтага тэзісу.


Левыя публіцысты нагадваюць, што Гітлера дапусціў да ўлады менавіта Гіндэнбург — славуты генерал, кумір усіх нямецкіх афіцэраў. Адным з галоўных матываў, які рухаў удзельнікамі групы 20 ліпеня, было абвінавачанне Гітлера ў «дылетантызме», у тым, што ён не ведае, як весці вайну, не слухае прафесіяналаў-вайскоўцаў. Таму, на думку левых, «Аперацыя «Валькірыя» дастаткова небяспечны фільм, які спрыяе перагляду вынікаў другой сусветнай.


Аднак большасць публікі не ведае так добра гісторыі і не здолее разабрацца ў такіх тонкіх момантах. Перш за ўсё гэта прыгодніцкі фільм пра добрых падпольшчыкаў, якія змагаюцца з кепскім дыктатарам. Папулярны часопіс «Stern» нават рэкамендаваў хадзіць на фільм усёй сям’ёй. Думаецца, фільм будзе штурхаць на нейкія палітычныя разважанні не больш, чым «Тэрмінатар» або «Шрэк».


Праўда, расслабляцца гісторыкам не трэба. «Аперацыя «Валькірыя» — гэта толькі кветачкі. Ягадкі будуць, калі вясной на экраны выйдзе новы фільм Квенціна Таранціна «Невядомыя падонкі». У аснове яго сюжэта аповед пра групу закінутых у нямецкі тыл амерыканскіх дыверсантаў, што жорстка знішчае эліту Трэцяга Рэйху. Крыві, гвалту і іншых характэрных для Таранціна прыёмаў у фільме будзе, як заўсёды, зашмат. Гісторыкі, якія чыталі сцэнар, кажуць, што большай антыгістарычнай лухты яны яшчэ не бачылі.



Каментаваць