Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Куды прывядзе «Зорны шлях»?

Самы чаканы серыял гэтага сезону стартаваў напрыканцы верасня. «Star Trek: Discovery» — вельмі рэдкі выпадак, калі ад фільма чакаюць не толькі захапляльнага відовішча, але і стымулаў для развіцця ўсёй цывілізацыі.

 Фота www.image5.cbsstatic.com

Мабільныя тэлефоны, шлюбы паміж прадстаўнікамі розных расаў, эмансіпацыя, і нават заканчэнне «халоднай вайны»… Некаторыя заходнія культуролагі сцвярджаюць, што за ўсе гэтыя дасягненні чалавецтва павінна быць удзячнае навукова-фантастычнаму серыялу «Star Trek» («Зорны шлях»), які выходзіў у 1960–1970-я гады і распавядаў пра прыгоды ў далёкай будучыні экіпажу касмічнага карабля «Enterprise».

Эфект ад прагляду фантастычнага твору Джына Родэнберы аказаўся такі моцны, што людзі пачалі паводзіць сябе як героі серыялу, намагацца стварыць механізмы, якія пабачылі на экране. У прыватнасці, «Зорным шляхам» натхняліся заснавальнікі мабільнай сувязі, першыя праграмісты, астранаўты, кіраўнікі NASA і многія іншыя. Серыял падштурхнуў і тэарэтыкаў фізікі.

Лічаць, што серыял паўплываў нават на глабальную палітыку. Пасля таго, як амерыканцы пабачылі, што адзін са станоўчых герояў «Star Trek» мае рускае прозвішча Чэхаў, у ЗША істотна знізіліся антысавецкія настроі. Менавіта ў 1970-х гадах мы бачым беспрэцэдэнтны працэс разрадкі і пацяплення міжнароднага клімату.

Некаторыя механізмы з серыялу дасюль захапляюць вынаходнікаў. У 2010 годзе адзін з амерыканскіх фондаў прапанаваў 10 мільёнаў долараў таму, хто створыць апарат «трыкодэр», якім карыстаюцца персанажы са «Star Trek» — партатыўную сенсарную прыладу для перадачы дадзеных аналізу аб’ектаў. На іх думку, стварэнне чагосьці падобнага будзе прарывам у медыцыне, паколькі «трыкодэр» за кошт хімічнага аналізу цела чалавека дазволіць хутка ставіць дыягназ.

Праўда, трэба прызнаць, што навукоўцы шмат у чым пераўзышлі фантастаў, якія прыдумлялі арыгінальны «Star Trek». У нашы дні тэхніка фільму падаецца не занадта футурыстычнай, а хутчэй і архаічнай. Напрыклад, у час смартфонаў смешна выглядаюць мабільнікі-раскладанкі нязграбнай канструкцыі, якімі карыстаюцца капітан Кірк і яго падначаленыя.

А яшчэ людзі спрабуюць фрагментарна пабудаваць той сацыяльны лад, які адлюстраваны ў серыяле. Героі «Star Trek» не маюць патрэбы ў грошах (інстытут грошай у фільме застаўся толькі на вельмі прымітыўных або агрэсіўных планетах), што трошкі нагадвае папулярную зараз ідэю забяспечыць усіх грамадзян мінімальным гарантаваным прыбыткам.

Так ці інакш, легендарны серыял вяртаецца. 24 верасня на экраны выйшаў першы эпізод. Ці справакуе новая версія сагі нейкія прарывы, як славуты папярэднік?

Адказ на гэта пытанне складаны і залежыць ад шматлікіх фактараў. Пры ўсёй цяперашняй пазнавальнасці брэнду «Star Trek» (франшыза ўключае на сёння шэсць тэлевізійных серыялаў, у тым ліку адзін мультыплікацыйны, 13 поўнаметражных фільмаў, сотні кніг і апавяданняў, велізарную колькасць кампутарных гульняў) сітуацыя на культурным рынку іншая, чым напачатку 1970-х.

«Star Trek», які здымаў Родэнберы, быў піянерам у жанры навукова-фантастычных серыялаў, і, напэўна, таму атрымаў столькі ўзнагародаў, што афіцыйна прызнаны самым папулярным творам у гэтай галіне.



 Фота www.trekmovie.com

Цяпер кінапрадукцыі з кодам sci-fi (навуковая фантастыка) на рынку зашмат. Не кажучы пра тое, што ўжо пяць гадоў пра прыгоды «Enterprise» выходзяць асобныя фільмы, якія мелі сярэдні поспех у гледача. Гэтыя мінусы аўтары новага серыялу, падаецца, намагаюцца кампенсаваць якаснай працай. Пісаць сцэнары для эпізодаў серыялу быў запрошаны цэлы пул вядомых сцэнарыстаў. Перад тым, як пачаць працу, аўтары і здымачная група шмат размаўлялі з даследчыкамі космасу і астранаўтамі.

У выніку працы сцэнарыстаў было вырашана, што падзеі ў серыяле будуць адбывацца за дзесяць гадоў да пачатку арыгінальнай гісторыі, што пабачыла свет у 1966-м. Такім чынам, мы будзем сачыць за прыгодамі не звыклых чальцоў экіпажу «Enterprise», а іх бацькоў, сяброў і родных, якія падарожнічаюць на караблі «Discovery». Гэтым разам у склад экіпажу ў якасці даніны часу трапяць і прадстаўнікі сексуальных меншасцяў.

Наўрад ці тэма сексуальных меншасцяў у космасе гучыць як нешта новае. Але нельга не заўважыць адну паралель. Сёння чалавецтва, як і 50 гадоў таму, калі на экраны выходзіў першы «Star Trek», знаходзіцца ў пошуку новых азімутаў развіцця. Таму інтарэс да «Зорнага шляху» забяспечаны.



Каментаваць