Куды ідзе Балгарыя?

Палітычны пат у Балгарыі, які склаўся пасля выбараў 13 мая, адчыняе перспектывы правым папулістам. Нашы штампы пра Балгарыю — балгарскія цыгарэты, ракія, танныя курорты, анекдоты пра габраўцаў — яўна патрабуюць пашырэння. У стэрэатыпны шэраг напрошваецца і перманентны палітычны крызіс, які набывае самыя фантастычныя нават на ўсходнееўрапейкія рэаліі знешнія праявы.



У Балгарыі людзі рэгулярна спальваюць сябе на знак пратэсту супраць палітыкі ўраду. За мінулую вясну было зафіксавана аж чатыры такія выпадкі. Упершыню ў ход пайшлі такія метады палітычнай барацьбы, як друк фальшывых бюлетэняў. Напярэдадні парламенцкіх выбараў 13 мая ў доме аднаго з апаратчыкаў урадавай партыі ГЕРБГрамадзяне за еўрапейскае развіццё Балгарыі») была знойдзена партыя «самвыдату». Паводле падлікаў адмыслоўцаў, калі б тыя бюлетэні трапілі ў выбарчыя скрыні, ГЕРБ змагла б атрымаць па выніках галасавання на 10 працэнтаў больш. Яшчэ адзін зігзаг балгарскай палітыкі: кампрамат з бюлетэнямі дапамог ГЕРБ захаваць твар. Партыя Бойка Барысава (лідар ГЕРБ) не змагла сфармаваць урад і патрабавала правесці пазатэрміновыя выбары з-за таго, што нехта хацеў дыскрэдытаваць партыю, падкінуўшы тыя фальшывыя выбарчыя бюлетэні.

Праўда, у выніку парламент не распусцілі, а ўрад Балгарыя атрымала. Проста права яго фармаваць перайшло да другой па колькасці дэпутацкай фракцыі — групы ад Балгарскай партыі сацыялістаў (БСП). Руліць краінай сацыялістам дапамогуць этнічныя туркі з партыі «Рух за правы і свабоды» (РПС). Аднак падобны фармат ураду сведчыць пра новую фазу палітычных непаразуменняў. З-за расчаравання ГЕРБ і наяўнасці ў складзе ўраду партыі туркаў лідарства ў апазіцыі пераходзіць да правай папулісцкай партыі «Атака», прапаганда якой будуецца ў тым ліку на антытурэцкіх фобіях.

Пра маштаб гэтых фобій сведчыць скандал у сакавіку, калі «Атака» патрабавала адстаўкі дырэктара балгарскага МЗС па прычыне таго, што ён слаба адрэагаваў на публікацыю ў адным з турэцкіх часопісаў карты Вялікай Турцыі. У межы той Турцыі, акрамя паўночнай Сірыі, Кіпру, Батумі, уваходзіў і поўдзень Балгарыі. Якім чынам Сафія магла перашкодзіць турэцкім нацыяналістам зрабіць тую мапу, цяжка сказаць.

Тым больш, што самі балгарскія нацыяналісты — таксама вялікія аматары гуляць у картаграфічныя фэнтэзі — маляваць мапы, на якіх Балгарыя ўключае ў сябе амаль усе Балканы: мае выхад да Эгейскага мора, кантралюе Македонію, частку румынскай Дабруджы. У прынцыпе, калісьці Балгарыя сапраўды нагадвала нешта падобнае. Пасля другой Балканскай вайны, калі сербы, грэкі і балгары разам перамаглі туркаў, Балгарыі дастаўся бераг Эгейскага мора і частка Македоніі. Аднак другая Балканская вайна і Першая сусветная паставілі крыж на праекце Вялікай Балгарыі. Адпаведна, узнікла калектыўная нацыянальная траўма, што ў 1920-я гады спарадзіла балгарскі правы радыкалізм, традыцыю якога па сутнасці працягвае «Атака». Штогод «Атака» праводзіць марш у памяць генерала Хрыста Лукава — фюрэра даваенных балгарскіх фашыстаў, якога ў 1943 годзе забілі невядомыя.

Акрамя ісламафобіі, настальгіі па Балгарыі ад Эгейскага да Чорнага мора, балгарскі нацыяналізм сілкуецца міфам пра асобную місію праваслаўных народаў. Лідар «Атакі» Воен Відэраў кажа: «Перад праваслаўным Усходам сёння стаіць фатальнае пытанне. У яго ёсць шанцы пайсці іншым шляхам, а не паводле навязанай МВФ каланіяльнай мадэлі. Адрадзіць праваслаўныя традыцыі кіравання накшталт балгарскага цара Івана II, якія павінны быць звернутыя на карысць грамадства, не на заняволенне, а на паўнавартаснае развіццё кожнай асобы, якая захоўвае ў сабе вобраз і падабенства Божае».

Прыналежнасць балгараў да праваслаўя тлумачыць шматлікія актуальныя праблемы. Быццам, менавіта з-за праваслаўя на Захадзе не любяць Балгарыю. Карані такой нянавісці правадыр атакаўцаў тлумачыць так: «У праваслаўнай Расіі напрыканцы ХІХ стагоддзя выдаваліся законы, што апярэджвалі па сваёй дэмакратычнасці Германію і іншыя заходнія дзяржавы. І яшчэ ў 1886 годзе ўвайшоў у сілу закон аб адказнасці працадаўцаў і працоўных, у 1882 годзе забаронена дзіцячая праца, вялікія хрысціянскія святы абвешчаныя выходнымі днямі. Усё гэта, відаць, сур’ёзна напалохала еўрапейскую і амерыканскую фінансавую эліту».

Апошнімі кампанентамі ідэалогіі партыя «Атака» з’яўляецца цыганафобія, якую прынеслі ў Балгарыю скінхеды на мяжы стагоддзяў. Менавіта скінхеды і сталі першымі кадрамі створанай у 2005 годзе партыі, этымалогія назвы якой даволі цікавая.

На той момант Сідэраў — былы фатограф і журналіст (нарадзіўся ў 1956 годзе), быў уладальнікам тэлевізійнага каналу «Скат». Назва адной з праграм — «Атака» і стала назвай нованароджанай партыі. Гэта гісторыя дала падставу аматарам жартаў называць праект Сідэрава «Партыя тэлевізара». Аднак смяяліся яны нядоўга. Аказалася, што партыя з радыкальнай ксенафобскай рыторыкай сапраўды запатрабаваная ў грамадстве, якое расчаравалася ў традыцыйных палітычных сілах. Ужо на першых выбарах «Атака» атрымала 11 працэнтаў. У 2006 годзе Сідэраў змог выйсці ў другі тур выбараў прэзідэнта з 24 працэнтамі, дзе, аднак, прайграў кандыдату-сацыялісту. На выбарах 13 мая «Атака» атрымала рэкордную колькасць дэпутатаў у Народных Зборах: 23 — з 240.

Нянавісць да палітычнага істэблішменту ў простых балгар сапраўды зашкальвае. Інакш бы яны наўрад ці абралі партыю, якая мае вельмі папулісцкую праграму.

Праграмны дакумент «Атакі» прапануе самыя незвычайныя дарожныя карты для выхаду з крызісу. Напрыклад, вядучы блок у праграме прысвечаны золатаздабычы. На думку аўтараў партыйнага маніфесту, калі пераглядзець умовы канцэсіі руднікоў, бюджэт атрымае 3 мільярды долараў штогод. Таксама правыя выступаюць за ўстанаўленне кантролю над кантрабандай, што можа прынесці ў казну яшчэ 2 мільярды.

Гэтага, паводле калькуляцыі Сідэрава і яго партыйных эканамістаў, дастаткова, каб узняць мінімальную пенсію ў Балгарыі да 500 еўра, а мінімальны заробак — аж да тысячы. Сярод незвычайных пунктаў праграмы вызначым — «забарону на знеслаўленне на адрас Балгарыі», выхад з NАТО, перагляд дамовы з Еўрасаюзам. Праўда, як было сказана вышэй, здаецца, ніхто асабліва праграмныя тэксты партый у Балгарыі не чытае. Людзі, калі галасуюць за «Атаку», кіруюцца галоўным чынам пратэстным інстынктам.

Ці пагражае Балгарыі перспектыва стаць другой Венгрыяй, дзе пры ўладзе замацаваліся нацыянал-кансерватары? На гэта пытанне спецыяльна для НЧ адказвае балгарскі журналіст Аляксандр Тонеў:

Безумоўна, умовы для радыкальных правых настрояў у Балгарыі існуюць. Гэта звязана не толькі з тым, што палітычная культура фармуецца на фоне крызісу, калі людзі гатовыя ахвотна верыць якім заўгодна абяцанням палітыкаў. На маю думку, вялікую ролю тут таксама згуляў крах надзеяў, якія былі звязаныя з тым, што краіна ўступіць у Еўрасаюз — і ў нас усё будзе так, як у Еўропе. Аднак я не думаю, што «Атака» — сапраўды сур’ёзная пагроза. Самае важнае, што перад вачыма балгарскага грамадства стаіць вопыт суседняй Сербіі, дзе агрэсіўны нацыяналізм давёў краіну да шматгадовай вайны і страты Косава.

Каментаваць