Квебекская вясна

Ужо больш за тры месяца ў канадскай правінцыі Квебек працягваецца беспрэцэдэнтны канфлікт улады і студэнтаў з-за ўвядзення новых цэнаў на адукацыю. Пра феномен "квебекскай вясны" (так паэтычна называюць гэтыя падзеі ў замежных СМІ) журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з беларускім выкладчыкам у Манрэале, супрацоўнікам выдання “Le Monde Diplomatique Міколам Мілюком.



Ужо больш за тры месяца ў канадскай правінцыі Квебек працягваецца беспрэцэдэнтны канфлікт улады і студэнтаў з-за ўвядзення новых цэнаў на адукацыю. Пра феномен "квебекскай вясны" (так паэтычна называюць гэтыя падзеі ў замежных СМІ) журналіст НЧ Алег Новікаў размаўляе з беларускім выкладчыкам у Манрэале, супрацоўнікам выдання “Le Monde Diplomatique Міколам Мілюком.


— Калі гаворка ідзе пра пратэсты моладзі ў Канадзе, адразу згадваецца канадскі фільм "Быць як Троцкі", які пару гадоў таму выйшаў на экраны. Стужка распавядае пра бунт менавіта ў адной са школ Квебека. Праўда, там вучняў штурхае на барыкады не страўнік, а нудота ў класах і дыктат дарослых. Гэта нагадвае цяперашнія падзеі ў Квебеку?


— Сапраўды, збольшага паралель правесці можна. У тым сэнсе, што, як і ў фільме, тэма адчужэння таксама выразна прысутнічае ў цяперашніх студэнцкіх пратэстах. Такое адчуванне, што рашэнне ўрада павялічыць тарыфы на навучанне стала толькі апошняй кропляй. Цяжка паверыць, што студэнты ідуць пад арышты і гатовыя ахвяраваць сваёй сесіяй толькі дзеля некалькіх сотняў долараў у год.


Аднак на гэтым падабенства паміж фільмам і рэчаіснасцю заканчваецца. Як паказалі “каструльныя маршы, на якія людзі выходзілі сем’ямі, нельга ўсё зводзіць да канфлікту пакаленняў.


Да таго ж, квебекскія студэнты — далёка не ўсе выхадцы з сярэдняга класа. Каля паловы з іх — студэнты ВНУ ў першым пакаленні ці з сем’яў з дастаткам ніжэй за сярэдні, гэта значыць, па-сутнасці, дзеці пралетарыяту. У гэтым спецыфіка Квебека, дзе ў выніку "ціхай рэвалюцыі" (нацыянальнае адраджэнне франкамоўных канадцаў) франкамоўная большасць у Квебеку ўзялася ствараць свае ўласныя эліты, і даволі паспяхова.


Цяпер гэты праект згортваецца ліберальным істэблішментам, які, дарэчы, і быў створаны такой палітыкай. Таму цяперашні канфлікт — не толькі канфлікт генерацый, але таксама класавы. Плюс у тым ліку ўскосна звязаны з нацыянальным пытаннем.


— Калі ўжо пачалі размаўляць пра нацыянальнае пытанне... Чаму паўстаў толькі франкамоўны Квебек, а англамоўныя правінцыі застаюцца пасіўнымі?


— Сапраўды, ёсць чаму дзівіцца. Бо студэнты англамоўных правінцый плацяць за сваё навучанне ў паўтара-два разы больш за квебекцаў, і тарыфы ўвесь час растуць. Тым не менш, напрыклад, у суседняй Антарыі студэнты не страйкавалі ніколі. Прычынаў, хутчэй за ўсё, шмат, але, мне здаецца, галоўныя — гэта сімвалічная роля даступнасці адукацыі ў нацыянальнай свядомасці квебекцаў. Тут больш прагрэсіўная (левая) палітычная традыцыя — і, адпаведна, арганізаванасць студэнцкіх асацыяцый.


Магчыма, уплывае і іншы фактар: мадэлі сістэмы вышэйшай адукацыі ў Квебеку і іншых правінцыях адрозніваюцца. У Квебеку паміж школай і ўніверсітэтам існуе абавязковы прамежкавы этап — каледж, вучоба ў якім практычна бясплатная. У той жа час канадскія студэнты даведваюцца, што такое крэдыт на вучобу, адразу пасля школы, у больш раннім і менш свядомым узросце. Для іх неабходнасць плаціць становіцца нормай, таксама як для новага пакалення беларускіх студэнтаў стала нормай уступленне ў БРСМ... Зрэшты, прыклад квебекскіх студэнтаў, у выпадку поспеху, можа апынуцца заразлівым.


— Ці прысутнічае тэма незалежнасці Квебека ў лозунгах пратэстуючых?


— Не ведаю, ці варта гэта лічыць "тэмай незалежнасці", але нацыянальны сцяг Квебека на дэманстрацыях мірна суседнічае з іншымі сцягамі, хаця ўсё ж дамінуе чырвоны колер. Самімі студэнцкімі асацыяцыямі тэма незалежнасці ніяк не ўздымаецца. Гаворка, хутчэй, ідзе пра індывідуальныя ініцыятывы асобных "незалежнікаў", якія выкарыстоўваюць пратэсты ў якасці пляцоўкі для прапаганды сваіх ідэй. Але не выключана, што бліжэй да выбараў тэма незалежнасці будзе агучана і неяк увязана з пытаннем вышэйшай адукацыі.


— Што ўяўляюць сабой студэнцкія прафсаюзы ў плане палітычнай арыентацыі? Гэта карпаратыўны пратэст?


— Студэнцкі рух прадстаўлены трыма буйнымі арганізацыямі, якія спраўна збіраюць унёскі і, адпаведна, добра арганізаваныя. Дзве асацыяцыі — FEUQ (універсітэцкая) і FECQ (каледжы) — можна назваць умеранымі. Яны выступаюць за тое, каб замарозіць тарыфы на навучанне. Трэцяя — CLASSE — значна больш радыкальная, выступае за бясплатную вышэйшую адукацыю. Урад неаднаразова адкрыта называў іх анархістамі. У сваю чаргу, CLASSE ніколі не асуджала акцыі прамога дзеяння і адкрыта заклікала да акцый непадпарадкавання “закону 78.


Зрэшты, нават пры ўсім жаданні, студэнцкія асацыяцыі не здольныя стрымаць радыкалізацыю руху. Пасля прыняцця “закона 78 пратэсты выйшлі далёка за рамкі студэнцкага страйку. Узяць хоць бы “каструльныя маршы, або кампанію за тое, каб сарваць правядзенне ў Квебеку этапу гонкі “Формулы–1.


— У чым сэнс згаданага табой “закона 78? Чаму ўлады так рэагуюць? Падчас адной з дэманстрацый было арыштавана 700 чалавек.


— “Закон 78 абмяжоўвае права на дэманстрацыі і сходы, а таксама ўводзіць сістэму штрафаў за дзеянні, якія "парушаюць права студэнта на наведванне заняткаў". Існуе шмат гіпотэз наконт сэнсу дзеянняў урада. Стратэгія чыноўнікаў, магчыма, была разлічана на эскалацыю канфлікту і палярызацыю грамадскай думкі, якая дазволіла б адцягнуць яе ад іншых праблем, а менавіта карупцыйных скандалаў, якія неўзабаве рызыкуюць цалкам падарваць давер да прэм’ера Жана Шарэ і яго ліберальнай партыі.


Напярэдадні канфлікту суадносіны сіл былі на баку Шарэ. Моладзь, якая складае меншасць насельніцтва, на выбары не ходзіць і ў якасці электарату лібералам не цікавая. А таму з самага пачатку ўрад цураўся ідэі перамоваў. На першым этапе, цэлых два месяца, міністры спачатку горда ігнаравалі пратэсты, потым спрабавалі падзяліць лагер студэнтаў: згаджаліся сустракацца з аднымі і адмаўляліся — з іншымі. Калі і гэта тактыка не спрацавала, яны вырашылі пры дапамозе адмысловага закона і штрафаў запалохаць масавага дэманстранта, а таксама студэнцкія асацыяцыі, каб на вуліцы выходзілі толькі радыкалы-анархісты, а пасля палохаць імі ўжо абывацеля глыбінкі.


Але, падобна, улада недаацаніла ступень незадаволенасці значнай часткі насельніцтва і рашучасць студэнтаў. Ідэі грамадзянскага непадпарадкавання шырока распаўсюджаны ў грамадстве. Закон дэманстрантамі ігнаруецца, і паліцыя ўжывае яго толькі на словах, аб’яўляючы дэманстрацыі незаконнымі.


— Якой можа быць развязка канфрантацыі?


— Усё ідзе да выбараў у парламент правінцыі, якія могуць быць абвешчаны датэрмінова, увосень. Цяпер, падобна, студэнты робяць стаўку на падзенне ўрада і разгортваюць кампанію супраць лібералаў. У выпадку перамогі апазіцыі, якая далёка не гарантаваная, апазіцыйным партыям давядзецца лічыцца з палітызацыяй моладзі і грамадзянскім рухам, што з’яўляецца, па словах выдання "The Giardian", найбольш значным пратэстам супраць неаліберальных рэформаў у Паўночнай Амерыцы за апошнія гады.
 

Каментаваць