Лінкальн і вампіры

У Галівудзе пачаліся здымкі фільма, выхад на экраны якога можа выклікаць працэс перагляду ў масавай свядомасці цяперашняга разумення гісторыі.

Сюжэт карціны пабудаваны на кнізе Сета Грама-Сміта «Абрахам Лінкальн паляўнічы за вампірамі». Кніга ўяўляе буйны палёт фантазіі.

Адпаведна аўтару, ён атрымаў тэкст кнігі ад вампіра Генры Стэрджэса. Тэкст — гэта дзённікі 11-га прэзідэнта ЗША Абрахама Лінкальна.



У Галівудзе пачаліся здымкі фільма, выхад на экраны якога можа выклікаць працэс перагляду ў масавай свядомасці цяперашняга разумення гісторыі.

Сюжэт карціны пабудаваны на кнізе Сета Грама-Сміта «Абрахам Лінкальн паляўнічы за вампірамі». Кніга ўяўляе буйны палёт фантазіі.

Адпаведна аўтару, ён атрымаў тэкст кнігі ад вампіра Генры Стэрджэса. Тэкст — гэта дзённікі 11-га прэзідэнта ЗША Абрахама Лінкальна.

Калі Лінкальну было 11 гадоў, яго бацька Томас прызнаўся яму, што вампіры — гэта істоты, якія сапраўды існуюць. Больш таго, быццам вампіры нават пакусалі дзеда Абрахама, які ў сваю чаргу спрабаваў пакусаць ягоную маці. Лінкальн дае клятву забіць як мага больш вампіраў.

У 16 гадоў Лінкальн знаёміцца з вампірам Генры Стэрджэсам, які выратоўвае яму жыццё і пасля вучыць некаторым дэталям прыроды вампіраў. Абрахаму становіцца вядома, што існуюць і кепскія, і добрыя вампіры, як Генры. У дадатак хлопец праходзіць своеасаблівы курс маладога байца. Нарэшце, Лінкальн атрымлівае ад свайго апекуна, як бы сказалі сёння, адрасную базу злых вампіраў ЗША. Ён пачынае зачыстку краіны ад нечысці.

Пасля пачынаецца ўвогуле суцэльны жах. Лінкальн падарожнічае на параходзе па Місісіпі ў Новы Арлеан, дзе становіцца сведкам сцэны гандлю рабамі. Нейкі гандляр паводзіць сябе настолькі брутальна, што Абрахам вырашае пакараць яго за здзекі з чарнаскурых. Лінкальн адсочвае гандляра. Аказваецца, той не проста садыст, а яшчэ і вампір. Бедным чарнаскурым даводзіцца не толькі працаваць у нечалавечых умовах, аднак і задавальняць патрэбу гаспадара ў крыві. Лінкальн дае прыкурыць таму эксплуататару. Адначасова Абрахаму ў галаву прыходзіць думка: рабства з’яўляецца крыніцай вампірызму. Вампірызм бу­дзе існаваць у Злучаных Штатах, пакуль будуць існаваць рабы. Так Лінкальн стаў абаліцыяністам і вырашыў падацца ў палітыку, каб пакласці канец рабству.

Ён вяртаецца ў родны Нью-Салем, дзе займаецца бізнэсам і робіць першыя крокі ў палітыцы. Аднак гэта ўдзень. Уначы ён ганяецца за вампірамі з таго самага спісу Генры. Пасля абрання ў Палату Прадстаўнікоў Абрахам пераязджае ў Вашынгтон, дзе сустракаецца з вядомым пісьменнікам Эдгарам По. Эдгар распавядае дэпутату сакрэтныя планы вампіраў. Па яго словах, яны масава бягуць з Еўропы ў Штаты, дзе існаванне рабства вырашае праблему выжывання. Аднак гэтага крывапійцам замала. Яны плануюць зрабіць рабамі не толькі чорных, аднак і белых. Гэтая споведзь каштуе літаратару жыцця. Хутка По знаходзяць мёртвым у Балтымары: яго забіла шайка вампіраў.

На гэты час Лінкальн адыходзіць ад прафесіі паляўнічага на вампіраў. Таксама ён вырашае пакінуць вялікую палітыку. Аднак яго планы мяняюцца, калі ў 1857 годзе да яго наведваецца Генры Стэрджэс з жудаснымі навінамі. Вампіры Поўдня рыхтуюцца да вайны з паўночнымі штатамі, каб цалкам падпарадкаваць сабе краіну і абвесціць нешта накшталт Злучаных Вампірскіх Штатаў Амерыкі. Абрахам Лінкальн разумее: трэба нешта рабіць. Ён становіцца кандыдатам у прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі і з часам абіраецца на пасаду кіраўніка Белага Дому.

У адказ паўднёвыя штаты ўздымаюць мяцеж. Войскі канфедэратаў (чытай вампіры) лёгка перамагаюць федэралаў. Натуральна, вайна для іх яшчэ магчымасць на халяву напіцца чужой крыві. Што рабіць? Лінкальну прыходзіць у галаву ідэя — пазбавіць паўднёвых вампіраў энергакрыніц. Ён выдае акт, які адмяняе рабства ў краіне. Адпаведна, чарнаскурыя масава бягуць ад эксплуататараў, якіх без дзяжурнай дозы крыві, кажучы наркаманскім слэнгам, жудасна кілбасіць.

Помста не прымушае сябе чакаць. Вампіры-канфедэраты дасылаюць у Вашынгтон свайго агента, які кусае 11-гадовага сына прэзідэнта. Ён памірае на вачах бацькі. Усё той жа Генры Стэрджэс прапануе Лінкальну выйсце: ён укусіць яго сына, і той зможа жыць. Праўда, як вампір. Лінкальн настолькі раз’юшаны прапановай, што выганяе Генры і дае клятву ніколі больш не мець кантактаў нават з добрымі вампірамі.

Між тым, з Поўдня прыходзяць добрыя весткі: сепаратысты разбітыя. Апошнія вампіры эмігруюць у Азію і Лацінскую Амерыку, дзе засталіся рэшткі рабства. На радасцях прэзідэнт вырашае наведаць тэатральную пастаноўку, падчас якой артыст Джон Буз забівае яго (ці варта казаць, што Джон таксама быў вампірам). Вампіры святкуюць перамогу, аднак нечакана з’яўляецца той самы Генры Стэрджэс разам з паліцыяй. Усіх арыштоўваюць. Той жа Генры праводзіць Абрахама Лінкальна ў апошні шлях.

Наступныя кадры фільму — 1960-я гады. У Вашынгтоне масавая маніфестацыя ў падтрымку правоў чарнаскурых амерыканцаў. Марцін Лютэр Кінг кідае з трыбуны славутыя: «Я маю мару». Здалёк за ім назіраюць Генры Стэрджэс і… Лінкальн. Аказваецца, Генры паспеў укусіць Абрахама, калі той пасля стрэлаў Буза знаходзіўся ў стане агоніі. Лінкальн стаў вампірам, хаця і добрым. А вампіры, як вядома, не паміраюць.

Вось такі сінопсіс кнігі, якая адразу пасля выхаду выклікала супярэчлівыя рэцэнзіі. Газета «The Los Angeles Times» напісала: «Аўтар змог распавесці пра вялікую асобу з дапамогай гумару і жанру гісторый пра вампіраў». Затое часопіс «Time» палічыў, што Грэм-Сміт яўна перабраў, калі прадставіў рабства як выток вампірызму. Іншы часопіс «Entertainment Weekly» назваў кнігу «трывіяльнай».

Аднак, думаецца, што пісьменніка мала цікавілі меркаванні літаратурных крытыкаў. Яго больш цікавіла тое, што «Лінкальн — паляўнічы за вампірамі» 15 тыдняў пратрымаўся ў спісе бестселераў аўтарытэтнага выдання «New York Times». Гэты факт гарантуе аўтару новыя заказы ад выдаўцоў і інтарэс з боку Галівуду. У выніку Галівуд хутка купіў правы на «Паляўнічага за вампірамі». Стужку будзе здымаць расіянін Цімур Бекмамбетаў. Папярэдняя дата прэм’еры — 22 чэрвеня 2012 года. Бюджэт карціны — 16 мільёнаў долараў.

Між тым, сур’ёзныя выданні ўжо б’юць трывогу. Фільм можа пакласці пачатак цэламу жанру гістарычных фантазій. Магчыма, заўтра на экраны выйдзе стужка кшталту «Сталін — сябра гномаў. «Галівуд мяняе гісторыю сучаснасці, прыпісваючы гістарычным персанажам тое, што яны ніколі не рабілі. Губляюцца вечныя арыенціры зла і дабра», — абураецца «El Pais». У якасці своеасаблівага адказу на падобныя абвінавачванні вядомы рэжысёр Цім Бартан кажа: «Хочаце сапраўднай гісторыі? Глядзіце History Channel».
 

Каментаваць