Лаянка ў польскай палітыцы

Газета «Rzeczpospolita» правяла цікавае даследаванне гісторыі выкарыстання лаянкі ў польскай палітыцы. Прапануем аўтарызаваны скарочаны пераклад.



Газета «Rzeczpospolita» правяла цікавае даследаванне гісторыі выкарыстання лаянкі ў польскай палітыцы. Прапануем аўтарызаваны скарочаны пераклад.

«Рэч Паспалітая — бардэль, канстытуцыя — канстытутка, а дэпутаты — казлы», — ахвотна казаў на публіцы Ёзэф Пілсудскі. «Хай гэтае быдла ведае, што я пра іх думаю», — гэтую фразу прыпісваюць Уладзіславу Гамулку, першаму сакратару Польскай аб’яднанай працоўнай партыі (PZPR) 1950–1960-х гадоў. Трансфармацыя палітычнай мадэлі не вельмі паўплывала на палітычны лексікон за Бугам. Так, Лех Валенса звяртаўся да прэзідэнта Леха Качыньскага не інакш, як «сук…н сын». Таксама ў палітычных салонах папулярныя словы: «вычварэнец», «дэбіл», «га…но».

Ці можна лічыць ужыванне такіх слоў і выразаў нейкім хамствам або гэта частка лакальнай палітычнай культуры? — задаецца пытаннем польская прэса.

Наўрад ці палякі былі першапраходцамі. Так, Напалеон называў Шарля Талейрана, кіраўніка свайго замежнага ведамства, які пасля здрадзіў яму, «гаў...о ў панчохах».

У дадатак брыдкія словы ўспрымаліся грамадствам па-іншаму на розных этапах яго эвалюцыі. Так, на пачатку існавання Другой Рэчы Паспалітай, здавалася, непрыгожае слова «гной», якое часта адрасавалася дэпутатам ад сельскіх партый, было нормай.

Філолагі таксама лічаць, што насычанасць палітычнага жаргону лаянкай залежыць ад канкрэтнай гістарычнай сітуацыі. Тое, што той жа Пілсудскі актыўна выкарыстоўваў лаянку, часткова было звязана з духам часу. Амаль уся тагачасная палітычная эліта Польшчы прыйшла ў міністэрствы з фронту, дзе лексічныя нормы, як вядома, спецыфічныя.

Яшчэ адзін цікавы момант: шмат хто з тагачасных палітычных дзеячаў, уключаючы Пілсудскага, раней захапляўся сацыялістычнымі ідэямі. Ужыванне простых і моцных народных выразаў лічылася сярод гэтай групы палітыкаў нават своеасаблівым шыкам, сімвалам сувязі з простым народам. У гэтым плане «моцнае слова» было формай палітычнага піяру. Той жа Пілсудскі цудоўна ведаў мастацкую літаратуру і пры нагодзе мог нават цытаваць вершы. Гэтыя дэкламацыі выглядалі ў вачах тых жа арыстакратаў цалкам натуральна.

Сітуацыя з практыкай выкарыстання лаянкі ў польскай палітыцы цалкам змянілася ў савецкія часы. Палітычная мова стала больш нуднай. Тыпаж трыбуна і аратара, здольнага імправізаваць, падбудоўвацца пад аўдыторыю, парыраваць праціўніку нават часам з дапамогай ненарматыўнай лексіцы, быў не запатрабаваны. Камуністычныя палітыкі ў сваіх прамовах карысталіся наборам шаблонаў пра «партыю як вядучую сілу польскага народу», пра «неразрыўнае сяброўства з Масквой» і «сталыя правакацыі імперыялізму».

Увогуле, можна падазраваць, што ўсе тэксты тагачасных публічных прамоў былі загадзя напісаныя і, магчыма, нават адрэдагаваныя адпаведным органам. Такая моўная стылістыка на публіцы відавочна не адпавядала быту. Сведкі кажуць, што на пасяджэннях у цэнтральнай сядзібе PZPR за словамі ў кішэню не лезлі. Асам у гэтай галіне лічыўся Гамулка. Часам ён дазваляў сабе казаць пры людзях моцныя словы.

У часы Герэка, які лічыўся інтэлектуалам, атмасфера ў партыйных офісах змянілася. Першы сакратар папрасіў, каб кіраўнікі PZPR пачалі называць адзін аднаго выключна на «Вы».

Трэба адзначыць, што строгія лексічная рамкі для камуністычных чыноўнікаў, часам дазвалялі ім не дэманстраваць сваё сапраўднае аблічча. Чаго нельга сказаць пра часы Трэцяй Рэчы Паспалітай. Адсутнасць усялякіх нормаў дазваляла палітыкам казаць рэчы, якія, як мінімум, выклікалі неразуменне. Малазразумелыя псеўданавуковыя штампы пра «імперыялізм» змяніліся заявамі, якія таксама ўтрымліваюць мала сэнсу. Напрыклад, лібералы з «Грамадзянскай платформы» ўвесь час абвінавачваюць палітычнага праціўніка Яраслава Качынькага ў тым, што ён збіраецца «падпаліць Польшчу». Што гэта значыць?

«Rzeczpospolita» адзначае, што сярод прадстаўнікоў эліты час ад часу назіраюцца спробы надаць сабе рэнаме інтэлектуалаў. Аднак пакуль яны выглядаюць карыкатурнымі. Узгадваюць, як кансерватар Марыюш Камінскі паспрабаваў атакаваць у Сейме прэм’ера Дональда Туска цытатай з Сервантеса: «Чалавек без гонару горшы за смерць». Нават сябры па фракцыі не зразумелі такога выбрыку і раскрытыкавалі Марыюша за дэмагогію.

У гэтым плане значна цікавей за цытаты Сервантэса гучаць характарыстыкі, якія ў свой час польскія палітыкі прыпісалі сваім апанентам: «поўны нуль», «вясковец», «дэбіл польскай палітычнай сцэны», «хворы дэбіл», «палітычны зомбі», «псіхічны вычварэнец».

Аднак такі каскад абразаў, на думку «Rzeczpospolita», не значыць рэгрэсію ў параўнанні з часамі камунізму. Лаянка з боку міністраў не ўспрымаецца ў грамадстве так, як у часы дыктатуры PZPR. Калі раней чыноўнік дапускаў падобныя выразы, гэта значыла, што ён быў не на жарт раз’юшаны. Словы таго ж Герэка пра намер «мець у ду...у» страйкуючых рабочых у Радоме значылі адкрытую пагрозу іх жыццю і свабодзе.

Сёння ненарматыўная лексіка гучыць як некантраляваны спантанны псіхічны зрыў, за якім няма жадання непасрэдна фізічна знішчыць апанента. А тое, што пасля прэса тыражуе факт лаянкі і смяецца з яе аўтара, прымушае палітыка быць больш асцярожным у наступны раз. Прынамсі, так лічыць «Rzeczpospolita».

Аднак, каб выданне не западозрылі ва ўзурпацыі думкі, на ўсялякі выпадак напрыканцы «Rzeczpospolita» ўзгадвае яшчэ адзін славуты афарызм Ёзэфа Пілсудскага: «Думка — як ду...а. У кожнага свая».
 

Каментаваць