Лама ідзе на пенсію

Тыбецкі рух напярэдадні кардынальнай трансфармацыі. Далай-лама перадаў частку паўнамоцтваў новаму лідару эміграцыйнага ўраду.



Тыбецкі рух напярэдадні кардынальнай трансфармацыі. Далай-лама перадаў частку паўнамоцтваў новаму лідару эміграцыйнага ўраду.

Яшчэ ў далёкія 1960-я гады, калі цяперашні 14-ы Далай-лама толькі збег з захопленага камуністамі Тыбету ў Індыю, ён пачаў казаць пра рэформу тыбецкай мадэлі дзяржавы. Апошняя, як вядома, будуецца на прынцыпе выканання царквой яшчэ і адміністратыўных функцый. Гэта значыць, што вышэйшая духоўная асоба, Далай-лама, з’яўляецца адначасова кіраўніком дзяржаўнай вертыкалі. Далай-лама выступіў за падзел дзяржавы і царквы шляхам стварэння свецкага ўраду, які б, у дадатак, абіраўся дэмакратычным галасаваннем.

Нягледзячы на тое, што Далай-лама мае абсалютную ўладу над тыбетцамі і можа патрабаваць усё, што заўгодна, яго мара рэалізавалася толькі амаль праз паўстагоддзя. У красавіку гэтага года раскінутая па ўсім свеце тыбецкая дыяспара абірала прэм’ера эміграцыйнага ўраду, які на мове тыбетцаў называецца калон-трыпа (Kalon Tripa). Кандыдатаў было трое, а перамог 43-гадовы юрыст-міжнароднік Лобсанг Сангай. За яго прагаласавала 55 працэнтаў выбарцаў.

У жніўні Сангай урачыста прыняў прысягнуў і заступіў на пасаду калон-трыпа, чыя рэзідэнцыя, як вядома, знаходзіцца ў індыйскім гарадку Дхарамсале. Гэты горад перадаў тыбецкім уцекачам яшчэ сам Джавахарлал Неру. Цяпер Лобсанг і яго ўрад займаюцца адміністратыўным блокам, а Далай-лама — духоўным накірункам.

Гістарычны акт аддзялення царквы ад дзяржавы не выклікаў у тыбецкай супольнасці прыліву аптымізму. Хутчэй, наадварот. Лобсанг як лідар Далай-ламе моцна прайграе. Ён нарадзіўся ў 1968 годзе ў сям’і эмігрантаў і ніколі не быў на радзіме продкаў. Яго біяграфія — хутчэй кар’ера паспяховага юрыста. Адзінай гераічнай старонкай тут з’яўляецца хіба што гісторыя шлюбу. Лобсанг паходзіць з беднай сям’і, аднак здолеў дабіцца рукі дзяўчыны, якая належыць да вядомага арыстакратычнага роду. Больш таго, прайшоў адбор на статус мужа, змагаючыся з іншымі прэтэндэнтамі-арыстакратамі.

Пасля заканчэння ўніверсітэту ў Дэлі, Лобсанг падаўся ў ЗША, і праз нейкі час стаў першым з тыбетцаў (увогуле, на зямлі іх каля сямі мільёнаў), які атрымаў дыплом Гарвардскага ўніверсітэту. Акрамя вучобы, ён займаўся арганізацыяй розных канферэнцый з удзелам Далай-ламы, працаваў у моладзевых азіяцкіх арганізацыях, напісаў кнігу пра Тыбет. Вось з такім жыццёвым багажом ён і стаў правадыром тыбецкай нацыі.

Хаця саму працэдуру дэмакратычнага абрання тыбецкая супольнасць вітала, скептыцызму наконт прэм’ерства Лобсанга хапае. Каментатары пагаджаюцца, што без аўтарытэту Далай-ламы і маштабу яго персоны, інтарэс да тыбецкага пытання ў свеце можа рэзка паменшыцца. Самому руху пагражае частковая маргіналізацыя, паколькі новы прэм’ер, у адрозненні ад Далай-ламы, не з’яўляецца ўваходным у элітныя палітычныя салоны.

Сыход Далай-ламы можа значыць і рэвізію канцэпцыі тыбецкага вызвольнага руху. Як вядома, у сярэдзіне 1980-х Далай-лама навязаў яму прынцып адмаўлення ад гвалту. Раней тыбетцы не саромеліся пісаць у Вашынгтон грантавыя заяўкі на вядзенне партызанскай барацьбы супраць Мао. На тэрыторыі Злучаных Штатаў знаходзіліся цэнтры для тыбецкіх камандас.

Не выключана, што за адсутнасцю Далай-ламы пацыфізм зноў саступіць месца радыкальнай тактыцы супраціву. Экстрэмісцкія настроі, сапраўды, вельмі папулярныя сярод маладой генерацыі тыбецкіх эмігрантаў. Гэта людзі, якія выраслі ў сучасным грамадстве і адмаўляюцца шукаць кампраміс з несправядлівым светам праз малітвы. Моду на радыкалізм надаюць навіны з гістарычнай радзімы, дзе адбываецца хуткі працэс культурнай асіміляцыі і каланізацыі краю. Шмат хто баіцца, што праз пару дзясяткаў гадоў кітайскія каланісты будуць у Тыбеце ў большасці. Сам тыбецкі нацыяналізм у такім выпадку згубіць перспектыву аднаўлення сваёй дзяржаўнасці і ператворыцца ў рух у абарону гістарычных культурных помнікаў. У гэтым плане адна з самых вялікіх задач новага прэм’ера — наладзіць дыялог паміж старымі і маладымі актывістамі, не даць знікнуць гуманістычнай спадчыне цяперашняга Далай-ламы.

Таксама не варта чакаць ад Лобсанга прарываў у адносінах з КНР. Ён прыйшоў на пасаду прэм’ера ў цяжкі для Тыбету час. Калі верыць праваабарончым арганізацыям, зараз у кітайскіх турмах самая вялікая за ўсю гісторыю колькасць тыбецкіх палітвязняў. Гэта непасрэдны вынік беспарадкаў у Лхасе ў 2008 годзе. З улікам напружанасці ў суседнім Уйгурскім раёне, рэжым у Тыбеце застаецца жорсткім. Тыя ж праваабарончыя арганізацыі інфармуюць пра нядаўнія затрыманні прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты.

Аднак зараз Лобсангу, думаецца, не да перамоваў. Існуе пагроза легітымнасці яго ўраду. Яна, так ці інакш, трымаецца на фігуры Далай-ламы — апошняга лідара фактычна незалежнага Тыбету.

Аднак Далай-лама не вечны. Яму больш за 75 гадоў. Паводле правіл, пасля смерці Далай-ламы манахі арганізуюць пошукі яго наступнай інкарнацыі, маленькага дзіцяці, які павінен валодаць нейкімі прыкметамі гуру і прайсці тэсты. Пошук займае звычайна некалькі гадоў. Затым дзіця праходзіць навучанне пад кіраўніцтвам дасведчаных лам. Асноўную ролю ў прызнанні Далай-ламы гуляе Панчэн-лама — другая асоба ў тыбецкім будызме.

З Панчэн-ламамі зараз поўная катавасія. Увесну 1995 года Далай-лама абвясціў новым Панчэн-ламай шасцігадовага Гендуна Чокьі Ньіму. Кітайскі ўрад неадкладна адрэагаваў, і «прызначыў» на гэту пасаду іншае дзіця — Г’ялцэна Нарбу.

Каб абраць патрэбнага Панчэн-ламу, кітайскія знаўцы будызму знайшлі ў старых кнігах цікавы рытуал. Аказваецца, Панчэн-ламу можна абіраць у абыход капрызаў Далай-ламы. Яго можна абіраць метадам латарэі. Такая практыка ўпершыню была ўжытая ў XVIII стагоддзі. Прозвішча кандыдатаў пішуць на паперы і кідаюць у спецыяльную залатую ўрну, якую круцяць перад статуяй Буды ў галоўным храме, пакуль адтуль не выпадзе прозвішча шчасліўца.

Кітайскія ўлады ўхапіліся за гэту папраўку, і хуценька арганізавалі Лама-лато. У лістападзе 1995 годзе выбар паў на Г’ялцэна Нарбу. Хаця хлопчык нарадзіўся ў 1990 годзе, ён ужо абраны віцэ-прэзідэнтам асацыяцыі будыстаў Кітаю і, больш таго, фармальна засядае ў дзяржаўных органах КНР, якія адказваюць за міжканфесіянальныя сувязі.

Што тычыцца Гендуна Чокьі Ньімы, то ён быў узяты «пад ахову» ўладамі КНР, а яго месцазнаходжанне з тых часоў невядома. Ён, дарэчы, лічыцца самым маладым палітычным вязнем у свеце.

З улікам крызісу інстытуту Панчэн-ламы, нікому не зразумела, як будзе абірацца наступны Далай-лама. Цяперашні, калі верыць прэсе, зараз праводзіць шматлікія кансультацыі з рэлігійнымі спецыялістамі, у пошуках выхаду з патавай сітуацыі са сваім духоўным пераемнікам. Ад гэтага рашэння, відавочна, будзе залежыць будучыня ўсяго тыбецкага руху за незалежнасць.
 

Каментаваць