Ламаносаў — шпіён памораў

Вялікі рэзананс выклікала ў Расіі справа Івана Маісеева, лідара руху за аўтаномію паморцаў, якога судзяць за пакінутае на інтэрнэт-форуме абразлівае слова “быдла на адрас рускіх у Архангельскай вобласці.
 



Суд над Маісеевым быў прызначаны на 6 снежня, аднак у апошні момант яго давялося адкласці. Іван Маісееў напярэдадні трапіў у шпіталь.

Такім чынам, пакуль лёс кіраўніка Паморскага інстытуту карэнных і малалікіх народаў Поўначы Паўночнага Арктычнага федэральнага ўніверсітэта, старшыні Асацыяцыі памораў Архангельскай вобласці (гэта ўсё рэгаліі Маісеева) застаецца падвешаным. Ніхто не ведае, што чакае яго за слова “быдла, якое ён быццам размясціў на сайце выдання «Эхо Севера» ў рамках палемікі з Анатолем Халтурыным, ветэранам МУС, пенсіянерам. Халтурыну вельмі не спадабаўся артыкул Маісеева “Памор’е ў еўразійскім свеце, дзе аўтар апісаў пагрозу асіміляцыі народаў Поўначы, у тым ліку памораў, патрабуючы для апошніх статуса меншасці.

Абураны такімі канцэпцыямі, экс-міліцыянер пакінуў два эмацыйных каментары. Першы: “Падзеленая краіна ніколі не будзе адзінай. Цяпер аўтар заклікае падзяліцца на рэгіёны, а заўтра — разысціся, паслязаўтра — далучыцца да Паўночнай Еўропы. Цары і камуністы збіралі краіну, паморы жадаюць яе разваліць. Да сценкі!

Другі: “Паморы! Супакойцеся. Нас… у Архангельскай вобласці — 1 млн. 200 тыс. Вас, памораў, — усяго 2 тыс. І вы, паморы, — угра-фіны — лічыце сябе “духоўным і культурным стрыжнем Архангельскай вобласці? У аўтара артыкула і яго сяброў — манія велічы. Хутка слова “памор стане імем намінальным. Мы не дапусцім, каб лідары памораў адарвалі вобласць ад рускай цывілізацыі.

 На гэта выказванне з’явіўся лаканічны адказ пад лагінам “Паморы: “Што ты з намі зробіш? Вас мільёны быдла, а нас 2 тысячы людзей. Як сцвярджае следства, каментар быў дасланы на сайт з кампутара Маісеева, а слова “быдла тычылася нацыянальнай групы “рускія.

Справа адразу набыла прысмак сканадальнасці. Пры жаданні ў інтэрнэце можна знайсці значна больш абразлівыя выказванні. Акрамя таго, да крымінальнай справы аказаліся далучаны матэрыялы “праслухоўкі тэлефонных размоў Маісеева, дазволеныя ў рамках праверкі ўжо па іншым, больш цяжкім артыкуле — “Дзяржаўная здрада. Стала вядома, што на Лубянцы нарадзілася версія, быццам Маісееў сваімі дзеяннямі па актывізацыі паморскага руху ў Архангельскай вобласці дамагаўся прызнання памораў карэнным малым народам Поўначы і ўключэння тэрыторыі іх пражывання ў юрысдыкцыю міжнароднага права, што ў далейшым магло прывесці да парушэння тэрытарыяльнага адзінства Расіі (!).

Цяпер расправа адкладаецца як мінімум да студзеня, калі прызначана новае пасяджэнне суда. Між тым, скандальныя акалічнасці справы выклікалі ў рунэце вялікі інтарэс да феномену памораў і іх руху.

У энцыклапедыі “Народы Еўрапейскай часткі СССР 1964 года гаворыцца, што “паморы хутчэй геаграфічны, чым этнаграфічны тэрмін. У савецкі час лічылася, што паморы — гэта нашчадкі рускіх перасяленцаў з Поўначы, якія адрозніваюцца ад астатніх рускіх “галоўным чынам асаблівасцямі гаспадарчага быту.

Так не думаюць заснавальнікі руху “Паморскае адраджэнне, які ўзнік у эпоху перабудовы ў Архангельску на базе тусоўкі мясцовых студэнтаў медыкаў. Гэта была маргінальная група інтэлектуалаў, якіх хапала на той час. Дастаткова згадаць рух за аўтаномію Палесся, які на пачатку 1990-х гадоў быў вельмі маштабны ў Беларусі і нават дамагаўся прызнання палескай мовы дзяржаўнай.

Лідарам паморскай групы стаў Іван Маісееў. Асноўная ідэя групы: для адраджэння Памор’я неабходна вызваліцца ад маскоўскай каланіяльнай залежнасці і адрадзіць “Паморскую рэспубліку. 3 студзеня 1991 года Маісееў апублікаваў у архангельскай газеце “Волна артыкул “Мы — за Паморскую рэспубліку, у якой гаварылася: “Арганізацыя ЮНЭСКА распрацоўвае план стварэння аб’яднаных штатаў Еўропы на аснове існых еўрапейскіх дзяржаў. У Архангельскай вобласці ёсць рэальная магчымасць у будучыні стаць адным з такіх штатаў.

Правобраз такой рэспублікі, быццам, у нейкім варыянце існаваў у ХV–ХIХ стагоддзях на ўсёй прасторы Рускай Поўначы, ад Волагды да Урала, якая звалася тады Памор’е. Самі паморы, на думку Маісеева, з’яўляюцца асобным славянскім этнасам, паколькі кантактавалі з угра-фінамі і мелі асобны ад рускіх менталітэт, бо не ведалі прыгоннага права. Як кажуць паморскія сепаратысты, Памор’е ў канцы ХV стагоддзя было заваявана “маскалямі. Аднак пры гэтым, быццам, паморы не былі асіміляваныя цалкам і як асобны этнас павінны атрымаць цяпер права на аўтаномію.

На самай справе, ідэолагам гэтага накірунку з’яўляўся нябожчык прафесар Уладзімір Булатаў, які займаў 1990-я гады пасаду рэктара Паўночнага Арктычнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава ў Архангельску. Паводле яго тэорыі, паморы з’яўляюцца асобным рускамоўным этнасам, са сваёй адмысловай этнічнай самасвядомасцю, мовай і арыгінальным рэлігійным этнічным светапоглядам (Паморская старажытнаславянская царква). Тое, што Міхаіл Ламаносаў зрабіў такую кар’еру, паморскія нацыяналісты тлумачаць яго паморскімі каранямі. Дзякуючы ім Міхаіл меў больш шырокі светапогляд і выдзяляўся на фоне выхадцаў з феадальнай Вялікаросіі.

Паморская ідэя выклікала шок у Маскве. “Антыпаморы сцвярджаюць, што паморы — гэта ўсяго толькі паўночнаруская частка рускага народа, нашчадкі ноўгарадцаў. Культура паморцаў, па іх словах, не адрозніваецца ад агульнарасійскай. Культура марскога рыбнага промыслу, на іх думку, — не аргумент. Так што ніякай гаворкі пра прызнанне паморцаў асобным народам весціся не можа.

Крытыкі паморскага народа таксама звязваюць нараджэнне паморскай ідэі з дзейнасцю нарвежцаў. З 1992 года архангельская інтэлектуальная эліта пачынае актыўны кантактаваць са скандынавамі. Адначасова адбылася і змена статусу мясцовай “інтэлектуальнай эліты: былы правінцыйны архангельскі педінстытут атрымаў гучнае імя Паморскага ўніверсітэта ім. М.В. Ламаносава (як і Маскоўскі ўніверсітэт). Прафесура гэтай установы стала актыўна супрацоўнічаць з калегамі з Фінляндыі, Нарвегіі і Швецыі (галоўным чынам — з Нарвегіі). Архангельск стаў успрымацца ёю як нейкая інтэлектуальная і культурная сталіца гісторыка-культурнага рэгіёна, што называўся ўжо не Руская Поўнач, а Памор’е.

Адначасова, па словах дзяржаўнікаў, нарвежцы сталі непасрэдна стымуляваць паморскі этнагенез. У прыватнасці, яны сталі перапісваць сваю гісторыю. Так, раней у нарвежскіх крыніцах гандаль з Архангельскам называўся “russen handel (расійскі гандаль). Яго пераназвалі “pomoren handel (паморскі гандаль). “Аказваецца, нарвежцы ў сваім гістарычным мінулым мелі добрыя адносіны і пазітыўныя сувязі не з рускімі, а з паморамі, — іранізуе адзін з расійскіх гісторыкаў, апанентаў паморскай ідэі.

Звяртаецца ўвага на тое, што нарвежская арганізацыя “Баранцавы сакратарыят вылучыла грошы на выданне першых кніжак на паморскай мове. Пошукі следу замежных шпіёнаў на старонках рускай нацыяналістычнай прэсы даходзяць да таго, што тут пабачылі нейкі фрагмент глабальнай вайны за рэсурсы Арктыкі.

Аднак сітуацыя тут больш заблытаная. Так, у мінулым годзе арганізацыю “Паморскае адраджэнне прынялі ў Агульнарасійскі народны фронт — рух за абранне Пуціна прэзідэнтам.

Пакуль цяжка сказаць, чым закончыцца справа Маісеева. У любым выпадку, можна казаць, што паморцы выйшлі за рамкі клубу інтэлектуальных маргіналаў і карыстаюцца нефармальнай падтрымкай мясцовай эліты. Бо як яшчэ можа зразумець той факт, што ў архангельскай афіцыйнай прэсе менавіта Маісееў і яго кампанія атрымліваюць старонкі для пратэстных артыкулаў супраць прызначэння Крамлём у архангельскі край адміністратараў — выхадцаў з іншых рэгіёнаў Расіі.
 

Каментаваць