Ласкава просім у Біпіджан

10 сакавіка ў Азербайджане адбыўся ініцыяваны прэзідэнтам Ільхамам Аліевам рэферэндум, знешне канцэптуальна падобны на той, што адбыўся ў Беларусі ўвосень 2004 года. Пра асаблівасці азербайджанскага канстытуцыйнага і палітычнага працэсу журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з азербайджанскім палітолагам Майсісам Гулаліевым.



10 сакавіка ў Азербайджане адбыўся ініцыяваны прэзідэнтам Ільхамам Аліевам рэферэндум, знешне канцэптуальна падобны на той, што адбыўся ў Беларусі ўвосень 2004 года. Пра асаблівасці азербайджанскага канстытуцыйнага і палітычнага працэсу журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з азербайджанскім палітолагам Майсісам Гулаліевым.

— Няма ніякага сумневу, што апошнія змяненні канстытуцыі былі звязаныя з інтарэсамі адной канкрэтнай асобы. Ільхам Аліеў ужо два разы абіраўся на вышэйшы пост, прычым, мякка кажучы, далёка не дэмакратычна. Якую пазіцыю да апошніх прапаноў заняла апазіцыя? Ці была ў грамадстве вольная палеміка наконт пытання пра змяненне канстытуцыі?

— Дэмакратычная апазіцыя заняла вельмі супярэчлівую пазіцыю. З аднаго боку, для яе быў зразумелы антыдэмакратычны характар паправак. З другога — за апазіцыяй стаіць амбасада ЗША. Так сталася, што рэжым Аліева пасуе геапалітычным схемам Вашынгтона: нафтавы сектар належыць заходнімі кампаніямі, імпарт сыравіны ў Еўропу стабільны. Таму пратэсты апазіцыі насілі абмежаваны характар. Лідэры шмат казалі пра парушэнне дэмакратыі, аднак далей за словы яны не ішлі. Ні ў дзень галасавання, ні напярэдадні ніякіх акцыяй пратэсту не было. Аднак нават ведаючы, што апазіцыя не будзе пратэставаць, улады ўсё роўна зрабілі што маглі, каб альтэрнатыўная думка не рэзала слых. У краіне восем каналаў ТБ. Дык вось, апазіцыя на ўсіх васьмі каналах прыкладна мела на агітацыю — 4 разы па 10 хвілін.

— Азербайджан — адзіная краіна ў СНД, дзе нягледзячы на крызіс нацыянальная валюта манат каштуе да долару столькі ж, колькі каштавала год таму. Іншымі словамі, дэвальвацыі ў Азербайджане не было. Як гэта можна патлумачыць?

— Манат сапраўды застаецца стабільным. Такую дзіўную валютную стабільнасць можна разглядаць хутчэй за ўсё як тактычны ход. Калі б напярэдадні рэферэндуму Аліеў пайшоў на дэвальвацыю (усе эканамісты заклікаюць панізіць курс азербайджанскай валюты да ўзроўню 1 долар — 1,25 маната), гэта б выклікала пратэсты ў асяроддзі чыноўнікаў. У выніку, каб падтрымліваць цяперашні курс манату, улады вымушаны былі патраціць чатыры мільярда долараў з тых сямі, якія краіна за 2008 год зарабіла на продажы нафты.

— Напярэдадні рэферэндуму Турцыя заявіла пра намер адчыніць мяжу з Арменіяй, якую зачыніла ў 1993 годзе ў знак салідарнасці з Азербайджанам. Блакада Арменіі з боку Турцыі разглядалася ў Баку як важны чыннік у вяртанні Азербайджану захопленых Арменіяй тэрыторый Нагорнага Карабаху. Ці адлюстраваўся гэты відавочны дыпламатычны правал Аліева на ягоным рэйтынгу?


— Рашэнне Анкары, натуральна, не спадабалася Баку. Аднак трэба зразумець, што ў міжнародным плане ніякай паслядоўнай палітыкі Азербайджан не праводзіць. Паглядзіце на тое, у якіх абставінах адбываюцца сустрэчы Аліева з армянскім прэзідэнтам. Яны абсалютна шчыра размаўляюць. Затое пасля вяртання дахаты Аліеў моцна крытыкуе армян. Нешта падобнае адбываецца і ў адносінах да іншых краін. Калі да нас прыязджае турэцкі лідэр, Аліеў кажа, што мы і туркі — адна штучна падзеленая нацыя. Калі сустракаецца з іранскім калегам, абавязкова кажа, што мы браты па рэлігіі і г. д. Задача — папросту падтрымліваць імідж. Думаю, калі б ён нават хацеў кінуць палітыку і пайсці ў адпачынак, яго б не пусцілі. На яго вобразе нашчадка Аліева-старэйшага трымаецца ўся легітымнасць улады. Сапраўдныя рашэнні ў краіне прымаюцца на ўзроўні адміністрацыі буйных карпарацый, якія кантралююць азербайджанскую эканоміку. Перш за ўсё мова пра галоўнага інвестара — брытанскую кампанію British Petroleum (BP). Часам Азербайджан нават жартам называюць Біпіджан.

— Як бы вы маглі ацаніць цяперашні сацыяльна-эканамічны стан Азербайджану?

— Я адкажу пытаннем на пытанне: колькі вы плаціце на мяжы супрацоўніку беларускай мытні, каб ён дазволіў вам пакінуць краіну? А колькі грошай вучань першага класа ў беларускай школе плаціць настаўніку штомесяц? У нас стала нормай, калі бацькі кожны месяц даюць кіраўніку класу, дзе вучыцца іх дзіця, 20–30 долараў. Пасля гэтага класныя кіраўнікі збіраюцца і пад кантролем дырэктара дзеляць грошы паміж сабой. Вялікая частка хабару, натуральна, ідзе ў кішэню дырэктара. Прыклады з жыцця мытні і школы — гэта і ёсць азербайджанская рэчаіснасць. Дзе і каму «даць на лапу» — няпісаны закон. У грамадстве татальная карупцыя. Любая дзяржаўная пасада лічыцца сродкам зарабіць грошы. Тарыфы ўсім вядомыя. Хочаш стаць дырэктарам сярэдняй школы — калі ласка, пакладзі 30 тысяч долараў. За кошт хабараў сем’і фармуюць 80 працэнтаў свайго рэальнага бюджэту (сярэдні азербайджанец зарабляе прыблізна 500 долараў).

— Якія Вашы прагнозы на развіццё сітуацыі ў краіне?

— Мяркую, што цяперашні грамадскі кансенсус будзе парушаны ў 2017–2018 годзе, калі, па разліках спецыялістаў, катастрафічна ўпадзе аб’ем здабычы нафты. На цяперашні час 75 працэнтаў нацыянальнага бюджэту складаецца за кошт продажу сыравіны. Калі паступленні ад продажу нафты будуць скарочаныя гэтак жа катастрафічна, то сацыяльнага калапсу не пазбегнуць. Тады сапраўды ў апазіцыі з’явіцца шанс. Аднак вялікае пытанне — якая апазіцыя скарыстаецца сітуацыяй? Па-першае, цяперашняя дэмакратычная апазіцыя скампраметавала сябе ў першыя гады незалежнасці, калі абяцала за кошт нафты пакрыць дарогі Баку замест асфальту золатам. Па-другое, яна не мае кантактаў з масамі. Усе акцыі апазіцыі забараняюцца. Нарэшце, яна абяцае інтэграцыю ў Еўропу, урад якой дэ-факта падтрымлівае рэжым Аліева. За такімі абставінамі ў вачах простых людзей сапраўдная палітычная і сацыяльная альтэрнатыва становіцца звязаная з ісламам. Па ўсёй краіне будуюцца мячэці, якія робяцца лакальнымі цэнтрамі фармавання грамадскіх настрояў. На працягу апошніх месяцаў у краіне стала ідуць арышты прыхільнікаў Аль-Каіды, аднак рэцэпту барацьбы з гэтым злом органы не маюць.
 

Каментаваць