Лешэк Мілер. Аскар Барахлінаў. Сільвіа Берлусконі

Лешэк Мілер

Лешэк Мілер

Былы прэм’ер-міністр Польшчы ад партыі «Саюз левых дэмакратаў» заняў вельмі арыгінальную пазіцыю ў адносінах да інцыдэнту на польска-ўкраінскай мяжы. Польскія памежнікі адмовіліся прапускаць праз кардон групу ўкраінскай моладзі — удзельнікаў веласіпеднага прабегу «Еўрапейскімі шляхамі Бандэры», хаця тыя і мелі візы. Фармальная падстава — адсутнасць нейкіх дадатковых дакументаў. А напярэдадні вядомы ў Польшчы ксёндз Ісаковіч-Залескі накіраваў у пракуратуру і МЗС патрабаванне не пускаць веласіпедыстаў у краіну. У Польшчы імя Бандэры звязваецца з генацыдам палякаў на Валыні, палітычным тэрорам і супрацоўніцтвам з Абверам. Інцыдэнт меў вялікі рэзананс. Левыя і прарасійскія партыі Украіны віталі рашэнне Варшавы. На іх думку, МЗС Украіны зрабіў бы гэтак жа, як і польскі, калі б маладыя палякі задумалі велатур «Украінскімі шляхамі Пілсудскага». Польская ліберальная прэса («Gazeta Wyborcza») у сваю чаргу лічыць, што скандал толькі на руку Маскве. Газета заклікае бакі не размаўляць на мове нянавісці. А вось Мілер усю адказнасць пераклаў на прэзідэнта Качыньскага і прэм’ера Туска. Яны, на яго думку, доўгі час заплюшчвалі вочы на спробы Юшчанкі рэабілітаваць радыкальных нацыяналістаў. У выніку і атрымалі на сваю галаву велапрабегі кшталту «Еўрапейскімі шляхамі Бандэры».


Аскар Барахлінаў


Дэпутат гарадскога савету Паўладару (Казахстан) замахнуўся на Джаан Роўлінгз, аўтарку вядомага «Гары Потэра». Аскар падаў на брытанскую пісьменніцу ў суд, абвінаваціўшы яе па дзесяці пунктах казахскага КК, у тым ліку ў стварэнні арганізаванай злачыннай групоўкі, прапагандзе расавай дыскрымінацыі, вытворчасці наркотыкаў, друку фальшывых грошаў і нават у кантактах з міжнародным тэрарызмам. «Падчас навучання ў магічнай школе ён (Потэр) вучыцца рабіць выбухі і падпалы, пазбаўляць памяці і г.д. А колькі раз Потэр і яго сябры ўжываюць сметанковае піва, віно, медавуху... Магічная школа падобна на лагер па падрыхтоўцы тэрарыстаў у Афганістане, прафесар Дамблар — на Усаму бен Ладэна, чароўная палачка — на аўтамат Калашнікава. Ідэя падзелу людзей на магаў і чараўнікоў — тыповы расізм, — сцвярджае дэпутат у казахскай прэсе. — Потэр — небяспечны суб’ект, з якім лепш не сутыкацца». Калі віна пісьменніцы будзе даказаная, па казахскіх законах, ёй пагражае прыкладна 50 год турмы. Гэта, натуральна, малаверагодна. А вось яе творы і фільмы, знятыя па іх матывах, могуць забараніць, калі казахскія суддзі прызнаюць, што яны сапраўды прапагандуюць усё згаданае вышэй. Увогуле, хутчэй за ўсё, гэта своеасаблівы піяр Барахлінава.


Сільвіа Берлусконі


72-гадовага прэм’ер-міністра Італіі падазраюць у рэгулярных стасунках з прадстаўніцамі самай старажытнай прафесіі і нават тынейджэрамі. У такую цяжкую хвіліну на дапамогу Сільвіа нечакана прыйшла яго дачка Барбара. Яна дала інтэрв’ю часопісу «Vanity Fair», у якім заявіла, што знаходзіцца ў захапленні ад таго, як яе бацька знаходзіць агульную мову з моладдзю. Акрамя таго, яна выказала незадавальненне журналістамі, якія палітызуюць прыватнае жыццё Берлусконі. На правакацыйнае пытанне, што яна думае пра раман Сільвіа з 18-гадовай Леціцыяй Наомі, Барбара адказала: «Мяркую, гэта больш псіхалагічная сувязь. У мяне не было такога досведу». Яна таксама падзялілася думкамі наконт разводу яе бацькоў пасля скандалу з Леціцыяй. Барбара лічыць, што канфлікт у сям’і выкліканы доўгім тэрмінам шлюбу, які цягнуўся аж 30 год. Акрамя таго, Барбара, яе сястра Элеанора і брат Луіджы выступілі з калектыўнай заявай супраць апазіцыйнай Партыі дэмакратаў, якая правяла апошнюю выбарчую кампанію пад лозунгам: «Вы хацелі б, каб вашых дзяцей выхоўваў Берлусконі?» Дзеці Сільвіа ў адказ кажуць, што менавіта дзякуючы бацьку яны зразумелі сэнс сямейных каштоўнасцяў.
 

Каментаваць