Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«Ліза» 2.0 у Літве — элемент інфармацыйнай вайны

Нямецкіх салдат абвінавацілі ў згвалтаванні літоўскай дзяўчынкі-падлетка. Як Вільня і Берлін выкрылі фэйк аб бундэсверы ў Літве, які разглядаюць як элемент гібрыднай вайны, якую вядзе Расія супраць Захаду? 

1 лютага ў Літву прыбылі першыя вайскоўцы бундэсвера. Вайскоўцы бундэсвера ў аэрапорце Каўнаса. Фота DW

Нямецкія салдаты, размешчаныя ў Літве, сталі ахвярай ілжывых абвінавачванняў у згвалтаванні мясцовай дзяўчынкі. Што на самай справе здарылася і як атрымалася спыніць распаўсюд фэйку.

"Нічога і не здарылася. А чаму нічога не здарылася? Таму што мы былі добра падрыхтаваныя і аператыўна адрэагавалі. У выніку гэтая тэма апынулася хутка задушанай ў зародку". Так у пятніцу, 17 лютага, афіцыйны прадстаўнік міністэрства абароны ФРГ палкоўнік Барыс Нант (Boris Nannt) пракаментаваў DW чуткі пра нібыта згвалтаваную салдатамі бундэсвера непаўналетнюю дзяўчыну ў Літве.

Хроніка фэйка

14 лютага спікер сейма Літвы Віктарас Пранцкеціс, некалькі літоўскіх парламентарыяў, паліцыя краіны і шэраг СМІ атрымалі па электроннай пошце падпісаны выдуманым імем ліст. Аўтар ананімкі паведамляў, што ў мінулую пятніцу, 10 лютага, вайскоўцы бундэсвера, якія толькі што прыбылі ў Літву ў складзе міжнароднага батальёна NАТO, здзейснілі згвалтаванне непаўналетняй.

У лісце прыводзіўся цэлы шэраг падрабязнасцяў, якія рабілі гэтую гісторыю, на першы погляд, праўдападобнай. Згвалтаванне, маўляў, адбылося непадалёк ад гарадку, размешчанага ў 12–13 кіламетрах ад Руклы, дзе ў казармах літоўскага войска раскватараваны батальён NАТO. Ахвяра — 15-гадовая дзяўчына-падлетак з мясцовага інтэрната. Некаторыя літоўскія газеты, паведамляе нямецкі штотыднёвік “Der Spiegel”, паверылі ў такія падрабязнасці і апублікавалі неправераную інфармацыю.

А вось у спікера парламента Віктараса Пранцкеціса змест паведамлення адразу выклікаў падазрэнні, і гэты ліст пераправілі на праверку адпаведным службам і ведамствам, у прыватнасці, у дэпартамент дзяржбяспекі, а таксама міністэрствы абароны і ўнутраных спраў. Адразу ж паведамілі пра ананімку і нямецкім вайскоўцам.

У ходзе праверкі хутка высветлілася, што ўсё ў гэтым лісце — чыстай вады фэйк. Не было ні ахвяры, ні сведак, ні згвалтавання, ні гвалтаўнікоў. Пра вынікі расследавання літоўскія ўлады адразу ж праінфармавалі сродкі масавай інфармацыі, а тыя, у сваю чаргу, грамадскасць. Справа закрытая, варта ўсе забыць?

 Расія пад падазрэннем

 Методыка аўтара ананімкі і, перш за ўсё, згаданае ім згвалтаванне, паказвае Der Spiegel, моцна нагадвае гісторыю з "дзяўчынкай Лізай", калі на піку міграцыйнага крызісу, у студзені 2016 года, расійскія СМІ разгарнулі прапагандысцкую кампанію вакол нібыта згвалтаванай бежанцамі 13-гадовай берлінскай дзяўчынкі з сям'і немцаў-перасяленцаў.

Таму і да літоўскай "Лізы" 2.0 ў брусельскай штаб-кватэры NАТO паставіліся з усёй сур'ёзнасцю, бо пабачылі ў гэтай гісторыі спробу дыскрэдытаваць місію альянсу ў краінах Балтыі, і лічаць яе элементам гібрыднай вайны, якую вядзе Расія супраць Захаду. "Адзін з натаўскіх дыпламатаў, — піша “Der Spiegel”, — гаворыць пра новую правакацыі рускіх, якія пратэстуюць супраць часовай дыслакацыі ўзброеных сіл на ўсходнім флангу альянсу".

У Берліне з высновамі не спяшаюцца. Барыс Нант распавёў карэспандэнту DW, што паштовая скрыня, з якой быў дасланы ліст, больш не існуе, што літоўская паліцыя вядзе следства па факце падманнага паведамлення аб здзяйсненні злачынства і распаўсюджвання дэзінфармацыі. Ад высноў аб магчымых матывах і аўтарах фэйку ён устрымаўся, але пры гэтым выказаў упэўненасць, што дэзінфармацыя была наўмыснай.

У міністэрстве абароны ФРГ былі гатовыя да такога павароту інфармацыйнай вайны. "У ходзе кансультацый з нашымі партнёрамі ў Літве, а таксама і з ёй самой, мы дамовіліся аб тым, як паводзіць сябе ў падобных выпадках, — заявіў Нант. — І гэты канкрэтны выпадак — першы ў сваім родзе — паказаў, наколькі цесным было наша ўзаемадзеянне. У самы кароткі тэрмін усё праяснілася".

Што кажуць у Вільні?

У самой Літве, дарэчы, таксама не ўпэўненыя, што дэзінфармацыя сыходзіла з Расіі. Міністр абароны Раймундас Каробліс заклікае дачакацца вынікаў следства і кажа, што за спробай распаўсюджвання дэзінфармацыі можа стаяць не толькі Расія, але і нейкія невядомыя ў самой Літве.

Чалец парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы Арвідас Анушаўскас звярнуў увагу карэспандэнта DW на нізкую якасць спробы дыскрэдытаваць вайскоўцаў бундэсвера. "Дэзінфармацыя ў Германіі ("дзяўчынка Ліза". — рэд.) была падрыхтавана нашмат лепш, чым тое, што адбылося ў Літве, — заявіў ён. — У нашым выпадку дэпутаты атрымалі толькі электронны ліст, чаго апынулася відавочна недастаткова, каб выклікаць такую, як тады ў Германіі, лавіну падзей".

А вось літоўскі вайсковы эксперт Дарус Антанайціс лічыць, што, у адрозненне ад Германіі, у Літве прыём па стварэнні фэйкавай навіны не спрацаваў перш за ўсё таму, што краіна даўно жыве ва ўмовах інфармацыйнай вайны. Таму ў Літве "выпрацаваўся своеасаблівы імунітэт да прапаганды і ілжывым навінаў".

Паводле www.dw.com


Каментаваць