Любімы клуб Штазі

У студзені спаўняецца 50 гадоў з даты заснавання аднаго з самых незвычайных клубаў у гісторыі — берлінскага «Дынама». Яго куратарам было сумна вядомае Міністэрства дзяржаўнай бяспекі Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі (ГДР), або скарочана Штазі. 



Фота www.www.tagesspiegel.de


Ужо саму гісторыю нараджэння «Дынама» можна лічыць узорам дырэктыўнай мадэлі кіравання спортам. Неяк у 1953 годзе на пасяджэнні функцыянераў Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі абмяркоўвалася пытанне, як узняць прывабнасць Усходняга сектару Берліну, які кантралявала Масква і яе саюзнікі. Праблему пастанавілі вырашаць у тым ліку за кошт спорту, а менавіта — сфарма­ваць ва Усходнім Берліне моцную футбольную каманду.

У Берлін прывезлі на той час самы моцны клуб у ГДР — «Дынама» з Дрэздэну, якому імкліва давялося змяніць прапіску. Спачатку клуб гуляў пад шыльдай «Дынама-Цэнтр», пакуль у 1966-м не было вырашана сфармаваць асобны калектыў «Дынама».

Адначасова ў клуба з’явілася ведамства-патрон — Міністэрства дзяржаўнай бяспекі. Кіраваў Штазі Эрых Мільке, які вырашыў паспрабаваць сябе таксама ў ролі футбольнага менеджэра. На гэты час паміж Заходнім і Усходнім Берлінам ужо праходзіла сцяна, і пытанне наяўнасці ў сталіцы ГДР моцнага футбольнага клуба, быццам, не стаяла так катэгарычна. Аднак Мільке прыдумаў для «Дынама» новую канцэпцыю. Клуб павінен быў стаць не проста моцным берлінскім клубам, а візітоўкай усяго ўсходненямецкага футболу.

Кіраўнік Штазі не шкадаваў сродкаў на трэніровачныя цэнтры, ганарары для дынамаўцаў і асабіста лабіраваў трансферы ў клуб лепшых футбалістаў з іншых камандаў. Штотыдзень Мільке наведваў каманду, і таксама штотыдзень трэнер «Дынама» павіненна было дакладаць яму пра сітуацыю ў клубе.

«Дынама Берлін», фінал Кубка ГДР. 1959 год

Карыстаючыся такой саліднай падтрымкай, «Штазі клуб» (так «Дынама» часта называлі ў народзе) хутка стаў грандам усходненямецкага футболу і фактычна заставаўся ім да падзення Берлінскай сцяны. Да часу, калі ГДР закончыла існаванне, «Дынама» дзесяць разоў паспела стаць уладальнікам чэмпіёнскага тытулу. Нават другое места ў чэмпіянаце ГДР разглядалася Мільке як правал, следствам чаго, як, напрыклад, у 1982 годзе, была адстаўка ўсяго трэнерскага складу.

Асаблівая ўвага надавалася гульням з клубамі з ФРГ, якія ў вачах кіраўнікоў ГДР выглядалі як спаборніцтвы сістэмаў. Білеты на такія матчы не прадаваліся, а распаўсюджваліся выключна сярод супрацоўнікаў Мінбяспекі. У апараце Штазі баяліся, што звычайныя бюргеры могуць выказваць на трыбунах падтрымку гульцам з варожага Захаду. Нягледзячы на амбіцыі Мільке, асаблівых поспехаў на міжнароднай арэне «Дынама» не дэманстравала. Хіба што можна адзначыць сенсацыйную перамогу ў 1979 годзе над англійскім «Нотынгем Форэст» — тагачасным уладальнікам Кубку чэмпіёнаў.

Самае дзіўнае, што «Дынама» практычна не мела тарсіды. Нават берлінцы лічылі, што «Дынама» — штучны клуб. Не надавала яму папулярнасці і сувязь са Штазі. Асабліва моцна футбольныя аматары ГДР пачалі ненавідзець «Дынама» пасля скандальнага матчу ў 1986 годзе з лейпцыгскім «Лакаматывам». Суддзя, які яўна сімпатызаваў «Дынама», прызначыў вельмі спрэчнае пенальці ў вароты каманды з Лейпцыгу, у выніку чаго «Лакаматыў» прайграў.

Пасля аб’яднання Германіі Штазі ліквідавалі, і, як следства, «Дынама» згубіла спонсара. Каб неяк пазбавіцца кампраметуючага іміджу былога клубу Мільке, прынялі рашэнне пра змену назвы каманды. У 1990 годзе «Дынама» стала называцца «Берлін». Аднак на якасці гульні новая назва не адлюстравалася. Спачатку «Берлін» не здолеў увайсці нават у другі эшалон Бундэслігі, а з часам увогуле страціў статус прафесійнага клубу.

Парадаксальна, аднак чым больш каманда, якая, дарэчы, у 1999 годзе вярнула сабе старое імя, прайгравала, тым больш расла колькасць яе заўзятараў. Гэты феномен тлумачыцца расчараваннем часткі ўсходніх немцаў вынікамі аб’яднання з ФРГ, што таксама прывяло да крызісу былой вытворчай структуры на Усходзе. Адсюль рост настальгіі па часах ГДР, сімвалам якой было ў тым ліку «Дынама». Пры гэтым усходненямецкая ідэнтычнасць выражалася вельмі агрэсіўна. У 1990-я гады  дынамаўскія хуліганы лічыліся самымі небяспечнымі ва ўсёй ФРГ.

Так ці інакш, менавіта дзякуючы фанатам клуб канчаткова не згінуў пасля таго, як ў 2001 годзе стаў банкрутам і не здолеў заплаціць унёсак, патрэбны для ўдзелу ў чэмпіянаце. Фанаты ўмудрыліся неяк выратаваць любімую каманду. З часам частка тых жа фанатаў, нягледзячы на ідэалізацыю ГДР, зрабіла кар’еру і знайшла сябе ў бізнесе. У выніку ў клубу зноў з’явіліся спонсары, магчымасць запрашаць добрых трэнераў, праводзіць селекцыйную працу.

Сёння «Дынама» дастаткова паспяхова гуляе ў адной з рэгіянальных ліг. Цяжка казаць пра будучыню каманды, аднак у фокусе ўвагі клуб будзе заўсёды. У тым ліку таму, што толькі два клубы ў ФРГ — «Дынама» і славутая мюнхенская «Баварыя» — маюць на футболках выявы трох зорак, знак таго, што дадзеная каманда дзесяць разоў была чэмпіёнам.

Каментаваць