М’янма: асцярожна, дзверы адчыняюцца

Пакуль супраць Беларусі ўводзяць міжнародныя санкцыі, з М’янмы (Бірма), дзе адбыліся свабодныя выбары, іх здымаюць. У краіну пачалі пускаць першых замежных турыстаў, адным з якіх стаў казахскі журналіст Сяргей Грышын. Ён падзяліўся з журналістам НЧ Алегам Новікавым сваімі ўражаннямі ад гэтай учора яшчэ зачыненай краіны.

Пакуль супраць Беларусі ўводзяць міжнародныя санкцыі, з М’янмы (Бірма), дзе адбыліся свабодныя выбары, іх здымаюць. У краіну пачалі пускаць першых замежных турыстаў, адным з якіх стаў казахскі журналіст Сяргей Грышын. Ён падзяліўся з журналістам НЧ Алегам Новікавым сваімі ўражаннямі ад гэтай учора яшчэ зачыненай краіны.

— Што прымушае людзей наведваць не курорты Турцыі і Егіпта, а пазбаўленую турыстычнай інфраструктуры М’янму, у якой, у дадатак, амаль паўстагоддзя кіруе вайсковая хунта? У інтэрнэце шмат жахлівых гісторый на гэты конт. Так, быццам, мытнікі М’янмы канфіскуюць у іншаземцаў усё мабільнікі і ноўтбукі ў аэрапорце, абяцаючы вярнуць пры выездзе з краіны. І, быццам, дагэтуль выпадкаў вяртання не было...

— Галоўная хараство гэтай краіны ў тым, што турыстаў з краін СНД там практычна няма. А калі сур’ёзна, то краіна прыцягвае, і заслужана, дзякуючы сваёй сапраўднасці. Тут усё сумленна, хаця рынкавая стыхія турызму ўжо пачынае браць сваё. У дадатак М’янма мяняецца надзвычайна хутка. З гэтай прычыны парады турыстычных даведнікаў страчваюць актуальнасць за пару месяцаў. Ужо па прылёце ў аэрапорт Янгона выявілася неадпаведнасць апошняй інфармацыі наконт той жа пагалоўнай канфіскацыі персанальнай тэхнікі: на выхадзе з самалёту адсутнічаў не толькі жорсткі мытны кантроль, але ўвогуле любы.

— Што такое дыктатура, ведае, думаю, шмат жыхароў СНД, а вось што такое вайсковая дыктатура ў варыянце М’янмы?

— Парадокс у тым, што прыкмет самой улады (вайскоўцаў), на першы погляд, не назіраецца. Нават паліцэйскія траплялі ў поле зроку ўсяго пару разоў. Магчыма, таму што злачыннасці ў яе традыцыйным выглядзе ў М’янме амаль няма. Як вядома, пануючая тут будысцкая рэлігія абяцае непазбежную адплату за злачынствы. Мясцовы бацька нацыі генерал Тая Шве, ці проста Генерал, — не фанат самарэкламы. Яго выяву можна сустрэць толькі на фатаграфіях, зробленых на мыльніцу, у некаторых будысцкіх храмах, якія ён наведаў. На жаль, М’янма — не тая краіна, дзе інфармацыю можна атрымліваць з першых вуснаў. Нягледзячы на каланіяльнае мінулае, англійская мова істотна забытая, але і ў выпадку разумення ніхто не стане абмяркоўваць грамадска-палітычныя тэмы. Тым больш, што кантакты з замежнікамі адсочваюцца: іх не так шмат, і дзяржава яшчэ ў стане атачыць пры патрэбе кожнага іншаземца асобным «клопатам».

— Наколькі вольна можа паводзіць сябе інтурыст у М’янме?

— Любыя пераезды ўнутры краіны магчымыя толькі па пашпарце, а кіроўцы аўтобусаў і ўладальнікі гатэляў асцярожна спрабуюць высветліць вашы далейшыя планы. Перасоўвацца па краіне можна толькі па вызначаных маршрутах. Аднак ад «турыстычных месцаў», як мне растлумачылі, нельга аддаляцца далей чым на 20 кіламетраў па радыусу. І гэта, магчыма, не прыхамаць спецслужбаў. Справа ў тым, што ўлады даўно мараць стварыць адзіную бірманскую нацыю шляхам прымусовай асіміляцыі розных тутэйшых плямёнаў. У выніку этнічныя меншасці ўзяліся за зброю. Так што перманентная партызанская вайна вядзецца ў 5 ці 6 штатах. Паралельна і з рэжымам, і з паўстанцамі вядуць баі картэлі гандляроў наркотыкамі, якія ўзялі пад свой кантроль некалькіх рэгіёнаў. А для большага хаосу ў гарах на мяжы з Тайландам дзейнічае вар’яцкае па сваёй жорсткасці хрысціянскае Войска Бога, якое складаецца галоўным чынам з дзяцей і падлеткаў.

— Якая ў М’янме сітуацыя з інтэрнэтам? На тых жа турыстычных форумах можна прачытаць, што за адпраўку аднаго e-mail з гасцінічнага кампутара нейкаму амерыканцу выставілі рахунак на дзве тысячы долараў ЗША.

— Інтэрнэт у краіне з’явіўся, і ён ёсць амаль усюды, але толькі жахліва павольны. Афіцыйна ў краіне заблакаваны ўсе сацыяльныя сеткі і паштовыя серверы тыпу gmail, але ўсе інтэрнэт-салоны ўваходзяць у сетку праз проксі, так што забароны гэтыя хіба што адбіваюцца на хуткасці.

— Як жывуць простыя людзі? Які стан эканомікі пасля амаль 20 гадоў эканамічнай блакады з боку Захаду?


— Нейкіх сваіх вытворчасцяў, здаецца, няма наогул — за выключэннем вельмі сціплай харчовай прамысловасці. Адсутнічае магчымасць аплаціць нешта карткай ці зняць грошы з Visa і іншых электронных сістэм аплаты. З’явіўся, праўда, турызм. Ёсць яшчэ здабыча каштоўных камянёў (якія, хутчэй за ўсё, збываюць на знешніх рынка нелегальна) і сельская гаспадарка. Напэўна, адсоткаў 80 насельніцтва жыве ў галечы. Аднак гэта галеча выглядае хутчэй нейкім традыцыяналізмам — электрычнасць і супермаркеты сялянам не патрэбныя, паколькі яны пра іх не ведаюць. Таму яны звыкла з дапамогай быкоў садзяць агароды. Пры гэтым жыхары М’янмы — людзі вельмі добрыя і гатовыя падзяліцца з блізкім. Раніца для шматлікіх жыхароў пачынаецца з абавязковага запаўнення талерак ежай і вадой для сабак і котак, якія жывуць на вуліцах. Вось такая нацыя наіўных несапсаваных цывілізацыяй людзей.

— Памятаю на палітінфармацыях у савецкай школе нашага лектара заўсёды ставіла ў тупік пытанне, чаму Бірма, якая па канстытуцыі будуе сацыялізм, не належыць да сацлагеру. Ці засталося нешта ад таго эксперыменту?

— Наогул, у выпадку Паўднёва-ўсходняй Азіі амаль усе рэжымы ці формы кіравання ўяўляюць сабой пэўную экзотыку, незалежна ад таго, што там плануюць выбудаваць — сацыялізм ці капіталізм. У гэтым М’янма цалкам упісваецца ў агульную канцэпцыю: паўстагоддзя таму пачалі будаваць сацыялізм з бірманскім тварам, праўда, у якасці будаўнікоў ужо тады выступілі вайскоўцы. Падобны сімбіёз мілітарызму і сацыялізму перапужаў нават Савецкі Саюз, якому было дастаткова таго, што вытвараў у Камбоджы Пол Пот. Так што СССР адмовіўся ўключыць бірманскую мадэль у рэестр сацыялістычных краін і, як следства, адмовіў у спонсарскай дапамозе. У выніку — голад і дэфіцыт усяго. Усё скончылася ў 1987–1988 гадах раптоўнай дэнамінацыяй грошай, студэнцкімі бунтамі, расстрэламі студэнтаў (колькасць забітых ішла на тысячы), зачыненнем усіх ВНУ і, нарэшце, усталяваннем адкрытай ваеннай дыктатуры без усякай сацыялістычнай рыторыкі. Праўда, там-сям яшчэ можна пабачыць на будынках выявы сярпа і молата.

— Ці заўважныя змены пасля таго, як у красавіку ў краіне адбыліся дадатковыя выбары ў парламент, дзе з 45 месцаў 43 заняла апазіцыя?

— Натуральна. Амаль на кожным кроку сутыкаешся з выявай Аун Сан Су Джы, лідара Дэмакратычнай лігі — галоўнай партыі апазіцыі. Яна нядаўна выйшла на волю пасля доўгатэрміновага хатняга арышту, і нават атрымала дэпутацкі мандат. Аун Сан Су Джы, якая, дарэчы, нобелеўскі лаўрэат, мае вялікую папулярнасць, пра што кажуць перадавіцы газет, футболкі і календары з яе партрэтам. Часцей можна бачыць толькі малюнкі Буды. Трэба меркаваць, што ад красавіка гэтага года змены ў М’янме пойдуць яшчэ хутчэй. Краіна яшчэ больш адчыніцца ўсяму свету. Так што пакуль сюды валам не павалілі турысты, яшчэ можна паспець пабачыць гэты дзіўны і экзатычны край.
 

Каментаваць