Міс лівійская рэвалюцыя

Тысячы лівійскіх мужчын гатовыя заключыць шлюб з дзяўчынай, якая прызналася, што яе згвалтавалі і катавалі салдаты Кадафі.

Гісторыя Іман аль-Абейдзі — адна са шматлікіх чалавечых трагедый, якія адбываюцца з людзьмі ў часы вайны. Іман стала ахвярай салдат Кадафі толькі таму, што родам з Бенгазі. Нядаўнюю выпускніцу факультэта права арыштавалі, а пасля згвалцілі.



Тысячы лівійскіх мужчын гатовыя заключыць шлюб з дзяўчынай, якая прызналася, што яе згвалтавалі і катавалі салдаты Кадафі.

Гісторыя Іман аль-Абейдзі — адна са шматлікіх чалавечых трагедый, якія адбываюцца з людзьмі ў часы вайны. Іман стала ахвярай салдат Кадафі толькі таму, што родам з Бенгазі. Нядаўнюю выпускніцу факультэта права арыштавалі, а пасля згвалцілі.

Тэма згвалтавання і стаўлення да яго ахвяр — вельмі далікатная для Усходу. Ісламскае права ўвогуле разглядае згвалтаванне як адно з самых цяжкіх злачынстваў. Чалавек, які быў згвалтаваны, належыць да катэгорыі асобаў, якіх прымусілі да гэтага акту, і таму згвалтаванне не ўплывае на ягоны статус у ісламе. Адпаведна, жанчыны — ахвяры гвалту — захоўваюць тыя ж правы, што і цнатлівыя. Адзін з прысвечаных ісламскаму праву сайтаў тлумачыць гэта на прыкладзе: “Існуе правіла, згодна з якім усмешка ці маўчанне цнатлівай разглядаецца як знак згоды пры атрыманні прапановы на ўступленне ў шлюб. Дадзенае правіла будзе дзейнічаць і да ахвяры згвалтавання.

Аднак паралельна ў грамадстве пануе сапраўдны культ цнатлівасці. Традыцыя дыктуе, каб нявеста была выключна цнатлівай. Гэта ўстаноўка так ці інакш ставіць ахвяр згвалтавання ў асобны ранг. У выступах муфціяў на тэму шлюбу часта падкрэсліваецца тое, што маладыя людзі не павінны адмаўляцца ад намераў ажаніцца з такімі дзяўчатамі, а наадварот, аказаць падтрымку, выявіць каханне і клопат.

Іман перспектыва застацца самотнай не пагражае. У нядзелю 27 сакавіка ў тым жа Бенгазі прайшла шматтысячнай маніфестацыя салідарнасці з ёй. Многія з прысутных на ёй мужчын заявілі пра гатоўнасць заключыць з дзяўчынай шлюб. “Кожны з нас быў бы шчаслівы, калі б Іман хацела яго палюбіць і правесці з ім рэшту жыцця, — сказаў журналісту польскай “Gazeta Wyborcza адзін з дэманстрантаў Мухамед.

Незвычайны марш кандыдатаў у жаніхі — своеасаблівая праява павагі да ўчынку Іман. У суботу, 26 сакавіка, Іман каля трыпальскага гатэлю “Rixos распавяла замежным журналістам, якія якраз выйшлі на сняданак, пра тое, як салдаты Кадафі яе злавілі на кантрольна-прапускным пункце, надзелі кайданкі, шмат разоў гвалцілі і пасля доўга катавалі. І ўсё з-за таго, што яна з Бенгазі. Дзяўчына нават узняла спадніцу, каб паказаць сінякі на нагах.

“Салдаты Кадафі абразілі мяне. Яны ловяць жанчын і гвалтуюць іх. Кажу ясна — гвалтуюць. Зрабіце мае здымкі. Хачу, каб увесь свет пабачыў праўду. Хачу пабачыць Муамара Кадафі. Хіба ён не абяцаў усім справядлівасці? — прамовіла Іман.

Персанал гатэлю, сярод якога відавочна шмат супрацоўнікаў спецслужб, з жахам назіраў за сцэнай. Спачатку афіцыянткі крычалі на Іман, каб яна заткнулася. Пасля спрабавалі прымусіць яе замаўчаць з дапамогай фізічнай сілы. На дапамогу Іман прыйшлі журналісты. Патасоўка закончылася з’яўленнем людзей у цывільным. Якія выцягнулі Іман з гатэлю, пасадзілі ў машыну і звезлі не вядома куды.

Кадры з маналогам Іман і яе збіццём хутка абышлі ўвесь свет.

Лівія — не Саудаўская Аравія, дзе згвалтаваных жанчын нядаўна судзілі па артыкулу “здрада мужу. Аднак ісламскія традыцыі ў Лівіі вельмі моцныя. І, безумоўна, афіцыйныя СМІ паспрабавалі згуляць на тэме таго, што сімвалам рэвалюцыі стала жанчына, якую ніхто замуж не возьме. Аднак, мяркуючы па маніфестацыі ў Бенгазі, людзі звярнулі ўвагу на іншае. Яны пабачылі ў Іман мужнага чалавека і ахвяру гвалту.

“Гэта дзяўчына праявіла нечуваную мужнасць, калі выступіла супраць рэжыму. Таксама яна заслугоўвае павагі за тое, што зламала табу, звязанае з тэмай гвалту. Людзі Кадафі згвалцілі ў Лівіі шмат жанчын і не панеслі за гэта ніякага пакарання. І перш за ўсё таму, што самі ахвяры маўчалі, баючыся рэакцыі людзей вакол іх. Іман адкрыла сваё няшчасце цэламу свету, уратаваўшы сябе ў духоўным сэнсе, — кажа адзін з жыхароў Бенгазі.

Між тым, сітуацыя вакол Іман застаецца вельмі напружанай. Невядома яе месцазнаходжанне. Афіцыйныя ўлады выдаюць адну версію за адной. Спачатку афіцыйныя СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра тое, што Іман прыйшла ў гатэль пад мухай і несла абы-што. Акрамя таго, быццам, далі пра сябе ведаць яе старыя псіхічныя хваробы. Пасля сталічная паліцыя пазнала ў ёй прастытутку і злодзейку, якая даўно была ў росшуку. Нарэшце, супраць затрыманай высунулі абвінавачанні ў абразе гонару вайскоўцаў, якія, па яе словах, яе згвалтавалі. Сярод іншых згадваецца імя сына аднаго генерала.

Некія крыніцы кажуць, што зараз Іман апынулася ў руках спецслужб, якія прапануюць ёй вызваленне за тое, каб яна публічна заявіла, што ўсё сказанае ў гатэлі — лухта. Аднак усе разумеюць, што гэта падман. Пазней Іман можа распавесці, якімі сродкам было выбіта прызнанне. Таму ўсе баяцца самага страшнага. Нарэшце, кажуць, што яе могуць падсадзіць на наркотыкі, каб яна за нейкую дозу распавяла ўсё, што патрэбна ўладам. А 29 сакавіка нехта ад імя Кадафі тэлефанаваў маці Іман і прапаноўваў вызваленне дзяўчыны, а таксама грошы або дом узамен на абвяржэнне распаўсюджанай ёй інфармацыі.

Між тым, у Бенгазі Іман ужо чакае патэнцыйны муж. Як піша прэса, сям’я Іман падпісала шлюбны кантракт з адным са шматлікіх прэтэндэнтаў. Засталося дачакацца нявесту.

P.S.: На згаданай вышэй маніфестацыі ў Бенгазі адзін з кавалераў Іман нёс плакат: “Што Расія скажа наконт Іман? — намёк на тое, што Пуцін асудзіў вайсковую інтэрвенцыю ў Лівію.

Каментаваць