Мадэратар усёй Расіі

Заява Дзмітрыя Мядзведзева пра намер саступіць месца Пуціну дазваляе пачаць аналіз вынікаў яго дзейнасці на пасадзе прэзідэнта. Таксама такую выснову можна зрабіць вывучаючы анекдоты.



Заява Дзмітрыя Мядзведзева пра намер саступіць месца Пуціну дазваляе пачаць аналіз вынікаў яго дзейнасці на пасадзе прэзідэнта. Таксама такую выснову можна зрабіць вывучаючы анекдоты.

Памыляюцца тыя, хто думае, што анекдот пра палітыка — гэта заўсёды здзек з яго. Вельмі часта ў той жа Расіі трапляюцца анекдоты, якія, наадварот, можна лічыць нейкай формай піяру. Напрыклад, было вельмі шмат пазітыўных анекдотаў пра Ельцына ў часы перабудовы. «Вы чулі? Ельцын — сышоў з розуму... — Звар’яцеў, ці што? — Якраз не! Ён выйшаў з розуму, гонару і годнасці нашай эпохі!»

Што тычыцца трэцяга прэзідэнта Расіі, то (прынамсі мне) не трапляў ніводны анекдот, якія б раскручваў Мядзведзева. Расійская публіка, якая дасюль жыве імперскімі міфамі, нават не заўважыла яго ролю ў каўказскай вайне 2008 года. Хутчэй наадварот, знайшла падставу, каб пасмяяцца з галоўнакамандуючага расійскай арміі.

Такая ацэнка, безумоўна, звязаная з фарматам прэзідэнцтва Мядзведзева. З самага пачатку было зразумела, што ён — пуцінская крэатура. Яшчэ напярэдадні выбараў у сеціве гуляў анекдот: «Ці павесіць Пуцін пасля перамогі Мядзведзева ў сваім кабінеце яго партрэт? — Не, пасцеле шкуру!» У прынцыпе, ільвіная доля анекдотаў пра Мядзведзева прысвечаная менавіта яго сціпламу месцу ў тандэме. «Мядзведзеў абвешчаны прэтэндэнтам на атрыманне Оскара ў намінацыі «Лепшая мужчынская роля другога плану». З той жа оперы: «Хто такі Мядзведзеў? Гэта той, хто ў Пуціна прэзідэнтам працуе». Або «нованароджаную дзяўчынку ў Омску назвалі ў гонар Мядзведзева — Марыянетка».

У дадатак да ўсяго Мядзведзеў аказаўся ніжэй ростам і так невысокага Пуціна. Народ даў волю жартам. «Ельцын — 189 см, Пуцін — 176 см, Мядзведзеў — 162 см. Такое адчуванне, што прэзідэнтаў Расіі падбіралі вытворцы матрошак». «У Маскве лютавала такая спякота, што Мядзведзеў вырашыў стаць у цень Пуціна, каб трохі астудзіцца».

Калі ўжо гаворка пайшла пра недахопы, варта згадаць моладасць прэзідэнта. Яго палічылі занадта інфантыльным. Адсюль анекдоты кшталту: «У 2012 годзе ў Расіі абяруць прэзідэнтам Д. А. Мядзведзева! — Ды ну! Ён нічога не зрабіў, толькі ў твітары капаецца ды з айфонам гуляе! — Вось пабачыш, у нас такі менталітэт, абяруць проста з жаласці».

Змест шматлікіх анекдотаў сведчыць пра тое, што сярэдні расіянін банальна не разумеў вышэйшае кіраўніцтва. Забабоны Мядзведзева (ён выхадзец з акадэмічнай сям’і) аказаліся вельмі далёкімі ад modus vivendi звычайнага расійскага грамадзяніна. Сутнасць сітуацыі цудоўна перадаў ананімны аўтар наступнага анекдота: «Гледзячы на выступ нашага прэзідэнта, ніяк не пакідае думка, што гэта прэзідэнт нейкай іншай краіны».

Такая ментальная нестыкоўка хутка вылілася ў аўтаматычную абарончую рэакцыю грамадства: не ўспрымаць усур’ёз прапановы Мядзведзева.

Больш за ўсё смяяліся са спробаў папулярызацыі Мядзведзевым кампутарных тэхналогій (як вядома, прэзідэнт РФ мае блог у твітэры, ахвотна карыстаецца на публіцы планшэтам, айфонам і г.д.). Гэта яму каштавала іранічных здзекаў кшталту: «Прэзідэнт Мядзведзеў папрасіў Дзярждуму, каб яго прызначылі галоўным мадэратарам Расійскай Федэрацыі».

Такім жа чынам народ рэагаваў на іншыя ініцыятывы гаранта. Вось рэакцыя на ідэю перайменавання міліцыі ў паліцыю. «Мядзведзеў прыехаў на Кіеўскі вакзал і прыстрашыў чыгуначнікаў — калі яны будуць дрэнна працаваць, то ён іх будзе называць інакш».

А вось рэакцыя на ўказ прэзідэнта пра тое, што піва трэба лічыць такім жа моцным алкагольным напоем, як і гарэлку. «Заканадаўча прыраўняўшы піва да гарэлкі, Мядзведзеў фактычна публічна абвясціў пра сваю адмову балатавацца на другі прэзідэнцкі тэрмін. Хто ж будзе галасаваць за кандыдата ў прэзідэнты, які не разумее розніцу паміж гарэлкай і півам?»

Анекдот пра антыкарупцыйныя ініцыятывы: «Мядзведзеў унёс у Дзярждуму законапраект пра тое, што штраф за хабар павялічваецца ў сто разоў. Зараз і кошт хабару за закрыццё справы пра хабар узрасце ў 100 разоў».

Не зразумелі людзі і адмену зімовага часу. «Дзмітрый Мядзведзеў, каб годна завяршыць серыю сваіх эксперыментаў з часам, падумвае пра адмену трэцяга вымярэння, гравітацыі і лічбы «пі». Ці яшчэ: «Мядзведзеў адмяніў пераход на зімовы час і тым самым падоўжыў тэрмін свайго прэзідэнцтва на цэлую гадзіну».

Тое, што інавацыі ў Расіі ідуць цяжка, і так зразумела. А калі яны яшчэ ідуць ад незразумелага палітыка, гэта ўвогуле жах. Правал рэалізацыі мядзведзеўскіх планаў хутка сфармаваў устаноўку ў лепшым выпадку проста ігнараваць навіны з Крамля. У горшым — Мядзведзева сталі трымаць за далёкага ад жыцця фрыка. «А вось сайт прэзідэнта Мядзведзева ніхто ніколі не ўзламае. — Таму што ён так добра абаронены? — Таму што нікому не патрэбны». Або таксама: «Па меркаванню прэзідэнта, краіне бракуе кваліфікаваных працоўных. Па меркаванню працоўных, краіне бракуе кваліфікаванага прэзідэнта».

З такім багажом Мядзведзеў падышоў да пачатку цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі. Нядзіўна, што яго заявы пра тое, што ён будзе зноў балатавацца і змагацца супраць Пуціна, не выклікалі даверу. Хутчэй смех. «Дзмітрый Анатольевіч, вы пойдзеце на выбары? — Ну што вы ўсё мяне прыспешваеце? Павінна ж быць нейкая інтрыга... Раптам я не захачу ісці галасаваць на выбарчы ўчастак?» Яшчэ адзін анекдот на гэту тэму: «У Расіі ўтварыліся дзве новыя палітычныя сілы: партыя Пуціна і партыя Мядзведзева. На жаль, не вядома, у якой з гэтых партый знаходзіцца сам Мядзведзеў».

Заява Мядзведзева на з’ездзе «Адзінай Расіі» пра адмову ісці на выбары на карысць Пуціна справакавала новыя анекдоты. «Выступаючы на з’ездзе «Адзінай Расіі», Мядзведзеў прапанаваў на пасаду прэзідэнта Пуціна... і расплакаўся». «Ведаеце, чаму Мядзведзеў адмовіўся ад прэзідэнцтва на карысць Пуціна? — Ён так і не зразумеў, як без джойсціка можна кіраваць дзяржавай!» «Падобна, Мядзведзеў хутка стане першым у свеце не былым, а б/у прэзідэнтам».

Як бачым, аўтарытэт Мядзведзева зараз дастаткова нізкі, што ставіць пад пытанне яго перспектывы на пасадзе прэм’ера (гэтую пасаду яму абяцае Пуцін пасля выбараў). Праўда, мяркуючы па тым, які фарс адбываецца ў Крамлі, расійскай уладзе абыякава, што думае пра яе народ. Тым больш, што народ, цалкам адпаведна міфу пра загадковую рускую душу, рэагуе на мядзведзеўска-пуцінскую ракіроўку выключна анекдотамі.
 

Каментаваць