Мадура будзе вымушаны сысці

У Венесуэле ўжо паўгода трываюць пратэсты супраць рэжыму Мадуры. Сваімі поглядамі на сітуацыю з чытачамі НЧ дзеліцца Анхель Луга, актывіст венесуэльскага апазіцыйнага Палітычнага руху вольных грамадзян (VENTE).



— У чым, на вашу думку, прычына такога моцнага выбуху незадаволення венесуэльцаў?

— Спачатку я хацеў бы адзначыць, што ў нас вельмі моцная дэмакратычная традыцыя. У мінулым стагоддзі Венесуэла не ведала дыктатуры цэлых 40 год, што было абсалютным рэкордам для краін Лацінскай Амерыкі. За гэты час некалькі разоў улада мірна перадавалася да тых, хто перамог на выбарах. Лічыцца, што гэтая традыцыя была абарваная ў 1999 годзе, калі да ўлады прыйшоў Чавес і ў краіне быў пабудаваны рэжым, які прынцыпова адмовіўся ад ідэй лібералізму і плюралізму. Пасля смерці Чавеса мела месца спроба канцэнтрацыі ўсіх галінаў жыцця грамадства ў руках улады, што і выклікала пратэст. Гэтаму садзейнічаў і рост дэфіцыту асноўных прадуктаў. Нават часам нельга было набыць хлеб.

— Аднак у вашай краіне, у адрозненні да той жа Беларусі, існуюць вольныя выбары. Губернатарамі шэрагу штатаў, наколькі я ведаю, з’яўляюцца прадстаўнікі апазіцыйнай кааліцыі. Кааліцыя, якая называецца "Стол адзінства", мае прадстаўніцтва ў парламенце.

— На самай справе, гэта цяжка назваць выбарамі, паколькі, паводле цяперашніх законаў, арганізацыя галасавання і падлік галасоў праводзяцца камісіямі, якія фармуе адно з міністэрстваў. Дырэктарам гэтага міністэрства з’яўляецца сябра ўрадавай Аб’яднанай сацыялістычнай партыі Венесуэлы (PSUV). У выніку працэс абсалютна не празрысты. Напрыклад, у якасці выбаршчыкаў запісваюць грамадзян, якія працуюць на Кубе. Часам лідараў апазіцыі пускаюць ва ўладу, аднак пры першых прыкметах таго, што гэта ўтрымлівае рызыку для сістэмы, іх намагаюцца пазбавіць пасадаў і мандатаў. Так, лідара парламенцкай фракцыі дэмакратаў не так даўно пасадзілі на два гады. У турме таксама знаходзяцца апазіцыйныя мэры двух гарадоў.

— Шмат кажуць, што размах пратэстаў мае суб’ектыўны фактар. Размова пра тое, што Мадура аказаўся кепскім пераемнікам Чавеса.

— Я згодны, што Мадуры далёка да Чавеса. Чавес быў геніяльным аратарам, а Мадура зрабіў кар’еру толькі таму, што быў вельмі лаяльны на адрас прэзідэнта, і акрамя таго яго кандыдатуру актыўна падтрымлівала Гавана. У выніку нават PSUV сёння расколатая на мадураўцаў і антымадураўцаў. Па маіх ацэнках, да «антымадураўцаў» належыць нават большасць прыхільнікаў Чавеса, аднак нашы пратэсты яны не падтрымліваюць. Але не трэба ва ўсім бачыць след Мадуры. Важную ролю для мабілізацыі гуляе таксама кубінскі фактар. Прыкладна дзве тысячы кубінскіх сілавікоў займаюць кіраўнічыя пасады ў венесуэльскай нацыянальнай гвардыі і паліцыі. Лічыцца, што менавіта яны адказныя за самыя брутальныя выпадкі, калі паліцыя збівала дэманстрантаў амаль да смерці.

— У прэсе шмат пішуць пра мілітарны рух «Colectivo», які аб’ядноўвае радыкальных прыхільнікаў рэжыму. Што ўяўляюць сабой венесуэльскія «цітушкі»?

— Агульнай характарыстыкі гэтаму руху няма. Упершыню пра «Colectivo» пачалі казаць, калі група маладых чавістаў напала на адзін з універсітэтаў, дзе студэнты рыхтавалі антыўрадавую акцыю. У выніку будынак універсітэта быў спалены, а адзін са студэнтаў забіты. Можна казаць, што мы мелі справу з юнакамі з нізкіх сацыяльных груп, якім нацыянальная гвардыя тайна дае зброю і накіроўвае іх дзеянні. Ёсць версія, што моладзь у турмах атрымлівае амністыю, калі пагаджаецца выконваць такую брудную працу. Натуральна, улада кажа, што гэта ўсё выключна нізавыя ініцыятывы. Так, сам Мадура лічыць, што «Colectivo» — гэта групы аматараў матацыклаў, якія дапамагаюць яму змагацца з фашыстамі.

— Адзін з цікавых момантаў пратэстаў — тое, што іх фокус знаходзіцца не ў сталіцы, а ў правінцыі. З чым гэта звязана?

— Відавочна, што Каракас заўсёды лепш кантралюецца ўрадам. Таму неяк так аказалася, што ў правінцыі выступы адразу падавіць не ўдалося, і яны пачалі набіраць размах. Акрамя таго, ёсць лакальныя прычыны. Напрыклад, тое, што найбольш буйныя сутычкі з паліцыяй адбываюцца ў штаце Тачыра (Táchira), звязваюць з тым, што тут жыве шмат індзейцаў. Яны больш ваяўнічыя па характару, і да таго ж заўсёды носяць з сабою сродкі самаабароны.

— Што ўяўляе венесуэльская апазіцыя? Якая яе праграма?

— Апазіцыя не кансалідаваная. Для студэнтаў, да якіх належыць наша групоўка, проста перамоваў недастаткова. Мы патрабуем правядзення датэрміновых выбараў парламента і прэзідэнта. Да гэтага, на нашу думку, мае быць прыняты новы выбарчы кодэкс, які б не дазволіў махінацыі. Акрамя таго, патрэбна рэформа медыя, каб разбурыць манаполію дзяржавы на СМІ. Без выканання гэтых пунктаў новыя выбары не маюць сэнсу. Парламенцкая апазіцыя больш сціплая і гатова пайсці на саступкі. На маю думку, сітуацыя падобная на тое, што цяпер назіраецца ў Беларусі і Расіі, дзе людзі таксама супрацьстаяць аўтарытарным рэжымам, аднак пры гэтым унутры апазіцыі заўсёды ёсць радыкалы і рэфарматары. У любым выпадку, Мадура будзе вымушаны рана ці позна сысці.

— Нельга не задаць пытанне пра разгул крыміналу, які стаў сумнай візітоўкай Венесуэлы. Ці сапраўды на вуліцах так небяспечна?

— Узровень злачынстваў вельмі высокі, што, дарэчы, стала адным з імпульсаў незадаволення. Напрыклад, сем маіх сяброў у свой час былі выкрадзеныя, каб пасля быць вызваленымі за выкуп. Штотыдзень у Каракасе забіваюць каля 75 чалавек. Прынамсі я нават да метро з дому — прыкладна 40 метраў — дабіраюся выключна на машыне.

— Якая сітуацыя на рынку валюты? Наколькі вядома, з-за моцнай інфляцыі дзяржава зрабіла штучны курс долара, які існуе паралельна курсу на чорным рынку.

— Праблемы з доступам да валюты не асабліва цікавіць людзей. Калі едзеш за мяжу, то можна ў спецыяльных дзяржаўных органах папрасіць прадаць цябе па афіцыйным курсе дастаткова вялікую суму валюты. Праўда, трэба паказваць кучу папераў і абавязкова — білеты. Таму чорны рынак валюты існуе, аднак хутчэй ім карыстаюцца тыя, хто звязаны з нефармальнай эканомікай. 

Каментаваць