Магніт для тэрарыстаў

Іспанскі ўрад і прэса сцвярджаюць, што ў Венесуэле пад патранажам мясцовых уладаў актыўна дзейнічае цэнтр баскскай тэрарыстычнай групоўкі ЕТА.



Іспанскі ўрад і прэса сцвярджаюць, што ў Венесуэле пад патранажам мясцовых уладаў актыўна дзейнічае цэнтр баскскай тэрарыстычнай групоўкі ЕТА.

Увогуле, Лацінская Амерыка заўсёды знаходзілася ў зоне асаблівай увагі дэпартамента іспанскіх спецслужбаў, якія змагаюцца з баскскім палітычным тэрарызмам. У часы каланізацыі Іспаніяй Новага свету сюды з’ехала шмат баскаў. Так, лічыцца, што ў Чылі кожны другі грамадзянін мае баскскія карані. Другая моцная хваля эміграцыі прыйшлася на часы дыктатуры Франка, калі ў Іспаніі нават баскская мова была пад забаронай.

У Лацінскай Амерыцы баскі не забыліся на гістарычную радзіму. Амаль у кожнай краіне рэгіёну існуе баскская грамада, культурныя цэнтры, музеі, выданні і г.д. Сярод эмігрантаў ёсць і тыя, хто сімпатызуе ЕТА. Прыхільнікі ЕТА збіраюць для тэрарыстаў сродкі, дапамагаюць легалізавацца ў выпадку эміграцыі або, наадварот, «легчы на дно», калі тых шукаюць у Іспаніі.

Найбольш актыўна цэнтры, блізкія да ЕТА, дзейнічаюць у лацінаамерыканскіх краінах, дзе пануюць левыя рэжымы, якія часам нават дапамагалі тэрарыстам. Такая практыка была выкліканая тым, што ЕТА ў 1960–1970-я гады актыўна змагалася з дыктатурай Франка. Не дзіўна, што ў 1970–1980-я ў ЕТА існавала свая моцная база на Кубе. Пазней, калі рухнуў СССР, а Кастра пазбавіўся савецкай падтрымкі, эмігранцкія цэнтры ЕТА перакачавалі ў Мексіку. Цяпер у тэрарыстаў, калі верыць іспанскім выданням, новая база — у Венесуэле.

Упершыню пра магчымыя кантакты венесуэльскіх уладаў і тэрарыстаў з баскскай групоўкі пачалі казаць у 2008 годзе. У той час калумбійскія спецслужбы заявілі, што ў лагерах калумбійскай групоўкі FARC, якая вядзе партызанскую вайну супраць афіцыйнага ўраду, з’явіліся загадкавыя людзі з Еўропы. Яны вучылі калумбійскіх інсургентаў, як падкладаць бомбы. Пазней калумбійскім спецслужбам стала вядома, што інструктары прыехалі з Краіны Баскаў. Усе яны былі актывістамі арганізацыі ЕТА.

З’яўленне ў Калумбіі этарас (так у Іспаніі называюць баевікоў ЕТА) дало першыя падставы падазраваць наяўнасць кантактаў паміж тэрарыстамі і венесуэльскімі ўладамі. Заняткі для партызан праходзілі на шасці базах FARC, якія знаходзяцца на тэрыторыі Венесуэлы. Пазней у прэсу патрапілі фрагменты пратаколу допыту аднаго з партызан, якога калумбійскія спецслужбы ўзялі ў палон. Ён быў на курсах, якія праводзілі баскі. Па яго словах, настаўнікаў суправаджала асоба ва ўніформе афіцэра DISIP (венесуэльскі аналаг нашага КДБ).

У тым жа 2008 годзе ў рукі калумбійскіх вайскоўцах трапіў лэптоп Рауля Рэйеса, аднаго з кіраўнікоў FARC, забітага калумбійскім спецназам. У файлах Рауля сустракаецца імя Артура Кубільяса. Іспанскай разведцы гэта імя было добра вядома. Кубільяс — сябра ЕТА, які ўжо прыкладна дзесяць гадоў жыве ў Венесуэле.

Кубільяс — уладальнік рэстарана ў Каракасе і нефармальны лідэр мясцовай камуны баскаў. Сярод баскаў, як піша прэса, ёсць і сябры ЕТА. У Венесуэле іх прыкладна 60. Аднак гэта тыя, хто жыве адкрыта. Тыя ж, на каго ў Іспаніі заведзеныя крымінальныя справы, жывуць у падполлі, каб не быць высланымі на радзіму.

У Кубільяса і яго сяброў вельмі цесныя кантакты з чыноўнікамі з Міністэрства сельскай гаспадаркі, кіраўніцтвам нацыянальнай гвардыі, ваеннай разведкі. Адзін з яго сяброў уваходзіць у кіраўніцтва Coordinadora Simon Bolivar (адна з самых праўрадавых арганізацый у краіне). Баскі таксама прысутнічаюць у кіраўніцтве Аб’днанай сацыялістычнай партыі Венесуэлы, якую стварыў сам Уга Чавес.

Усё гэта, а таксама той факт, што адзін з лідэраў ЕТА быў нядаўна арыштаваны ў Лісабоне падчас спробы з’ехаць у Каракас, дае іспанскім журналістам падставы называць Венесуэлу «магнітам для тэрарыстаў».

Іспанская прэса нават падазрае, што менавіта ў Венесуэле знаходзіцца выканаўчая група ЕТА, якая непасрэдна адказвае за арганізацыю тэрарыстычных актаў і забойствы. З 1999 года (тады Чавес прыйшоў да ўлады) Венесуэла не выдала Іспаніі ніводнага тэрарыста ЕТА. Больш таго, некаторыя з іх пасля афіцыйнага запыту Мадрыда нечакана знікалі. Цалкам магчыма, што іх проста легалізавалі пад іншымі прозвішчамі.


Не так даўно Мадрыд афіцыйна патрабаваў ад Каракаса прыпыніць падтрымку тэрарыстаў. У сваю чаргу, афіцыйны Каракас пачаў інфармацыйную кампанію супраць Іспаніі, назваўшы ўсе абвінавачанні з яе боку «палітычнай маніпуляцыяй».

Узнікае пытанне — нашто Чавесу трымаць у сябе тэрарыстаў ЕТА? Нагадаем, што этарас ня­суць адказнасць за забойства каля тысячы чалавек. Яны фігуруюць у спісах тэрарыстычных арганізацый шматлікіх краін.

Тут можа быць шмат матываў, напрыклад, ідэйная блізкасць. ЕТА адносіць сябе да лагеру сацыялістаў. Аднак не выключана, што кантактуючы з ЕТА, Чавес папросту хоча насаліць Мадрыду. Вядома, што ён лічыць асабістым ворагам іспанскага караля Хуана Карласа, які на адной з публічных сустрэч патрабаваў ад лідэра баліварскай рэвалюцыі «заткнуцца». Каракас таксама сцвярджае, што іспанскі ўрад быў нейкім чынам звязаны з венесуэльскімі палітыкамі, якія спрабавалі ў 2006 годзе арганізаваць дзяржаўны пераварот.

У любым выпадку, скандал наконт магчымых кантактаў Чавеса і ЕТА толькі пачынаецца і, відавочна, кіне цень не толькі на Чавеса, аднак і на яго саюзнікаў.

Па матэрыялах іспанскай прэсы

Каментаваць