Майдан — гарачы працяг

Акрываўленыя галовы, выбітыя вочы, людзі ў агні, забітыя! Старонні глядач, які два месяцы быў у замілаванні, разгублены. А ўсё было так прыгожа на Майдане: песні, танцы, тысячы ліхтарыкаў, грандыёзны пікнік пад адкрытым небам.



Фота Reuters


Знянацку гэтае кіно для сямейнага прагляду пра любоў да Еўропы змяняецца на жорсткую карціну з абмежаваннем па ўзросту 18+.

Калі хтосьці бачыў нешта падобнае падчас Арабскай вясны, яго тое не вельмі турбавала — там «усходняя дэспатыя», іншыя норавы і традыцыі. Там, так далёка, як бы і не пра нас. Але каб тут, побач, у адной з найбольш дэмакратычных краінаў постсавецкай прасторы!

Жах. Для ўсіх, і для тых, хто спачувае паўстаўшым, і хто не спачувае, хаця і па розных прычынах. Іншыя ж задаліся пытаннем: чаго гэта яны раптам? Сёй-той нават бурчэў, што вось, маўляў, не ўтаймавалі іх па беларускім узоры, дык яны пашалелі ад такой празмернай дэмакратыі. А можа, нехта нават ціхенька дадаў: «Самі вінаватыя… Ад добрага лепшага не шукаюць».

Скажоная палітычная сітуацыя ў Беларусі сказіла ўспрыманне многіх паняткаў. Прыкладам, дэмакратыя ўспрымаецца як вытворнае ад улады, адна са шчадротаў, якую яна можа даць. Або — пазбавіць яе. Рэч не зусім зразумелая, мала хто ведае, з чым яе ядуць, таму — факультатыўная.

Можна «нагугліць» самыя розныя вызначэнні, пачытаць разнастайныя думкі пра важнасць дэмакратыі для развіцця грамадства, але, падобна, пакуль у ёй не ўзнікне ўнутранай патрэбы, усё гэта застанецца мёртвай літарай.

Паводле дадзеных сацыялагічнага апытання, праведзенага напрыканцы снежня мінулага года, 51 працэнт украінцаў лічыць дэмакратыю найбольш жаданым грамадскім ладам для сваёй краіны, 45 працэнтаў — гатовыя трываць матэрыяльныя цяжкасці дзеля асабістай свабоды і гарантый захавання грамадзянскіх правоў.

Апошнімі днямі ўкраінцы даказалі, што гатовыя на большае. І цяпер мы дакладна ведаем пра дэмакратыю прынамсі адну рэч: дэмакратыя — гэта тое, дзеля захавання чаго нашы паўднёвыя суседзі ахвяруюць сваім здароўем і нават жыццём.

І ўсё-ткі, у чым яна палягае, тая дэмакратыя? Перш за ўсё — ва ўменні жыць разам, не перашкаджаючы адзін аднаму, дамаўляцца, улічваючы розныя інтарэсы.

Украіна ніколі не была вельмі зручным і ўтульным месцам для жыцця ў побытавым плане, але дыхалася там заўжды вальней. Праз тое, што, як мінімум, вялікая розніца паміж рэгіёнамі прымушала палітыкаў шукаць і знаходзіць кампраміс.

Калі Віктар Януковіч перамог на выбарах у 2010 годзе Юлію Цімашэнку, многія палітолагі паспяшаліся запэўніць, што Януковіч «будзе зусім іншым». У параўнанні з тым, якім ён быў бы, калі б Расія праціснула ягоную кандыдатуру ў 2004 годзе. Вось паглядзіце, прагназавалі яны, ён яшчэ пераплюне Юшчанку па дэмакратычнасці і прывядзе Украіну ў Еўропу!

Замест гэтага Януковіч паставіў Украіну на мяжу грамадзянскай вайны.

У асяродку беларускіх «пікейных камізэлек» даводзілася чуць меркаванне, як быццам тое адбылося праз яго залішнюю «мяккасць». Так здавалася, калі параўноўваць падзеі на Майдане першага этапу з разгонам Плошчы 19 снежня 2010 года ў Мінску.

Але Януковіч дзейнічае ў зусім іншым кантэксце, параўноўваць яго трэба з папярэднікамі. Гэтае параўнанне недвухсэнсоўна сведчыць: Януковіч — самы жорсткі ўкраінскі прэзідэнт. Ён першым кінуў сваіх палітычных апанентаў у турму. Пры ім падчас разгону мітынгу ўпершыню загінуў чалавек — яшчэ ў 2011 годзе, калі ліквідавалі намётавае мястэчка інвалідаў-чарнобыльцаў, што пратэставалі супраць адмены льготаў, у яго родным Данецку. «Цітушкі», наёмныя былыя спартоўцы або звычайныя гопнікі, якіх выкарыстоўваюць для нападаў на палітычных апанентаў, распладзіліся таксама за Януковічам.

Галоўнае ж — ён зламаў аб калена культуру кампрамісу, якая худа-бедна дзейнічала да яго прыходу на пасаду кіраўніка краіны. Асабліва яскрава гэта было прадэманстравана, калі ён не з’явіўся на прызначаныя ім самім перамовы пасля першай ночы сутыкненняў у цэнтры Кіева. Не з’явіўся, бо не хацеў праяўляць «слабасць».

Толькі цяпер, калі лік зніклых без вестак ідзе на дзясяткі, параненых — на сотні, адкрыўся новы жудасны лік — забітых, ён згадзіўся на сустрэчу з лідарамі трох апазіцыйных партый. Ужо можна размаўляць з пазіцыі сілы.

Цяпер ён будзе самым крутым з дыктатараў на постсавецкай прасторы, які не спужаўся адкрытых забойстваў.

Абмеркаванне:

  • Пятро
  • 2014-01-23 03:13:03
Дык што: цяпер можам ганарыцца? Наш ня самы жорсткі? Здаецца, справа не ў януковічах ды лукашэнках, а ў тым, хто імі круціць-верціць, як яму ўздумаецца!
  • Мікола
  • 2014-01-23 08:25:16
Калі ўжо параўноваць, хто больш жорсткі, то трэба прызнаць, што ў нас нічога падобнага на Майдан не было...

Каментаваць