Майдан і царква

Прэса актыўна каментуе вынікі выбараў новага мітрапаліта Украінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскі патрыярхат) і іх уплыў на цяперашні канфлікт ва Украіне.



Як вядома, Архірэйскі Сабор Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату — УПЦ (МП) — абраў новага мітрапаліта замест нябожчыка Уладзіміра. Выбары праходзілі ў надзвычайна палітызаванай атмасферы.

Падчас рэвалюцыі на Майдане са сцэны неаднаразова гучалі заклікі да стварэння адзінай украінскай памеснай царквы. Нагадаем, што цяпер існуе як мінімум чатыры варыяцыі ўкраінскага праваслаўя: Украінская Праваслаўная Царква (Маскоўскі патрыярхат), Украінская Праваслаўная Царква (Кіеўскі патрыярхат), Украінская Праваслаўная Аўтакефальная Царква і Украінскія праваслаўныя Амерыкі. З улікам таго, што большасць украінцаў адносяць сябе да праваслаўных, іх аб’яднанне ў рамках адной канфесіі разглядаецца нацыяналістамі як перадумова сапраўднай аўтаноміі ад Першапрастольнай.

Тым больш, сам грамадскі фон, быццам, як ніколі ў гісторыі спрыяе сцэнару сыходу Кіева з-пад кантролю Масквы. «Настроі ў грамадстве ў адносінах да ўсяго, што хоць неяк звязана з Масквой і «рускім светам», вельмі негатыўныя. Святары УПЦ МП адчуваюць гэта на ўласнай шкуры вельмі добра — ім усё часцей даводзіцца адбівацца ад незаслужаных абвінавачванняў у прыналежнасці да «рускага свету». Ім становіцца вельмі некамфортна жыць на ўласнай зямлі — толькі таму, што за гэтым праславутым «МП» цягнецца шлейф «рускага свету», які стаў для Украіны вайной і трагедыяй. Шмат каму з украінцаў, якія не дасведчаныя ў тонкасцях царкоўнага жыцця, дастаткова даведацца пра тое, што царква «маскоўская», каб нягледзячы на асобы і ўчынкі канкрэтнага верніка або клірыка, абрынуць на яго галаву абвінавачванні ў смерцях, хлусні і бедах», — пісала выданне «Дзеркало тиждня» напярэдадні выбараў новага мітрапаліта.

Нельга не прызнаць факту выбуху антырасійскіх настрояў ва Украіне. Аднак статыстыка сведчыць, што тыя настроі сістэмнай праявы ў царкоўным жыцці не маюць. Паводле афіцыйнай інфармацыі, з пачатку года толькі 10 прыходаў УПЦ (МП) перайшлі пад патранат Кіеўскага Патрыярхату, які адназначна падтрымаў Майдан.

Нягледзячы на такую сціплую лічбу, у Расіі вельмі перапужаліся за абранне новага кіраўніка УПЦ (МП). Напярэдадні выбараў расійская прэса пісала: «Ва Украінскай Праваслаўнай Царкве Маскоўскага патрыярхату створаны блок аўтакефалістаў, лібералаў, а таксама цэнтральнаўкраінскай групы біскупаў. Гэтая кааліцыя нацэлена на тое, каб любым спосабам адарваць УПЦ ад Маскоўскага Патрыярхату. Для гэтага ім трэба прапхнуць на кафедру кіеўскага мітрапаліта парашэнкаўскага стаўленіка ўладара Сімяона з Вінніцы» («Русская линия»).

Сапраўды, на канале «1+1», які належыць алігарху Каламойскаму, таго Сімяона вельмі піярылі. Акрамя ўсяго, на «1+1» заявілі, што ён — самая лепшая кандыдатура, таму што ў яго няма ніякіх сантыментаў наконт «рускага свету».

Ніякага эфекту гэты піяр не меў. Выбары закончыліся пераканаўчай перамогай партыі цэнтрыстаў. У першы тур выйшлі мітрапаліт Ануфрый, мітрапаліт Барыспальскі і Браварскі Антоній, а таксама мітрапаліт Вінніцкі і Барскі Сімяон. А перамогу атрымаў мітрапаліт Ануфрый.

Нягледзячы на тое, што ніякіх радыкальных заяваў новы мітрапаліт яшчэ не рабіў, большасць украінскай патрыятычнай прэсы лічыць Ануфрыя прамаскоўскай крэатурай. Магчыма, такая выснова звязана з некаторымі фрагментамі біяграфіі новага лідара УПЦ (МП). У студзені 1992 года ён адмовіўся падпісаць зварот архірэйскай нарады Украінскай Праваслаўнай Царквы да патрыярху Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II аб прадастаўленні аўтакефаліі Царкве ва Украіне.

«Ён не тое, каб не ўкраінскі патрыёт, ён, хутчэй, тыповы «русмировец». Ва ўсякім выпадку, мяркуючы па яго інтэрв’ю. «Брацкія народы» — для яго такая ж дадзенасць, як «бязбожны Захад». І ён зусім не той чалавек, які стане актыўна шукаць шляхі аб’яднання з УПЦ КП», — адзначала газета «Дзень», якая сімпатызуе Майдану.

Яшчэ далей пайшлі журналісты «Дзеркало тиждня», якія лічаць, што Банкаўская (вуліца, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя ўкраінскага прэзідэнта) павінна была выкарыстаць адміністратыўны рэсурс: «Уласна, улада сама вінаватая — чаму не ўмяшалася? Але ж іх прасілі. Настойліва, аж непрыстойна напрошваліся на ўмяшанне. Хаця б так, як гэта было ў сакавіку, калі яшчэ не прэзідэнт Парашэнка прыйшоў на Сабор і непасрэдна паўплываў. Можа, біскупы вось так, у вольным рэжыме, без Адміністрацыі прэзідэнта, Кабміна і СБУ проста не ў стане прыняць адэкватнае рашэнне? Гэта «неўмяшальніцтва» згуляла на руку маскоўскаму начальству або спонсарам-алігархам».

Сапраўды, абранне Ануфрыя прарасійская прэса разглядае як перамогу. Антымайданаўскі інтэрнэт-рэсурс «Politnavigator» піша: «Новаабраны мітрапаліт Кіеўскі Ануфрый пярэчыць уладам — крытыкуе ЕС і заклікае неадкладна спыніць АТА. Незадоўга да свайго абрання ўладыка Ануфрый даў інтэрв’ю прэс-службе УПЦ МП. Аказалася, што, у адрозненне ад уладаў, царква бачыць на Данбасе не «сепаратыстаў, тэрарыстаў, наймітаў», а «праваслаўных апалчэнцаў». І ў гэтым жа інтэрв’ю Ануфрый заявіў: «Еўропа паказвае нам ужо канкрэтны прыклад жыцця без Хрыста. Там не звяртаюць увагу на запаведзі Госпада, на Яго забароны. Наадварот, там усё больш заахвочваецца ўсёдазволенасць».

Аднак хутчэй за ўсё ніякіх радыкальных крокаў ад Ануфрыя не будзе. Не дарма, каб супакоіць грамадскасць, пасля абрання новага лідара УПЦ (МП) нечакана для ўсіх прэс-сакратар царквы заявіў: «Як грамадзяне Украіны мы думаем гэтак жа, як і наш урад і ўся сусветная супольнасць: Крым — гэта тэрыторыя Украіны, і павінен быць вернуты».

Усё сведчыць пра тое, што кіраўніцтва УПЦ (МП) будзе ў дадзенай сітуацыі будзе трымацца нейтралітэту, каб захаваць рэсурсы і паству. Пытанне — ці атрымаецца ў «маскоўскіх папоў» — так на Майдане называюць УПЦ (МП) — ціха перасядзець цяперашнія бурныя часы?

Каментаваць