Майдан на Дунаі

У лістападзе Венгрыю захліснула хваля антыўрадавых пратэстаў. Пра прычыны і наступствы акцый у цэнтры Будапешта журналіст «Новага часу» размаўляе з венгерскім грамадскім актывістам Маціяшам Бенекам. 



— Як вядома, пратэсты выклікала ўрадавая ініцыятыва аб падатках на карыстанне інтэрнэтам. Нашто ліберал-кансерватыўнаму ўраду Віктара Орбана спатрэбілася спаганяць грошы з карыстальнікаў інтэрнэту?

— Неабходнасць новага падатку ў памеры 150 флорынтаў, або каля 50 еўрацэнтаў з гігабайту, чыноўнікі аргументавалі неабходнасцю пашырэння інтэрнэт-сеткі па ўсёй краіне. Раней Орбан агучыў амбіцыйны план — шырокапалосны доступ у інтэрнэт у кожны венгерскі дом да 2020 года. Для гэтага мэты, быццам, і шукалі грошы. Таксама казалі, што грошы патрэбныя, каб паменшыць кошты на званкі са стацыянарных тэлефонаў. Быццам, людзі з-за дарагіх тарыфаў на званкі аддаюць перавагу бясплатным званкам праз Skype, што робіць нерэнтабельнай працу нацыянальнай кампаніі Telekom. Законапраект адразу быў успрыняты вельмі негатыўна, прычым усімі сацыяльнымі групамі грамадства. Як адзначалася ў прэсе, упершыню з 2010 года, калі Орбан прыйшоў да ўлады, удалося разбурыць палітычную апатыю венграў.

— У адмоўнай рэакцыі на ідэю Орбана няма нічога дзіўнага, паколькі плаціць падаткі, тым больш такія незвычайныя, мала хто захоча. Ці былі яшчэ нейкія падставы пратэставаць супраць закону?

— Падставы перш за ўсё матэрыяльныя. У Венгрыі 26 працэнтаў насельніцтва жывуць за мяжой беднасці (па мясцовых мерках — менш за 200 еўра). Для параўнання, у суседняй Славакіі такіх толькі 9 працэнтаў. Не дарма апазіцыя казала, што з-за праблемаў доступу да сеціва, новы закон прывядзе ў Венгрыі да масавай непісьменнасці. Апазіцыя таксама баялася, што новая мера зробіць інтэрнэт — асноўны канал яе агітацыі — менш даступным. Для ўсіх было відавочна, што грошы, атрыманыя з падатку на гігабайты, не выратуюць бюджэт і не дапамогуць праграме «інтэрнэтызацыі» Венгрыі. Увогуле, у механізме падрыхтоўкі закона было шмат незразумелага. Напрыклад, стала вядома, што ўрад не праводзіў кансультацый ні з адным з буйных правайдэраў. Узнікла падазрэнне, што гэта нейкая карупцыйная справа. Тым больш, што ў грамадстве не забыўся гучны леташні скандал, калі аднаго з намеснікаў Орбана злавілі на нямэтавым выкарыстанні бюджэтных сродкаў.

— Лозунгі маніфестантаў выйшлі за патрабаванні адмены гэтага закону?

— Несумненна. Інакш бы пратэсты не працягваліся і пасля таго, як 17 лістапада Орбан адклікаў законапраект да прызначаных на студзень кансультацый. Акрамя тэмы вольнага інтэрнэту, на вуліцы ўздымаюцца пытанні рэформы сістэмы падаткаў, цэнзуры, а таксама еўраінтэграцыі краіны. Пасля таго, як увесну дэпутаты знялі з будынку парламента сцяг ЕС і замянілі яго сцягам венгерскай меншасці ў Румыніі, сцяг Еўрасаюза стаў сімвалам апазіцыі. Людзі выступалі супраць магчымага геапалітычнага развароту Венгрыі ў бок Масквы. Падчас акцый узнікла ідэя стварэння новай палітычнай сілы, прыхільнікі якой згуртаваліся вакол хлопца, што каардынаваў пратэст праз Facebook. Аднак пакуль цяжка казаць, ці мае шанец гэты праект выйсці на нейкі сур’ёзны ўзровень. Ва ўмовах ізаляцыі СМІ гэта зрабіць няпроста.

— Ці скарысталася пратэстамі парламенцкая апазіцыя?

— Парадаксальна, аднак вялікіх гешэфтаў апазіцыі апошнія выступы не прынеслі, хаця шматлікія яе лідары прысутнічалі ў авангардзе маніфестацый. Магчыма, гэта звязана з тым, што якраз напярэдадні пратэстаў сярод апазіцыянераў пачаўся новы раскол: лібералы і сацыялісты вырашылі разарваць пакт, які яны заключылі ўвесну напярэдадні майскіх парламенцкіх выбараў. Акрамя таго, у парламенце прысутнічаюць Зялёныя, аднак іх уплыў на палітыку невялікі. Працу апазіцыі з электаратам ускладняе тое, што вельмі актуальныя антыкапіталістычныя лозунгі ў краіне эксплуатуе праварадыкальная партыя «Jobbik», якая негалосна падтрымлівае Орбана.

— Расійскія СМІ пішуць, што ў Будапешце адбываецца спроба арганізацыі мясцовага Майдану. Быццам, гэта помста Злучаных Штатаў Амерыкі за рашэнне Орбана даць зялёнае святло будаўніцтву праз тэрыторыю Венгрыі газаправода «Паўднёвы паток». Таксама шмат спекуляцый на факце ўвядзення Вашынгтонам санкцый супраць венгерскіх чыноўнікаў, якія, праўда, застаюцца ананімнымі.

— Мяркую, сітуацыя больш складаная. Як мінімум таму, што адначасова з падтрымкай праекту «Паўднёвы паток» Будапешт падтрымаў пакет санкцый супраць Расіі. Прэса ўсё ж схіляецца да таго, што санкцыі Штатаў выкліканыя тым, што фіскальныя ведамствы пачалі праверку нейкіх амерыканскіх фірм у Венгрыі. Думаю, што Віктара Орбана трэба параўнаць не з Януковічам, а з турэцкім прэзідэнтам Таіпам Эрдаганам. Абодва палітыкі маюць аўтарытарныя памкненні, гуляюць на ксенафобскіх настроях, захапляюцца папулізмам. Але гэта не значыць, што яны збіраюцца прапанаваць нейкую сур’ёзную альтэрнатыву заходняму вектару. Канфрантацыя з не вельмі папулярнымі ў Венгрыі еўраструктурамі патрэбна Орбану выключна, каб выстаўляць сябе абаронцам нацыянальных інтарэсаў. Тым больш, што падтрымка Захаду з’яўляецца для Будапешта вельмі важнай для рэалізацыі прапанаваных урадам маштабных рэформ. Рэч ідзе аб так званай Дзяржаўнай рэформе–2, галоўнымі мэтамі якой абвешчаны стварэнне самага флексібільнага рынку ў ЕС, стабілізацыя падатковай сістэмы, развіццё транспартнай інфраструктуры. Пасля таго, як пералічаныя задачы будуць вырашаны, колькасць беспрацоўных, па словах Орбана, хуткімі тэмпамі пачне скарачацца. Дзеля гэтага шмат хто гатовы прабачыць Обрану яго аўтарытарныя выхадкі. У Венгрыі, паводле сацапытанняў, 72 працэнты людзей кажуць, што жывуць матэрыяльна горш, чым у часы сацыялізму.

— Дэмакратычная грамадскасць шырока адзначыла 25-годдзе аксамітных рэвалюцый ва Усходняй Еўропе, якія пакончылі з мясцовымі сацыялістычнымі прамаскоўскімі рэжымамі. Як гэты юбілей уплывае на палітычны тонус усходніх еўрапейцаў?

— Міф пра пратэсты 1989 года — вельмі важны для легітымнасці рэжымаў, якія ўзніклі на рэштках камунізму. Таму прэса надае шмат увагі юбілею. Гэта адраджае былую калектыўную веру ў здольнасць людзей рабіць гісторыю. Настальгія па 1989 годзе, безумоўна, спрыяе росту пратэстных настрояў. Прыклад гэтаму — сінхронныя па часе антыўрадавыя і антыкарупцыйныя пратэсты ў Чэхіі, Албаніі, Венгрыі. Напружаная цяпер сітуацыя ў Польшчы і Румыніі. З улікам таго, што падчас кожнага пратэсту ў сацыяльных медыя фармуецца нейкая сетка, здольная мабілізаваць людзей, мяркую, палітычная актывізацыя насельніцтва працягнецца. Тым больш, што сацыяльна-эканамічных падстаў для незадавальнення хапае.

Каментаваць