Майдана няма, як няма і спакою

Сотні сілавікоў аколілі ў чацвер будынак Вярхоўнай рады Украіны. 27 лістапада новаабраныя дэпутаты парламента прымалі прыcягу. Тым часам, на Хрышчаціку, як і на Майдане Незалежнасці мала што нагадвае пра трагічныя падзеі.



Выключэннем зʼяўляецца вуліца Інстытуцкая, дзе ад стрэлаў снайпераў загінула большасць з «Нябеснае сотні Майдана». Інстытуцая застаецца народным мемарыялам у памяць аб ахвярах апошняй рэвалюцыі.

У цэнтры Кіева ідзе звычайнае жыццё. Па Хрышчаціку адноўлены рух грамадскага і прыватнага транспарту, ніякіх слядоў барыкадаў і намётавага лагера не засталося. Час ад часу сустракаюцца мужчыны пад 50 у камуфляжы з нашыўкамі «Батальён Данбас».

Зранку ў чацвер вакол будынку Вярхоўнай Рады былі сотні міліцыянтаў, спецназаўцаў, іншых сілавікоў, якія забяспечвалі грамадскі парадакпадчас перчшага пасяджэння новага складу парламента. Хоць, прызнаца, жадаючых парушыць гэты парадак амаль не было. Хіба што некалькі пенсіянераў з плакатамі і рындаю, атаксама пара-тройка чальцоў «Правага сектара».

Затое каля будынку Нацыянальнага банка праходзіў мітынг, удзельнікі якога патрабавалі адстаўкі кіраўніка рэгулятара Валерыі Гонтаравай. Да яе назапасілася надта многа прэтэнзіяў: тут і закрыццё банкаў, і няспынная эмісія грыўні, якая выклікала моцную інфляцыю, што пацягнула дэвальвацыю нацыянальнае валюты, і шмат чаго іншага. «Гонтараву гэць!», скандавалі ўдзельнікі мітынгу.

Побач з Нацбанкам, на вуліцы Інстытуцкай застаецца народны мемарыял. Сотні фатаздымкаў забітых, лампады, свечкі, каскі ўдзельнікаў самаабароны, рэшткі барыкадаў. І безліч прысыпаных снегам кветак, бо ў Кіеве пануе зіма. Ідучы па Інстытуцкай людзі замаруджваюць крок, спыняюцца каля здымкаў. Дарэчы, з твараў украінцаў зніклі ўсмешкі, адразу разумееш, што дух вайны, якая яшчэ зусім нядаўна грымела на кіеўскіх вуліцах, а зараз працягваецца на паўднёвым усходзе краіны, прасякнуў усю прастору.

А адным з сімвалаў адзінства нацыі стаў велізарны герб-трызуб, выкладзены на Майдане з лампадак.

Каментаваць