«Макрон — гэта не Навальны»

Свет уздыхнуў з палёгкай. Фармат другога туру прэзідэнцкіх выбараў у Францыі — Эмануэль Макрон супраць Марын Ле Пэн — амаль не пакідае шанцаў для апошняй. Пра тое, ці захавалася хоць нейкая інтрыга ў прэзідэнцкай гонцы, распавядае французскі журналіст Аляксандр Чукаеў.

— Усе кажуць, што выбары былі памінальнай песняй па Пятай Рэспубліцы…

— Безумоўна, Пятая Рэспубліка сябе вычарпала. Фактычна, пасля Франсуа Мітэрана трэндам стаў прыход да ўлады лю­дзей, за якімі стаіць не ідэалогія, а асабісты матэрыяльны інтарэс. Асабліва яскрава гэта праявілася падчас прэзідэнцтва Франсуа Аланда, які ішоў на выбары як паслядоўны сацыяліст, аднак, акрамя легалізацыі аднаполых шлюбаў, нічым сябе не праявіў. Немагчымасць рэалізаваць выбарчыя праграмы і карупцыйныя скандалы стварылі новыя выбарчыя тэхналогіі, калі лю­дзям прапануюць галасаваць за меншае зло. І, на жаль, тое, што мы бачым, — гэта, па сутнасці, паўтор сцэнару выбараў 2002-га, якія таксама праходзілі пад лозунгам не пусціць фашыстаў у выглядзе Жан-Мары Ле Пэна да ўлады. Перамога Жака Шырака над кандыдатам «Нацыянальнага фронту» з 82 працэнтамі падтрымкі не паўплывала на паводзіны ўлады. І ў мяне шмат сумневаў, што на выбарах 2017-га адбыўся сапраўдны разрыў з мінулым. Наадварот, мы бачым яшчэ большае пагаршэнне.

— У чым гэта праяўляецца?

— Перш за ўсё, у другі тур прайшлі відавочныя маргіналы. Ну, пра Марын Ле Пэн і так казаць няма чаго, аднак нават яна дасць фору Макрону. За Макронам няма нават партыі з гісторыяй і традыцыяй. Ёсць незразумелы праект «En Marche» («Наперад»), які ўзнік толькі летась. У гэтай арганізацыі няма празрыстага прыняцця рашэнняў, праграмы, іншых спікераў, акрамя, натуральна, Макрона.

Сам лідар «En Marche» не прайшоў школу партыйнага актывіста і таму не мае досведу публічнага трыбуна. Яму бракуе практыкі камунікацыі з прэсай. Падчас інтэрв’ю ён агрызаецца на нейкія вострыя пытанні, што не прынята ў Францыі. Ён часам дэманструе вельмі нізкі ўзровень кампетэнцыі, калі, напрыклад, называе французскую Гвіяну выспай. Адным словам, Макрон — гэта не Навальны. Пакуль прэса шмат яму прабачае — праз страх перад перамогай Ле Пэн, — аднак хутка пачнуцца непрыемныя пытанні. Напрыклад, як здарылася, што тыя ж сацыялісты і нацыяналісты скардзяцца на недахоп сродкаў на выбары, а для выбарчага штабу «En Marche» грошы не з’яўляюцца праблемай?

— У чэрвені ў краіне адбудуцца парламенцкія выбары, якія могуць стаць фатальнымі для прэзідэнцтва Макрона, — калі яго, натуральна, абяруць прэзідэнтам. Паводле французскіх законаў, кандыдатуру на пасаду прэм’ера ўносіць не прэзідэнт, а парламенцкая большасць…

— Няма сумневаў, што рух Макрона будзе намагацца прайсці ў парламент на хвалі пераможнай эйфарыі. Аднак атрыманне дэпутацкай большасці — ілюзорны праект. Яскравых фігур на месцах у Макрона няма. Беручы пад увагу крызіс сацыялістаў, можна прагназаваць поспех рэспубліканцаў. Мне падаецца, што на пасаду прэм’ера будзе прапанаваны былы прэм’ер Ален Жупэ.

— Ці мае шанец Партыя сацыялістаў адрадзіцца пасля такога канфузу на цяперашніх выбарах?

— Пакуль мала хто бачыць для іх нейкую будучыню. Сярод іншага, сацыялісты згубілі аўтарытэт вядучай левай партыі. Інтэграцыйныя праекты на левым флангу, калі і пачнуцца, то будуць звязныя з фігурай Меланшона, які зрабіў маленькую сенсацыю: упершыню ў левага выбаршчыка радыкалы больш папулярныя, чым левы цэнтр.

— У медыя дамінуе думка, што Марын Ле Пэн не мае шанцаў у другім туры. Супраць яе паўстаў шырокі фронт з удзелам як правых, так і левых. Галасаваць за ліберала Макрона заклікалі нават прафсаюзы, якія ўвесь апошні год змагаліся супраць праекту распрацаванага ім працоўнага закона.

— Сапраўды, сёння ўсе заклікаюць галасаваць за Макрона, што нагадвае стары савецкі анекдот пра прас, з якога гучыць выступ Брэжнева. Аднак нейкія шанцы Ле Пэн захавала. Галасаваць супраць яе заклікаюць лідары розных палітычных і грамадскіх структур, аднак ёсць пытанне: наколькі іх погляды пасуюць настроям актыву? Ніхто не можа гарантаваць, што не праявіць сябе пратэстны рэфлекс супраць брутальнага навязвання думкі звонку. Не кажучы пра тое, што ў сваім запале атрымаць галасы працоўных, Ле Пэн нават пераплюнула шматлікіх левых — абяцае кантроль над банкамі і дырэктаратам. Таксама варта звярнуць увагу на электаральную геаграфію. Ле Пэн атрымала беспрэцэдэнтна шмат у тых акругах, дзе традыцыйна галасавалі за галістаў. І, зноў жа, паўстае інтрыга наконт таго, як будзе галасаваць кансерватыўны выбаршчык праз два тыдні.

— Які прагноз на бліжэйшы час?

— Пасля перамогі рэспубліканцаў на парламенцкіх выбарах мы станем сведкамі так званага «cohabitation» — гэта  практыка, калі прэм’ер і прэзідэнт належаць да розных партый. У прынцыпе, французы бачылі такое яшчэ з часоў Франсуа Мітэрана, аднак на гэты раз можа атрымацца нешта іншае. Па-першае, «класікі» (галісты і сацыялісты) маюць зуб на Макрона і могуць прынцыпова блакаваць яго праекты. З іншага боку, блок з карумпаванымі галістамі падрывае вобраз Макрона як рэфарматара, чалавека пераменаў, што прымушае яго ісці на канфлікт. Калі не будзе знойдзены нейкі арыгінальны варыянт вырашэння крызісу, дык на наступных выбарах да ўлады амаль аўтаматычна прый­дзе Ле Пэн.



Каментаваць