Малдаўскі прэцэдэнт

Рашэнне аб увядзенні для грамадзян Малдовы бязвізавага рэжыму для наведвання ЕС — знакавая падзея, якая дакладна паўплывае на палітычныя працэсы постсавецкай прасторы.



Дыялог аб візавай лібералізацыі з Малдовай пачаўся ў чэрвені 2010 года. Тады быў складзены адпаведны план дзеянняў і вызначаныя ўмовы, сярод якіх — «прагрэс, дасягнуты краінай у рэалізацыі ключавых рэформаў у такіх галінах, як умацаванне вяршэнства права, барацьба з арганізаванай злачыннасцю, карупцыяй і нелегальнай міграцыяй, удасканаленне адміністрацыйнага патэнцыялу пагранічнага кантролю».

За амаль чатыры апошніх гады рэалізацыі зацверджанага плана некалькі разоў узнікала ўражанне, што ўсе вось-вось сарвецца. Напрыклад, калі вельмі ўплывовая ў Малдове праваслаўная царква паўстала супраць законапраекту аб талерантнасці, які апазіцыя паднесла грамадству як закон аб свабодах для сэксуальных меншасцяў. У дадатак сярод саміх лабістаў еўрапейскага вектару часам не было адзінства. У мінулым годзе Альянс за еўрапейскую інтэграцыю — урад, створаны на аснове мясцовых нацыянал-ліберальных партый, ледзь не разваліўся з-за унутраных і персанальных канфліктаў. Камуністы — галоўныя апаненты еўраінтэграцыі, неаднаразова анансавалі правал ідэі бязвізавага рэжыму.

Не дзіўна, што навіна пра новыя візавыя правілы для малдаван стала ўдарам для партыі Уладзіміра Вароніна (лідар Кампартыі Малдовы). У дзень паведамлення пра бязвізавы рэжым з ЕС варонінцы не змаглі не толькі праштурхнуць рэзалюцыю аб недаверы кабінету, але ўвогуле частка камуністаў заявіла пра сыход з партыі і стварэнне свайго праекту.

Камуністам у цяперашняй сітуацыі застаецца мусіраваць тэзіс пра тое, што бязвізавы рэжым не сапраўдны. «Новы рэжым не прадугледжвае магчымасці для грамадзян Малдовы працаваць на легальных падставах у краінах ЕС. Зараз адбываецца татальная дэзінфармацыя грамадзян. Іх спрабуюць пераканаць, што мы ледзь ці не адной нагой у Еўрапейскім саюзе. Гэта няпраўда. Каб атрымаць дазвол на ўезд на 90 дзён, акрамя стандартных дакументаў, грамадзяне Малдовы павінны пацвердзіць свой матэрыяльны стан. Сума разлічваецца па формуле — 40 еўра ў дзень, але не можа быць менш за вызначаны парог у 400 еўра. То бок, усё тое ж самае, што патрабавалася пры афармленні еўрапейскай візы», — адзначае блізкае да камуністаў выданне «Гренада».

«Усё, што трэба Захаду, — гэта назаўсёды адарваць Малдову і Украіну ад варыянту еўразійскай інтэграцыі, каб цалкам выключыць новае аб'яднанне ў любой форме народаў былога СССР», — пішуць камуністы. Натуральна, не абышлося без істэрыкі пра тое, што бязвізавы рэжым з ЕС створыць умовы для больш хуткага паглынання Малдовы Румыніяй, дзе дасюль папулярныя канцэпцыі «Вялікай Румыніі».

Аднак прапаганда камуністаў не выглядае паслядоўнай. На малдаўскіх форумах можна сустрэць шмат контраргументаў. «100 еўра на квіток да Італіі, можа знайсці пераважная колькасць грамадзян Малдовы. Наогул, сцвярджаць, што свабода перамяшчэння нікому не патрэбная, можа выключна разумова непаўнавартасны... Я разумею, гэта сур'ёзны ўдар для люмпенаў: усе чатыры гады крычалі, што гэта морква і гэтага ніколі не будзе», — піша адзін з удзельнікаў форуму на сайце Moldnews.

Нават прыднястроўскае выданне «Днестр» прызнае, што бязвізавы рэжым будзе мець вялікія пазітыўныя наступствы для рэгіёну. «Бязвізавы ўезд у ЕС — гэта адкрытая дарога для турызму. Але, калі казаць пра моладзь, то гэта яшчэ і магчымасць прыгледзецца да еўрапейскіх краінаў, магчыма, падумаць не толькі пра адпачынак, але і пра планы на вучобу, пра новыя кар'ерныя магчымасці. (…) Спазнаючы свет, можна павысіць патрабаванні да сваіх уладаў. Калі Малдова сваім прыкладам пакажа Прыднястроўю і той жа Украіне, як можна пабудаваць жыццё без карупцыі, без залішняга пафасу, — у выніку выйграюць усе. І людзі, і рэгіёны, і бізнэс. Чым менш межаў, тым хутчэй наладзіцца нармальнае жыццё, а палітыкі, якія ўводзяць абмежаванні і ставяць бар'еры ў любых сферах, ці гэта будзе свабода перамяшчэння, ці свабода інфармацыі, свабода інтэрнэту — такія палітыкі не маюць будучыні», — піша выданне. Дарэчы, у Прыднястроўі малдаўскія пашпарты маюць каля 300 тысяч чалавек.

Расія вуснамі дэпутата Дзярждумы Леаніда Слуцкага ўжо выказала трывогу наконт таго, што бязвізавы рэжым з ЕС можа ў перспектыве раскалоць грамадства Прыднястроўскай Рэспублікі. Афіцыйны Ціраспаль пакуль гэта не каментуе.

Між тым, скасаванне візаў для Малдовы — падзея куды больш значная. Малдова з'яўляецца першай краінай «Усходняга партнёрства», якая атрымала бязвізавы рэжым з ЕС, не маючы статусу краіны-кандыдата ў сябры ЕС. Такім чынам, сябры ЕС выказваюць сваю падтрымку не толькі Малдове, а ўсім дзяржавам, які абралі еўрапейскі шлях. І перш за ўсё рашэнне ЕС па Малдове можна разглядаць як акт дэманстрацыі Кіеву рэальнасці ўвасаблення тых каштоўнасцяў, за якія на яго вуліцах ішла сапраўдная вайна.

Як слушна заявіла канцылярыя эстонскага прэзідэнта Томаса Хендрыка Ільвеса: «За кошт дэмакратычных і эканамічных рэформаў Малдова стала прыкладам для многіх дзяржаў у рэгіёне. Спадзяюся, што і для новага ўрада Украіны».

Праўда, трэба прызнаць, што бітву за Малдову Крэмль яшчэ далёка не прайграў. Зараз колькасць прыхільнікаў Мытнага саюзу ў краіне — каля 40 працэнтаў. Прыкладна столькі ў сімпатыкаў ЕС, аднак рэйтынг Альянсу за еўрапейскую інтэграцыю не вельмі высокі. У дадатак, эйфарыя ў малдаўскім соцыуме можа быць нядоўгай. У Сербіі, Албаніі, Македоніі і Чарнагорыі падобныя рашэнні аб візавай лібералізацыі з ЕС былі прыняты некалькі гадоў таму, аднак асабліва эканамічны стан не палепшылі. Аднак, з іншага боку, вопыт пералічаных краін сведчыць, што ў ніводнай з іх пытанне аднаўлення старых візавых правіл не ставіцца. Ізаляцыя ад Еўропы — самы кепскі варыянт пошуку выхаду з крызісу. Таму, думаецца, Малдову ўжо не развярнуць назад. Гэты пастулат, у сваю чаргу, дазваляе задацца пытаннем — хто з краінаў «Усходняга партнёрства» наступны пасля Малдовы? 

Каментаваць