Малдоўскі ўрок для Еўропы

Як сталася, што Малдова, найбольш прасунутая на шляху еўраінтэграцыі краіна СНД, на вачах ператвараецца ў пуцінскі фарпост? Што чакае гэты краіну ў бліжэйшай будучыні?



Фота www.forum.md


«Еўрапейская гісторыя поспеху» — такім вызначэннем узнагародзіў адзін з еўрачыноўнікаў Малдову ў 2010 годзе. На той час краіна, падавалася, канчаткова ўзяла курс на Еўропу. Хутка яна атрымала бязвізавы рэжым, у 2014 годзе была падпісаная эканамічная асацыяцыя з ЕС, у краіну пайшлі неверагодныя па мясцовых маштабах крэдыты.

Прайшло ўсяго пяць гадоў — і ў дачыненні да Малдовы ўжываюцца процілеглыя ацэнкі: «краіна еўразійскай рэвалюцыі», «краіна — антымайдан».  Паводле дадзеных сацыёлагаў, лагер малдаван-еўрааптымістаў скараціўся з 78 працэнтаў у 2007 годзе да 30 працэнтаў на сёння. Таксама фіксуецца пашырэнне папулярнасці праекту еўразійскай інтэграцыі, нягледзячы на тое, што эканамічны стан краін-сяброў гэтага аб’яднання, мякка кажучы, не лепшы. 

Метамарфозы малдаўскай калектыўнай свядомасці і наступствы цяперашніх падзей у краіне для рэгіёну — адна з самы папулярных тэмаў у СМІ краін СНД.

Што тычыцца прычын выбуху еўраскептыцызму ў Малдове, то, як правіла, дамінуе версія пра суб’ектыўны фактар. Большасць каментатараў лічаць, што галоўнай прычынай скарачэння колькасці прыхільнікаў еўрапейскай інтэграцыі з’яўляюцца дзеянні кіруючай у Малдове т. зв. Праеўрапейскай кааліцыі, якая абапіралася на адну з фракцый мясцовага алігархату. Гэты клан без комплексаў выкарыстоўваў уладу ў сваіх інтарэсах, кульмінацыяй чаго стала афёра па вываду з асноўных банкаў краіны больш за 1,5 мільярда долараў (нагода цяперашніх пратэстаў).

Ёсць думка, што адказнасць за скепсіс наконт ЕС нясе і Захад, які свядома зрабіў стаўку на згаданую алігархічную групоўку. Выданне «Украінская праўда» піша, што пераломным момантам стаўлення да ЕС стала ацэнка парламенцкіх выбараў 2015 года. Нягледзячы на відавочныя парушэнні, еўраэмісары ніякіх хібаў на выбарах не заўважылі, што выклікала першаснае незадаволенне ў грамадстве.

Пасля таго, як выбухнула банкаўская афера, заходнія дыпламаты, быццам, узялі дыстанцыю ад кааліцыі. Гэта спрыяла паўстанню руху новых еўрафілаў, якія пачалі акцыі вулічнага пратэсту. Аднак на днях еўрапейцы і ЗША раптам зрабілі новы паварот: падтрымалі абранне на пасаду прэм’ера Уладзіміра Плахатнюка — прадстаўніка старой каманды.  

Вось як кішынёўская газета «Ведомости» апісвае рэакцыю грамадства: «Калі ў Кішынёве даведаліся, што ЗША падтрымліваюць новую парламенцкую большасць, якая была створаная з дапамогай пагроз, подкупу, шантажу на чале з алігархам, шмат у каго быў шок. Уражаныя былі і блізкія да Захаду палітолагі, якія вінавацяць Плахатнюка ў рэйдарстве малдаўскай дзяржавы і стварэнні сістэмы карупцыі, і праеўрапейскія палітыкі «новай хвалі», якія збіралі ў Кішынёве шматтысячныя мітынгі».

Ёсць група каментатараў, якія бачаць у палітычных працэсах вытворную эканомікі. На іх думку, эрозія еўрааптымізму пачалася пасля таго, як сталі праяўляецца вынікі эканамічнай асацыяцыі з ЕС. Праз год пасля падпісання дамовы экспарт Малдовы ўпаў на 13% (а ў Расію — на 50 працэнтаў). Навала еўрапейскага імпарту ў краіну, якая цалкам адчыніла межы, зрабіла малдаўскага вытворцу неканкурэнтаздольным. Літаральна за некалькі месяцаў практычна ўсе эканамічныя аб’екты апынуліся на мяжы банкруцтва. Гэта і стварыла сацыяльную базу маніфестацый, якія з восені страсаюць малдаўскую сталіцу.

Але некаторыя лічаць, што шмат у чым вінаватыя самі малдаване, якія мелі занадта вялікія ілюзіі адносна тэмпаў набліжэння краіны да стандартаў ЕС. Калі стала зразумела, што еўраінтэграцыя расцягнецца на дзесяцігоддзі, гэта выклікала адпаведныя сіндромы. «Адчувальны прагрэс у галіне еўраінтэграцыі адсутнічае на фоне эканамічных цяжкасцяў і высокага ўзроўню беспрацоўя, што спрыяе росту расчаравання ў ЕС», — канстатавалі летась аўтары даследавання агенцтва «Slovac Atlantic Commission». Напэўна, такім настроям спрыяла і частковае расчараванне разрэкламаванага раней бязвізавага рэжыму для малдаван. Правілы наведвання ЕС не даюць ім права на працу ў ЕС і вымагаюць ад аматара падарожжа наяўнасці пакету дакументаў, а таксама значную суму грошай. 

Што тычыцца наступстваў змены сімпатый у Малдове, то яны ў чымсьці парадаксальныя. У Кіеве штурм парламента ў Кішынёве разглядаюць не як антыеўрапейскі акт, а як «чорную метку» ўкраінскаму ўраду. Маўляў, Яцанюка і Парашэнку чакае тое ж самае, што і малдоўскіх еўраінтэгратараў, калі яны будуць займацца сабатажам рэформаў. 

Масква замест таго, каб рабіць на падзеях у Малдове антырэкламу еўраінтэграцыі, не робіць ніякіх афіцыйных заяў. Маскоўскі публіцыст Сяргей Казлоўскі звязвае гэта з агульнай сітуацыяй. «Узнікненне прарасійскага ўрада ў Кішынёве азначае для Крамля актуалізацыю праблемы з Прыднястроўскай Рэспублікай, а таксама вельмі недарэчныя ў кантэксце Мінскага працэсу хваляванні ў Адэскай вобласці Украіны. Кінуць новы ўрад на волю лёсу — значыць прызнаць уласную слабасць. А на падтрымку хай і невялікай рэспублікі спатрэбяцца фінансавыя рэсурсы, якіх пуцінская Расія больш не мае», — піша ён.  Пра асцярожную пазіцыю Крамля сведчаць і заявы лідараў прарасійскай апазіцыі, якія выступаюць за баланс уплываў Захаду і Усходу.

Такім чынам, ад працягу супрацоўніцтва з Еўропай Малдове нікуды не падзецца. Праўда, рэабілітавацца ў вачах еўрапейцаў будзе цяжка. «Цяпер Малдове будзе цяжэй абзавесціся крэдытам даверу ад Еўрасаюза. Умовы апынуцца больш жорсткімі, бо еўрапартнёры расчараваныя цяперашняй уладай. Гэта дрэнна для іміджу РМ у ЕС, і для іміджу ЕС у РМ, бо, атрымліваецца, еўрапейцы падтрымалі карупцыянераў, якія знаходзяцца ў руля краіны. Давер можа быць адноўлены, калі ЕС убачыць рэальныя змены і барацьбу з карупцыяй», — піша выданне noi.md. Праўда, каб змагацца з карупцыяй, патрэбна хоць нейкая стабілізацыя. Пакуль Малдову штарміць. Сітуацыя настолькі непрадказальная, што нават сур’ёзныя СМІ дазваляюць сабе спекуляваць наконт уводу ў Кішынёў румынскага спецназа, які здолее неяк лакалізаваць стыхію вуліцы.

Каментаваць