Малдова забараняе рускую мову

Малдаўскія лібералы ў асобе Ганны Гуцу зарэгістравалі ў парламенце законапраект, у якім фактычна прапануецца забараніць выкарыстанне рускай мовы ў краіне і ўвесці пакаранне за адмову ад румынскай мовы.



Асноўная ідэя прапановы — румынская (малдаўская) мова павінна функцыянаваць ва ўсіх сацыяльных сферах: палітыцы, эканоміцы, культуры, юрыспрудэнцыі і г.д.

 

На практыцы гэта будзе значыць шэраг глабальных перамен. Напрыклад, назваў населеных пунктаў, у якіх будзе «адзіная афіцыйная назва на румынскай, а пры транслітарацыі з іншых моваў будзе выкарыстоўвацца румынская арфаграфія». Імёны грамадзян Малдовы, па закону, не павінны скланяцца. Іншымі словамі, трэба будзе казаць: «даць Іваноў», а не «даць Іванову».

 

Паводле праекту, устанаўліваецца 80-працэнтны аб’ём перадач на румынскай мове ў сферы радыёвяшчання, у тым ліку для замежных дыстрыб’ютараў. Пісьмовыя СМІ таксама на 80 працэнтаў павінны ўтрымліваць матэрыялы на румынскай мове. Інтэрнэт-сайты пад даменам *.md абавязаныя размяшчаць версію кантэнту на румынскай мове, у адваротным выпадку іх пазбавяць ліцэнзіі на дзейнасць. Гэтак жа ў дадзеным законе рэгламентуецца, што грамадзяне ў кантактах з органамі ўлады, публічнай адміністрацыяй і некамерцыйнымі арганізацыямі абавязаны выкарыстоўваць выключна румынскую мову. Без ведання румынскай мовы нельга будзе працаваць як у дзяржаўных установах, так і ў прыватных кампаніях.

 

Паводле законапраекту, вышэйшую адукацыю ў Малдове можна будзе атрымаць выключна на румынскай мове. Гэтак жа на румынскай мове павінны быць напісаныя ўсе навуковыя працы або весціся канферэнцыі ў сферы адукацыі. Уся навуковая літаратура можа выдавацца толькі на румынскай мове.

 

Праўда, ліберал-дэмакраты прызнаюць, што ёсць некаторыя цяжкасці. Паводле апошняга перапісу, каля мільёна малдаван не размаўляюць на мове тытульнай нацыі або надаюць перавагу іншай падчас камунікацыі. Таму лагічна выглядае патрэба мовы міжнацыянальных зносін. І яна знойдзеная. «Ва ўсіх краінах Еўрапейскага саюза мовай міжнацыянальных зносін з’яўляецца англійская. У бліжэйшы ж час мы далучымся да вялікай еўрапейскай сям’і, і павінны адпавядаць яе стандартам. Таму нашым грамадзянам надышоў час пачынаць вывучаць англійскую мову, бо гэта неабходная ўмова для сацыяльнай і прафесійнай інтэграцыі грамадзян РМ у ЕС», — падкрэсліваюць дэпутаты-лібералы.

 

Не паспела Ганна Гуцу зарэгістраваць у канцылярыі парламенту свой законапраект, як ён стаў любімай фішкай камуністаў. Старшыня Партыі камуністаў Уладзімір Варонін заявіў, што будзе размаўляць толькі па-руску да таго часу, пакуль лібералы не адклічуць з парламента дыскрымінацыйны законапраект «аб лінгвістычнай палітыцы». Дарэчы, на малдаўскай мове ён і так практычна не размаўляе.

 

«Законапраект лібералаў па ступені нялюдскасці мяжуе з фашызмам», — такое меркаванне выказаў лідар партыі «Адраджэнне», якая арыентуецца на рускамоўных малдаван, Вадзім Мішын. Паводле яго слоў, менавіта з-за падобных ініцыятыў успыхнуў узброены канфлікт на Днястры ў пачатку 1990-х гадоў.

 

Сацыялісты (што адкалоліся ад Кампартыі) ужо высунулі альтэрнатыўны законапраект аб забароне т.зв. «уніянісцкіх» партый (накшталт ліберальнай), якія прапагандуюць уваходжанне Малдовы ў склад Румыніі. Іх падтрымалі некаторыя арганізацыі Гагаузіі, дзе імплементацыя закону пра мовы здольная выклікаць калапс у працы адміністрацыі. Насельніцтва краю слаба ведае як малдаўскую (румынскую мову), так родную гагаузскую, надаючы перавагу рускай мове.

 

З улікам рэакцыі на законапраект, якая, дарэчы, была прадказальнай, варта задацца пытаннем — навошта лібералам уся гэта катавасія? Самі яны тлумачаць актуальнасць новага кодэксу патрэбай культурнай інтэграцыі ўсіх малдаван.

 

Аднак экспертнае грамадства мяркуе інакш. На думку большасці аналітыкаў, ініцыятыва лібералаў звязаная з хуткімі выбарамі ў парламент. Тэма выбараў зноў загучала пасля нядаўняга развалу кааліцыі «Альянс за еўрапейскую інтэграцыю», якую фармавалі лібералы, ліберал-дэмакраты і дэмакраты. Эксперты пагаджаюцца з тым, што праект носіць перадвыбарчы характар і мае на мэце ўмацаванне пазіцыі лібералаў сярод прарумынскай часткі насельніцтва, давер якой яны часткова страцілі пасля карупцыйных скандалаў з удзелам шэрагу чыноўнікаў-лібералаў.

 

Пра тое, што законапраект падобны да чыстага піяру, сведчаць некаторыя дэталі. Па-першае, у лібералаў не хапае парламенцкіх мандатаў, каб прасунуць законапраект, а былыя калегі па «Альянсу за еўрапейскую інтэграцыю» ўпершыню пра яго пачулі. Так, лідар ліберал-дэмакратаў у парламенце Валерый Стралец адмовіўся каментаваць «моўны праект» лібералаў да таго часу, пакуль ён не будзе абмеркаваны на фракцыі. Але калі гэта адбудзецца, спадар Стралец сказаць не змог. У сваю чаргу, дэмакраты ўжо канчаткова заявілі, што будуць галасаваць супраць прапановы моўнай рэформы.

 

Акрамя таго, у Канстытуцыі напісана, што дзяржаўнай мовай у краіне ёсць фармальна малдаўская, а не румынская мова. Такім чынам, закон у варыянце Гуцу не будзе прыняты. Трэба, каб спачатку змянілі тэкст Асноўнага закону. Аўтары ўжо звярнуліся ў Канстытуцыйны суд з прапановай «словазлучэнне «малдаўская мова», якая функцыянуе на аснове лацінскай графікі» семантычна прыраўняць да словазлучэння «румынская мова». Аднак колькі часу будзе патрэбна суддзям на разгляд справы, ніхто не ведае. Увогуле, вялікае пытанне — ці ў кампетэнцыі сяброў КС змяненне канстытуцыі?

 

Яшчэ адна перашкода для новага закону — закон аб забеспячэнні роўнасці, што забараняе любую дыскрымінацыі па моўнай і нацыянальнай прыкмеце, які ўступіў у дзеянне з 1 студзеня. Праціўнікі лібералаў дакладна заявяць пра супярэчнасць праекту Гуцу згаданаму закону. Прычым самае смешнае, што антыдыскрымінацыйны закон быў пралабіраваны партыямі «Альянсу за еўрапейскую інтэграцыю», якія бачылі ў ім крок на шляху інтэграцыі Малдовы ў ЕС.

 

Сыходзячы з усяго сказанага вышэй, можна лічыць, што пакуль «вялікаму і магутнаму» на берагах Днястра нічога не пагражае. Застаецца расслабіцца і атрымаць асалоду ад спектакля пад умоўнай назвай «Абарона рускай мовы», галоўныя персанажы якога — камуністы, сацыялісты, гагаузскія і прарускія партыі — будуць спрабаваць абскакаць адзін аднаго па гэтай праблематыцы. Відовішча абяцае быць захапляльным. Адзін з лідараў сацыялістаў прапанаваў даследаваць аўтараў законапраекта наконт псіхічнага здароўя.

Каментаваць