Марш супраць маршу

З-за падзей ва Украіне «Рускі марш» — штогадовая акцыя нацыяналістаў, прымеркаваная да свята Дня нацыянальнага адзінства 4 лістапада, — у гэтым годзе радыкальна мяняе фармат.



Сітуацыя з цяперашнім Рускім маршам нагадвае сцэну з фільму «Каўказская палонніца», калі адзін з галоўных персанажаў кажа: «Той, хто нам перашкаджаў, нам і дапаможа».

 

Рускі нацыяналізм апошнім часам быў галаўным болем Пуціна. Манежная плошча, Кандапога, Бірулёва — няпоўны спіс пагромаў на нацыянальнай глебе, якія не так даўно пракаціліся па Расіі. Вельмі важную ролю ў кансалідацыі і легітымізацыя праварадыкалаў адыгрывала 4 лістапада — Дзень рускага адзінства, прызначаны святам у гонар вызвалення Масквы ад войскаў Рэчы Паспалітай. Відавочна, што свята прыдумалі як эрзац 7 лістапада. Аднак у выніку з-за сваёй абстрактнасці ідэя ў народ не пайшла. Затое Дзень рускага адзінства хутка стаў фішкай праварадыкльнай субкультуры. Сярод яе аматараў паступова сфарміраваўся рытуал святкавання, цэнтральнае месца ў якім займае «Рускі марш», які заўсёды быў пралогам вулічнага гвалту. Напрыклад, у мінулым годзе «Рускі марш» сабраў у Маскве калі дзесяці тысяч чалавек і пасля заканчэння перарос у лакальныя бойкі з імігрантамі.

 

Падзеі ва Украіне дазволілі ўладам перахапіць ініцыятыву. Менавіта Крэмль, а не барацьбіты з імігрантамі, выглядае ў вачах расіянаў галоўным абаронцам інтарэсаў нацыі, якой пагражае Дзярждэп і Правы сектар. Апафеозам яднання народаў Расіі вакол Пуціна стане 4 лістапада гэтага года, калі па ўсёй краіне пройдуць афіцыйныя «Рускія маршы» ў падтрымку Наваросіі.

 

Сярод іх арганізатараў можна пабачыць прадстаўнікоў усіх парламенцкіх партый, большасці непарламенцкая палітсілаў, а таксама дыяспар. Нават камуністы, якія доўга байкатавалі свята 4 лістапада, пагадзіліся далучыцца да маніфестацыі.

 

Змена кан’юнктуры пашырыла геаграфію «Рускіх маршаў» перш за ўсё ў аўтаноміях. Уфа і Казань, якія шарахаліся ад такіх шэсцяў, у гэтым годзе выдалі дазвол на іх правядзенне. Так, рускім нацыяналістам дазволена прайсці строем па ўскраінных вулачках аднаго са спальных раёнаў Уфы, што для іх — вялікая перамога.

 

Праўда, дазвол даецца на «Рускія маршы», які арганізу­юць правільныя нацыяналісты. Між тым, у Расіі існуюць і такія нацыяналісты, якія падтрымліваюць Кіеў, або, прынамсі, сцвярджаюць, што Пуцін гуляецца ў патрыятызм выключна з часовых прагматычных інтарэсаў. Ідэолагамі гэтай плыні прапануецца абсалютна іншае бачанне тых жа падзеяў на Данбасе. 

 

«Наша ўлада гатова падтрымліваць Данбас, але выключна ў фармаце, які ёй зручны. Не як «рускую ірэдзенту» (на чым, уласна, настойваюць нацыяналісты), а як асобную савецкую рэспубліку або абстрактную антыфашысцкую дзяржаву. У адрозненне ад сепаратызму, «ірэдзентызм» азначае ўз’яднанне штучна падзеленай нацыянальнай супольнасці. Нагадаю, першапачаткова «руская вясна» (у тым ліку ў Крыме) адбывалася пад лозунгам уз’яднання рускіх на паўднёвым усходзе Украіны з гістарычнай радзімай», — кажа расійскі нацыяналіст Канстанцін Крылоў. На яго думку, «расійскі кіруючы клас зробіць усё магчымае, каб фармацыі накшталт ДНР або ЛНР не сталі рускімі нацыянальнымі. Калі тое не атрымаецца, гэты праект проста зачыняць. Зразумела, што лідарам апалчэнцаў цяпер вельмі моцна выкручваюць рукі».

 

Ставіцца пад сумнеў і папулярны ў расійскім афіцыёзе тэрмін «рускі свет». «Пра які-небудзь «рускі свет» можна будзе казаць тады, калі будзе абраны прэзідэнт Рускай Рэспублікі ў складзе Расійскай Федэрацыі (ці будуць кандыдаты з адпаведнай праграмай). А пакуль сам тэрмін «рускі свет» некарэктны, з прычыны адсутнасці нават зародку самаарганізацыі ў рускіх», — пішуць на сайце «Руху рускія».

 

У прынцыпе, расійская нацыяналістычная субкультура нават да расколу па пытанні Украіны была дастаткова маргінальнай, а зараз, пасля падзелу на прамайдан і антымайдан, тым больш. Аднак паранойя наконт магчымага Майдану ў Расіі ператварыла Крылова і кампанію ледзь не ў ворага расійскай дзяржавы нумар адзін. Нядаўна быў узяты пад варту былы лідар руху супраць імігрантаў Аляксандр Бялоў (Поткін). Афіцыйна яго падазраюць у дачыненні да крадзяжу актываў аднаго з банкаў. У той жа час паплечнікі лічаць, што пераслед Бялова звязаны з яго палітычнай дзейнасцю.

 

Ілюстрацыяй гэтай тэндэнцыі сталі пакуты антыпуцінскіх нацыяналістаў пры спробах атрымаць дазвол на свой «Рускі марш» у гэтым годзе. На перыферыі (Кіраў, Тальяці, Вялікі Ноўгарад) улада ўвогуле гэтага не зразумела і адразу паказала арганізатарам на дзверы. У Маскве давялося шукаць іншыя формы працы. Яшчэ напярэдадні падачы заявак прадстаўнікі сілавых структур прапаноўвалі нацыяналістам адмовіцца ад акцыі і на год «замарозіць» дзейнасць арганізацыі ў сувязі са складанай палітычнай сітуацыяй. Пасля таго, як тыя адмовіліся, ім прапанавалі правесці акцыю ў Любліно — на ўскрайку гораду. На цяперашні момант частка патрыётаў пагадзілася адправіцца мітынгаваць у Любліно. Праўда, без традыцыйнага канцэрту — усе музыкі, якія спачатку пагадзіліся спяваць за рускую ідэю, раптам «захварэлі». Іншыя (лідар Дзмітрый Дзёмушкін) не выключаюць, што яны выйдуць на «рускі народны сход» у цэнтры Масквы, калі марш не будзе ў выніку ўзгоднены.

 

Цяжка сказаць, наколькі сур’ёзныя пагрозы Дзёмушкіна, і ўвогуле якія перспектывы гэтай фракцыі рускіх нацыяналістаў. Затое відавочна, што пуцінская эліта ўсё больш захапляецца гульнёй у рускіх патрыётаў, што вельмі небяспечна для такой шматнацыянальнай краіны, як Расія. Напрыклад, у той жа Уфе актывісты башкірскай арганізацыі «Башкорт» сцвярджаюць, што «гэта акцыя (Рускі марш) успрымаецца карэнным народам як агрэсія супраць суверэнітэту Башкірыі», і пагражаюць «зрабіць усё магчымае, каб не даць маршу адбыцца».

Каментаваць