Медалі для «паліцаяў»

Амаль паўгода ва ўладзе ў Кішынёве кааліцыя — Альянс за еўрапейскую інтэграцыю. Самым гучным дасягненнем ураду дэмакратаў на гэты час, калі меркаваць па маскоўскай прэсе, стала імклівая інтэграцыя дзяржавы ў склад Румыніі і намер узнагародзіць 9 мая малдаван — ветэранаў румынскай арміі, якая ў часы вайны змагалася на баку немцаў.

Амаль паўгода ва ўладзе ў Кішынёве кааліцыя — Альянс за еўрапейскую інтэграцыю. Самым гучным дасягненнем ураду дэмакратаў на гэты час, калі меркаваць па маскоўскай прэсе, стала імклівая інтэграцыя дзяржавы ў склад Румыніі і намер узнагародзіць 9 мая малдаван — ветэранаў румынскай арміі, якая ў часы вайны змагалася на баку немцаў. Пра гэты і іншыя аспекты малдоўскага палітычнага жыцця журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з Андрэем Думбравеану, дацэнтам кафедры журналістыкі Малдоўскага дзяржаўнага універсітэта, лідэрам малдоўскай партыі «Зялёны альянс».

— У Беларусі шмат каго шакавала ідэя малдоўскіх уладаў адмяніць святкаванне Дня Перамогі і раздаць удзельнікам арміі Антанеску медалі. Адкуль такое рашэнне?

— Трэба згадаць, што да 1940 года Малдова была часткай Румыніі. Нічога дзіўнага не было ў тым, што пасля таго, як румыны (на той час саюзнікі Гітлера) вярнуліся, яны правялі масавую мабілізацыю. У нас, у адрозненні ад вас, лясоў няма, і, адпаведна, партызанскі рух быў вельмі слабы. Альтэрнатывы таму, каб не ісці ў войска, амаль не было. З іншага боку, калі фронт увесну 1944 года наблізіўся да Малдовы, пачалося масавае дэзерцірства малдаван з румынскай арміі. Яны вярталіся дахаты, каб праз некалькі дзён атрымаць павесткі ў Чырвоную Армію. Самі румыны ў тым жа 1944 годзе выйшлі з гітлераўскай кааліцыі і перайшлі на бок саюзнікаў. Сёння ўрад вырашыў даць медалі ўсім старым. Не іх віна ў тым, што яны трапілі да румынаў. Камуністы, у сваю чаргу, сёння скарысталі ініцыятыву ўраду як нагоду, каб узняць супраць дэмакратаў савецкіх ветэранаў.

У Малдове ветэранаў арміі Антанеску вы можаце сустрэць на кожным кроку. Каля паўмільёна малдаван у час вайны так ці інакш працавала на румын. Гэта частка малдоўскай гісторыі, пра якую ў савецкія часы было проста забаронена казаць. Увесь час тыя былыя румынскія ваякі нармальна жылі побач з ветэранамі савецкай арміі. Цяпер іх намагаюцца пасварыць у палітычных мэтах. У гэтым і ёсць сутнасць нашай кампартыі, якая гуляе выключна на тэмах гісторыі і настальгіі па СССР. Сацыяльная палітыка камуністаў у часы іх праўлення ўяўляла тыповы алігархічны капіталізм. Групоўка бізнесменаў пры кампартыі мела манапалістычны кантроль у шматлікіх сферах. Каб захаваць імідж левай партыі, утрымаць электарат, застаецца рабіць стаўку на тэмы гісторыі і культуры. Хацеў бы таксама згадаць праблему мовы. Вельмі часта кажуць, што Альянс за еўрапейскую інтэграцыю навязвае ў Малдове румынскую мову. Аднак хочам мы ці не, малдоўскай мовы няма. Мы размаўляем па-румынску. І ў гэтым няма нічога страшнага. Хіба ў законах Аўстраліі прапісана, што дзяржаўная мова аўстралійская? Там запісана, што афіцыйная мова — англійская. Аднак гэта не значыць, што Аўстралія ўшчэмленая ў плане суверэнітэту. Яшчэ раз падкрэсліваю, што дзякуючы камуністам тэмы мовы, культуры, гісторыі вельмі палітызаваныя.

— Ці не кампенсуе ўсе эканамічныя злачынствы камуністаў той факт, што партыя Вароніна — галоўны абаронца незалежнасці Малдовы? Камуністы супраць уваходжання Малдовы ў склад Румыніі.

— Тэма далучэння Малдовы да Румыніі — яшчэ адзін вялікі міф маскоўскай прэсы. Нават калі б Бухарэст вельмі хацеў нас далучыць, яго магчымасці абмежаваныя правіламі ЕС, у склад якога Румынія ўваходзіць. Як прыклад — выдача румынскіх пашпартоў малдаванам затармазілася. Гэта прамы загад Бруселя. Зараз атрымаць румынскі пашпарт амаль немагчыма. Дарэчы, зарабіць палітычныя пункты на тэме румынскіх пашпартоў — яшчэ адна любімая тэма камуністаў. Пры гэтым, аднак, усе забываюць, што ў іх лідэра Уладзіміра Вароніна таксама падвоенае грамадзянства. Ён яшчэ і грамадзянін Расіі. Акрамя таго, сама малдоўская эліта не хацела б інкарпарацыі ў склад Румыніі. За партыямі Альянсу за еўрапейскую інтэграцыю стаяць таксама алігархі. У элементарных інтарэсах мясцовага бізнесу не пускаць сюды іншаземных канкурэнтаў, у тым ліку румын. Калі мы кажам пра месца Румыніі ў палітыцы цяперашняга ўраду, то яе можна сфармуляваць наступным чынам: Малдова павінна інтэгравацца ў Еўропу, выкарыстоўваючы патэнцыял Румыніі, якая блізкая малдаванам гістарычна і культурна. Быць малодшымі братамі ніхто не жадае.

— Як рэагуюць на курс новага малдоўскага ўраду ў Прыднястроўі?

— Хто б ні прыйшоў да ўлады ў Кішынёве — камуністы, нацыяналісты, нават расійскія манархісты, — Тыраспаль заўжды будзе намагацца шукаць падставы, каб не весці дыялог наконт аб’яднання краіны. Матыў вельмі просты: Прыднястроўе — самая вялікая шэрая зона ў цэнтры Еўропы, дзе не працуюць ніякія законы. Ніхто не кантралюе эканамічныя схемы, за кошт якіх існуе смірноўскі клан. Некалькі разоў праходзіла інфармацыя пра тое, што Прыднястроўе пастаўляла зброю чэчэнцам, ісламскім тэрарыстам у Іраку. Як прыклад цынізму — кааперацыя з Алегам Вароніным. Пакуль прэзідэнты Смірноў і Варонін сварыліся, іх дзеці Алег Смірноў і Алег Варонін разам наладзілі нелегальны бізнес па продажу ў Злучаныя Штаты металалому. Пазіцыя Тыраспаля абсалютна не канструктыўная, хаця Малдова неаднаразова прапаноўвала яму аўтаномію, кшталту Гагаузіі. Дарэчы, сітуацыя з Гагаузіяй вельмі цікавая. Там цяпер ва ўладзе сілы, якія можна аднесці да лагеру прарасійскіх партый. Аднак яны зараз падтрымліваюць Альянс за еўрапейскую інтэграцыю. Кажуць, што адсутнасць ціску з боку клану Вароніна, што было ў часы кіравання камуністаў, дазваляе іх краю лепш развівацца.

— Як, на ваш погляд, будуць разгортвацца падзеі?

— Вы ведаеце, напэўна, што ў краіне палітычны крызіс — следства канстытуцыйнага. Малдова — парламенцкая рэспубліка. Для абрання прэзідэнта трэба, каб яго кандыдатуру падтрымала дзве трэці парламенту. Дэмакратам не хапае васьмі галасоў. У сваю чаргу, камуністы адмаўляюцца весці хоць нейкія перамовы на гэты конт у надзеі, што адсутнасць прэзідэнта прывядзе да датэрміновых выбараў. Быццам, па іх выніках камуністы змогуць вярнуць сабе статус урадавай партыі. Не скажу, што шанцаў у варонінцаў няма. Ва ўмовах сённяшняга крызісу Альянс за еўрапейскую інтэграцыю вымушаны праводзіць надзвычай непапулярны эканамічны курс. Па патрабаванню МВФ уведзеная вельмі строгая бюджэтная дысцыпліна, ідуць масавыя звальненні. Народ, натуральна, не задаволены. Камуністы збіраюцца стрыгчы купоны менавіта на падобных настроях. Амаль кожны дзень на свет выплываюць розныя факты іх эканамічных злачынстваў у часы Вароніна. Выкід кампрамату ўжо мае негатыўныя для камуністаў вынікі — не так даўно з фракцыі Кампартыі выйшла невялікая групоўка дэпутатаў. У такой сітуацыі я маю сумнеў у тым, што ў выніку новых выбараў камуністы змогуць атрымаць большасць, прычым большасць у дзве трэці галасоў, каб не толькі сфармаваць урад, аднак займець і свайго прэзідэнта. Так ці інакш, ім давядзецца пагадзіцца з прапановай дэмакратаў прыняць новую канстытуцыю. Да гэтага часу сітуацыя будзе вельмі не стабільная.

Каментаваць