Медыкі: на сірыйскі горад скінулі бочкі з атрутным газам

На сірыйскі горад Саракеб у правінцыі Ідліб скінулі бочкі з таксічным газам, сцвярджаюць выратавальнікі і медыкі. Пацярпелі, паводле дадзеных выратавальнікаў, каля 30 чалавек, у асноўным жанчыны і дзеці.

Пацярпелым жыхарам дапамагаюць добраахвотнікі. Фота REUTERS


Хто менавіта стаіць за нападам, дакладна невядома, адзначае ВВС.

Аднак Deutsche Welle са спасылкай на сведчанні прадстаўнікоў грамадзянскай абароны ў Сірыі, паведамляе, што 2 ёмістасці з атрутным газам скінуў збіты ўчора ў правінцыі Ідліб расійскі верталёт. Ад дзеянняў расійскіх вайскоўцаў меркавана пацярпелі 33 чалавекі

Актывісты з арганізацыі валанцёраў у Сірыі сцвярджаюць, што ў бочках мог знаходзіцца хлор, але незалежнага пацверджання гэтаму пакуль няма.

Арганізацыя выклала ў інтэрнэт відэазапіс, сапраўднасць якога пакуль не пацверджана. На ім відаць, як выратавальнікі выдаюць пацярпелым жыхарам кіслародныя маскі.

"Сярэдняга памеру кантэйнеры з атрутным газам. Што гэта за газ, нашай арганізацыі вызначыць не ўдалося", — кажа прадстаўнік арганізацыі.

Хлор шырока ўжываецца ў прамысловасці, але яго выкарыстанне ў якасці зброі забаронена Канвенцыяй па хімічнай зброі. У 2013 годзе жыхары горада Саракеб паведамлялі пра аналагічную атаку газам з боку сірыйскіх урадавых войскаў.

Нагадаем, расійскі верталёт быў збіты ў панядзелак. Паводле інфармацыі мінабароны Расіі, расійскі ваенна-транспартны Мі-8 вяртаўся на авіябазу Хмеймім пасля дастаўкі гуманітарнай дапамогі ў горад Алепа. Недалёка ад Саракеба ў выніку абстрэлу з зямлі над тэрыторыяй, што кантралюецца сірыйскімі паўстанцамі, верталёт быў збіты. Усе, пяць чалавек, што знаходзіліся на борце, загінулі. Гэта самыя цяжкія страты за ўвесь час з пачатку сірыйскай аперацыі ў верасні мінулага года.

Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў назваў у аўторак "ўкідам" паведамленні аб распыленні таксічнага газу ў раёне збітага расійскага верталёта Мі-8 у сірыйскай правінцыі Ідліб, паведамляе ria.ru.



Каментаваць