Мэр Лондана заклікаў да пільнасці пасля нападу на Расэл-сквер

У паліцыі адзначаюць, што нападнік мог пакутаваць ад псіхічнага расстройства, аднак не выключаюць і магчымасць тэракту.
Фота EPA

Фота EPA



Мэр Лондана Садзік Хан заклікаў жыхароў брытанскай сталіцы захоўваць спакой і пільнасць пасля нападу юнака з нажом, здзейсненага ў ноч на чацвер у цэнтры горада.

У выніку нападу 19-гадовага юнака на плошчы Расэл-сквер, адна жанчына памерла і яшчэ як мінімум пяць чалавек атрымалі раненні, паведамляе ВВС.

"Бяспека лонданцаў — мой галоўны прыярытэт... Я заклікаю ўсіх лонданцаў заставацца спакойнымі і пільнымі. Калі ласка, паведамляйце паліцыі аб усіх падазроных рэчах", — гаворыцца ў заяве Садзік Хан.

Паведамленне пра напад  паступіла ў паліцыю ў сераду ў 22:33 па мясцовым часе (00:33 чацвярга па Мінску). Асоба, якая патэлефанавала ў паліцыю, сказала, што невядомы мужчына з нажом атакуе мінакоў.

Нападнікам аказаўся 19-гадовы юнак, якога паліцыянтам удалося затрымаць, ужыўшы электрашокеры. Яго асоба пакуль не раскрываецца.

Паліцыя не выключае версію тэрарыстычнага нападу. Пры гэтым у Скотленд-Ярдзе адзначаюць, што нападнік мог пакутаваць ад псіхічнага расстройства.

Напярэдадні ўлады Лондана абвясцілі аб тым, што на вуліцах горада з'явіцца больш узброеных паліцыянтаў, бо ўзрасла пагроза тэрору.

У сувязі з нападам на Расэл-сквер лонданская паліцыя вырашыла дадаткова павялічыць прысутнасць на вуліцах горада узброеных падраздзяленняў.


Каментаваць