Мэрсэдэс пад назвай АЭС

31 сакавіка ў Кіеве прайшлі грамадскія слуханні па праекту беларускай АЭС. У іх браў удзел і журналіст «НЧ» Алег Новікаў.



31 сакавіка ў Кіеве прайшлі грамадскія слуханні па праекту беларускай АЭС. У іх браў удзел і журналіст «НЧ» Алег Новікаў.

Да гэтых слуханняў Мінск падрыхтаваўся сур’ёзна. Нават надрукавалі спецыяльныя праспекты, разлічаныя, сыходзячы з іх тэкстаў, менавіта на ўкраінскага чытача. Праспекты ўручалі пры ўваходзе ў залу, што знаходзілася на восьмым паверсе Міністэрства аховы прыроды, дзе і адбывалася мерапрыемства. Дарэчы, сам будынак міністэрства пафарбаваны ў зялёнаы колер. Колер сцен, праўда, адзінае, што адрознівае ўстанову ад саўковай канторы (пасля абеду тут нават адключылі ліфт).

У незвычайнай актывізацыі напярэдадні 31 сакавіка нашых уладаў не было нічога дзіўнага. Слуханні ў Кіеве мелі важны характар як для аматараў мірнага атаму, так і для яго праціўнікаў. Апошнія таксама падцягнулі на берагі Дняпра свае лепшыя кадравыя рэсурсы.

Фактычна ўпершыню ў гісторыі станаўлення беларускай атамнай энергетыкі павінна было адбыцца нешта падобнае на сапраўдныя дэбаты. На радзіме БелАЭС слуханні нагадвалі хутчэй дрэнны спектакль. Не вядома, на каго, быў разлічаны адзін з тэкстаў таго самага праспекту пра тое, што 80 грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў ухвалілі будаўніцтва АЭС у выніку дыскусіі ў Астраўцы ў кастрычніку мінулага года. Кожнаму, хто цікавіцца экалагічнай тэматыкай, вядома пра тое, што на самай справе адбывалася ў Астраўцы. Асабліва пра затрыманне расійскага эколага Ажароўскага, які праседзеў за кратамі сем сутак. Дарэчы, ён зараз кажа, што там нядрэнна вывучыў беларускую мову.

Пасля Астраўца былі слуханні ў Літве і Латвіі. Лічыць іх слуханнямі таксама цяжка. Гэта былі своеасаблівыя рэкламныя шоу беларускіх атамшчыкаў. Спробы ўступіць у любую дыскусію выклікалі паўсюдна адмоўную рэакцыю. У Рызе пасланцы Лукашэнкі ўвогуле спыніліся прамаўляць пасля таго, як пабачылі, што на слуханнях з’явіліся сябры беларускай антыядзернай кааліцыі (іх, дарэчы, прыняў латышскі міністр экалогіі).

У Кіеве балтыйскі нумар прайсці не мог. Чарнобыльская салідарнасць прымусіла мясцовых эколагаў уважліва адсочваць наш атамны праект з самага пачатку. Акрамя таго, той факт, што краіна — ахвяра чарнобыльскай катастрофы вырашыла будаваць АЭС, дае ўкраінскаму атамнаму лобі козыр на развіццё сектару. Праз два гады ў некалькіх украінскіх АЭС заканчваецца тэрмін карыстання, і прыхільнікі атамнай энергетыкі шукаюць любыя падставы, каб працягнуць іх эксплуатацыю.

У выніку яшчэ за тыдзень да пачатку слуханні былі анансаваныя на ўсіх украінскіх больш-менш паважных экалагічных сайтах. У залі ў Мінпрыродзе, дзе сабралася каля ста чалавек, можна было пабачыць актыў украінскіх экалагічных грамадскіх арганізацый.

Спачатку слова атрымала беларуская афіцыйная дэлегацыя. Першае ўражанне ад выступаў Андрэя Рыкава (дырэктар Белэнергапрама), Якава Кёнінгсбрга (прадстаўнік Мінздраву) і Віктара Аверына (дырэктар Інстытута радыялогіі) — здзіўленне. Усе трое вельмі добра валодаюць тэмай і, калі б у Беларусі сапраўды адбываліся вольныя дэбаты па АЭС, яны б маглі годна прэзентаваць і абараняць праект.

Галоўныя тэзісы абаронцаў БелАЭС: краіна абсалютна энергетычна залежная (толькі 17 працэнтаў патрэбнай энергіі вырабляецца ў Беларусі), разлікі паказалі, што вецер, вада і сонца не могуць быць альтэрнатывай атаму, мадэль рэактару, якая будзе ўсталяваная на Астравецкай станцыі, — абсалютна бяспечная. А нават калі і бабахне, усё абмяжуецца радыусам у тры кіламетры.

Асобна згадалі, што тып рэактару на беларускай АЭС будзе абсалютна новы, які не мае практычных выпрабаванняў. Але, па словах Рыкава, тое не праблема, таму што гэта не новы рэактар, а мадэрнізаваны стары. «Нешта падобнае адбываецца на аўтамабільным рынку. Быў «Мэрсэдэс 500» — стаў «Мэрсэдэс 600», — сказаў Рыкаў. Такое параўнанне аўдыторыі вельмі спадабалася. Пазней выступоўцы часта і ахвотна згадвалі, што для беларускіх кіраўнікоў АЭС — гэта як «Мэрсэдэс».

Пасля лабістаў АЭС слова ўзялі апаненты. Яны вельмі лёгка знайшлі супярэчнасці ў прамовах папярэдніх аратараў. Мадэль рэактару для беларускай АЭС прынцыпова новая. Яе магутнасць на 20 працэнтаў большая, ключавыя элементы таксама. У Фінляндыі стваральнікі АЭС прызнаюць, што патэнцыйны арэал радыяцыйнага забруджвання ў выпадку аварыі на станцыі — 1000 кіламетраў, а ў Астравецкай той жа арэал чамусьці толькі тры кіламетры. І нават тыя, хто сімпатызуе будаўніцтву АЭС, пагаджаюцца, што захоўваць ядзернае смецце пэўны час давядзецца ў Беларусі. І калі шукаць лепшае месца для ягонага складзіравання, гэта, натуральна, Чарнобыльская зона, якая зараз не выкарыстоўваецца. А гэта фактычна мяжа з Украінай.

Беларуская дэлегацыя рэагавала на крытыку цікава: пару чалавек папросту выйшлі на перакур.

Прэзідыум слуханняў, які ўзначальваў намеснік міністра аховы прыроды, прапанаваў абмеркаваць фінальную рэзалюцыю праз інтэрнэт. Відавочна, новы ўкраінскі Кабмін папросту не хоча сварыцца з Лукашэнкам, бо большасць прысутных на слуханнях былі яўна супраць будаўніцтва БелАЭС.

На гэтым слуханні і закончыліся.

Цікавае ўражанне пакінулі нашы чыноўнікі. Напрыканцы ім так спадабалася дыскутаваць, што адзін з іх палез да мікрафона, парушаючы рэгламент. Цудоўнае адлюстраванне адной са старонак чалавечай натуры, якой патрэбна праяўляць сваю годнасць у роўным дыялогу, а не праз дыктат.

І яшчэ. Слуханні ішлі на ўкраінскай мове. У пачатку нехта прапанаваў перайсці на рускую з-за павагі да беларускіх гасцей. Пачуўшы прапанову, дэлегаты ад Беларусі нават абурыліся: «Няўжо мы ўкраінскую мову не разумеем?!»
 

Каментаваць