Месячныя амбіцыі

Наступным чалавекам, які прагуляецца па Месяцы, будзе індус або кітаец. Так сцвярджаюць эксперты пасля таго, як 1 лютага, прадстаўляючы ў Кангрэсе бюджэтны план на гэты год, Барак Абама адмовіўся ад амерыканкай Месячнай праграмы.

Наступным чалавекам, які прагуляецца па Месяцы, будзе індус або кітаец. Так сцвярджаюць эксперты пасля таго, як 1 лютага, прадстаўляючы ў Кангрэсе бюджэтны план на гэты год, Барак Абама адмовіўся ад амерыканкай Месячнай праграмы.

Матывы адміністрацыі Абамы, каб замарозіць распрацаваны ў NASA Месячны праект (Constellation), зразумелыя. На дварэ крызіс, і лепш інвеставаць грошы ў праграмы, якія здольныя прынесці ў кароткія тэрміны гарантаваныя прыбыткі. Заакіянская прэса і нават рэспубліканская апазіцыя не вельмі перажываюць з таго факту, што краіна — лідэр даследаванняў Месяца, добраахвотна замарожвае Constellation.

Аднак вольнае месца пустым не бывае. Не паспелі амерыканцы адкласці свой праект, як у прэсе пачаліся спекуляцыі наконт пачатку бітвы за Месяц паміж Дэлі і Пекінам. Менавіта Індыя і Кітай пасля падзей 1 лютага атрымалі унікальны шанец запусціць на Месяц наступную экспедыцыю. Нагадаем, што дасюль толькі грамадзяне ЗША краналіся месячнага грунту. Гэта было ў далёкім 1972 годзе.

Прычым каласальныя выдаткі, якія патрэбныя на дэсант чалавека на Месяц, лідэраў згаданых краін не пужаюць. Стаўка вельмі высокая. Дзяржава-пераможца ў вайне за Месяц атрымае нешта большае за ўзоры грунту для лабараторных аналізаў. Сітуацыя падобная на часы «халоднай вайны», калі СССР і ЗША ўважліва сачылі за касмічнымі праграмамі адзін аднаго. Ад таго, хто прадэманструе лепшыя вынікі ў космасе, залежаў іх міжнародны аўтарытэт у шматлікіх галінах.

Сёння стаўка падобная. Абедзве краіны даўно нефармальна спаборнічаюць паміж сабой за тытул рэгіянальнага лідэра. З улікам тэмпаў развіцця Індыі і Кітая можна нават казаць пра тое, што пераможца ў касмічнай дуэлі стане кандыдатам нумар адзін на тое, каб адабраць у Злучаных Штатаў статус супердзяржавы ХХІ стагоддзя.

Асабліва перамога важная для Пекіну. Тут нацыяналізм — адна з ключавых складовых частак дзяржаўнай прапаганды. Менавіта байкамі пра Вялікі Кітай афіцыёз кампенсуе грамадзянам недахоп дэмакратыі, надае сістэме легітымнасць. Параза ад Індыі стане сапраўднай псіхалагічнай траўмай для кітайцаў. Фіяска здольнае выклікаць недавер да эфектыўнасці камуністычнай мадэлі.

У каго больш шанцаў абставіць праціўніка ў гонцы за Месяц?

Кітай апошнім часам дасягнуў вялікіх поспехаў у касмічнай галіне. У 2003 годзе першы кітайскі касманаўт пабываў у космасе. У 2007-м Пекін абвясціў, што мае праект адпраўкі чалавека або кіраванага з зямлі карабля на спадарожнік зямлі. Два гады таму быў названы тэрмін будучай экспедыцыі. Калі ўсё складзецца добра, у 2025 годзе на Месяцы ўстановяць чырвоны сцяг КНР.

Але ў кітайскага праекту ёсць і слабыя бакі. Аналітыкі даўно звярнулі ўвагу на тое, што амбіцыйныя заявы Пекіна наконт даследаванняў у космасе сінхронныя з аналагічным паведамленням з Хьюстану, дзе месціцца штаб-кватэра NASA. Так было і з паведамленнем пра ідэю запусціць кітайскі карабель на Месяц. Інфармацыя з’явілася літаральна на наступны дзень пасля таго, як амерыканцы абвясцілі пра Constellation. Аднак практыка паказвае, што часта за такімі напалеонаўскімі заявамі — дагнаць і перагнаць Амерыку — нічога няма. І ўвогуле, кітайская касмічная навука, як сведчыць тэрмін пасылкі ў космас першага касманаўта, вельмі маладая.

Між тым, тут задача простая — трэба не толькі запусціць карабель, але і авалодаць так званай касмічнай тэхнікай «rendez-vous» (вяртанне). Карабель павінен заставацца на арбіце, пакуль спецыяльны модуль не толькі прызямліцца на Месяц, але і вернецца назад на карабель. Аперацыя вельмі далікатная.

Што да кітайцаў, то яны паспрабуюць правесці першыя эксперыменты з тэхнікай «rendez-vous» ў 2011 годзе. Полем для эксперыменту будзе касмічная станцыя «Тiangong». Акрамя таго, з мінулага года спецыяльны зонд на арбіце Месяца займаецца зборам картаграфічных дадзеных. Яны патрэбныя ў тым ліку, каб знайсці аптымальнае месца для пасадкі модуля.

Пра перспектывы кітайскай Месячнай праграмы можна будзе меркаваць у 2015 годзе. Праз пяць гадоў Пекін збіраецца зрабіць сапраўдны стрэл у космас. Інакш цяжка назваць праект запуску касмічнага карабля «Вялікі Марш–5», які можа перавозіць 25 тон грузаў. Амерыканцы са сваім «Apollo Saturn V», праўда, могуць дастаўляць у космас да 100 тон. Аднак і 25 тон — гэта важны крок на шляху рэалізацыі плану «кітаізацыі» Месяца. У любым выпадку, як пішуць урадавыя кітайскія СМІ, пад Пекінам ужо створаны палігон, які павінен нагадваць паверхню Месяца. На палігоне, як сцвярджае французская «Le Monde», будуць праходзіць выпрабаванні не толькі робаты.

А што Індыя? На фоне суседа яна здаецца больш слабай. Індыйскае касмічнае агенцтва (ISRO) яшчэ не навучылася працаваць з модулямі-робатамі. Толькі ў мінулым годзе індыйскі зонд дасягнуў Месяца. Аднак пры гэтым «Chandrayaan–1» зрабіў важнае адкрыццё: знайшоў на Месяцы элементы вады. Інфармацыя пра ваду на Месяцы, якую знайшлі індусы, была на першых старонках індыйскіх СМІ. Краіну ахапіла сапраўдная эйфарыя. Спецыялісты разглядаюць гэты факт як адзнаку таго, наколькі шмат значыць для краіны Месячная праграма. Адначасова ISRO зрабіла свой прагноз наконт тэрміну, калі індус ступіць на Месяц. Гэта павінна адбыцца не пазней за 2025 год. Тое, што гэта супадае з запланаванай датай высадкі на Месяц кітайскага касманаўта, было ўспрынята ўсімі як выклік Пекіну. Праўда, раней індусам трэба адправіць чалавека ў космас. Гэта павінна здарыцца ў 2015 годзе (на 12 гадоў пазней за Кітай).

Як бачым — пакуль у кітайска-індыйскай бітве за Месяц быццам перамагаюць кітайцы. Аднак не трэба спяшацца. У Дэлі ёсць свой джокер. Гэта расіяне, якія даўно працуюць у галіне даследаванняў Месяца. Зонд «Chandrayaan–2», які адправіцца на Месяц у 2012 годзе, вырабляецца разам з Роскосмасам. Вядома, што частка эксперыментаў індусаў у космасе адбудуцца на базе станцыі «Саюз».

Аднак расіяне не такія ўжо прастакі, каб дапамагаць аднаму боку. Сяброўства з Індыяй не перашкодзіла ім прадаць кітайцам партыю скафандраў, дзякуючы якім можна выходзіць у адкрыты космас.

На думку некаторых экспертаў, Расія, якая, здаецца, не мае магчымасці рэалізаваць такія амбіцыйныя праекты, як дэсант на Месяц, прымаючы ўдзел у праграмах Індыі і Кітая, жадае стаць своеасаблівым арбітрам. Як мінімум гэта гарантуе тое, што РФ застанецца касмічнай дзяржавай.

А ўвогуле, барацьба за Месяц здольная стаць яшчэ больш інтрыгуючай. Да яе, як лічаць эксперты, могуць далучыцца іншыя дзяржавы. Месячныя амбіцыі ў хуткім часе могуць узнікнуць у Токіо або ў Бруселя.

Каментаваць