Міф Таненберга

Сто гадоў таму ва Усходняй Прусіі нямецкае войска разбіла рускае. Бітва пад Таненбергам мела каласальны ўплыў на далейшы ход гісторыі. Але для некаторых людзей слова «Таненберг» — хутчэй сінонім расчаравання і хлусні палітыкаў.



Сама бітва цягнулася каля васьмі дзён і закончылася канфузам рускай арміі, якой камандаваў Аляксандр Самсонаў (калі ён зразумеў, што прайграў бітву, застрэліўся). 8-я нямецкая армія пад кіраўніцтвам Паўля фон Гіндэнбурга, нягледзячы на тое, што саступала па колькасці рускай, здолела разграміць праціўніка.
 
 
Падчас бітвы было забіта каля 60 тысяч салдат рускай арміі, фронт пачаў рухацца на ўсход, углыб Расійская імперыі. Своеасаблівай кампенсацыяй для рускай і савецкай гістарыяграфіі было тое, што на дапамогу 8-й арміі былі перакінутыя дадатковыя войскі з Заходняга фронту, з-за пагрозы захопу рускімі ўсёй Усходняй Прусіі.
 
 
У Берліне лічылі, што на першым этапе вайны ніякіх асаблівых падзей на гэтым участку фронту не будзе.
 
 
Планавалася, што сапраўдныя бітвы пачнуцца ў Францыі, згодна са славутым планам Шлісэена. Таму 8-ю армію вырашылі даверыць Гіндэнбургу (1847–1934), які на той час быў ужо на пенсіі. 
 
 
Аднак хутка былы пенсіянер стаў героем нацыі. Уся Германія даведалася імя пенсіянера і яго пратэжэ Эрыха Людэндорфа — кіраўніка штабу арміі. Нягледзячы на сістэматычныя паразы нямецкай арміі на франтах, гэтыя прозвішчы захавалі пазітыўную асацыяцыю сярод простых немцаў. А што ўжо казаць пра пасляваенныя часы, калі на хвалі пратэсту супраць Версальскай дамовы краіну ахапіла хваля рэваншызму. Менавіта ў гэты час вакол Таненберга ўтварыўся сапраўды міф. 
 
 
Хутка ўзнікла ідэя будаўніцтва мемарыялу ў гонар перамогі 1914 года. 31 жніўня 1924 года ў прысутнасці Гіндэнбурга і Людэндорфа адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі першага каменя ў падмурак мемарыяла. У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 60 тысяч чалавек, у сваёй большасці ветэранаў бітвы. Праект манументальнага вайсковага помніка быў распрацаваны берлінскім архітэктарамі Вальтэрам і Ёганэсам Кругерамі, якія перамаглі ў адпаведным конкурсе. Помнік павінен быў нагадваць па сваёй архітэктуры неалітычны Стоўнхэндж і сярэднявечную крэпасць Кастэль-дэль-Монтэ, якая мела восем вежаў. Гэтыя 20-метровыя вежы, арыентаваныя па баках свету, мелі розныя гераічныя прысвячэння, напрыклад, вежа жаўнераў або вежа сцягу. Адна з вежаў называлася вежа Гіндэнбурга. Урачыстае адкрыццё мемарыяла адбылося 18 верасня 1927 года і было прысвечанае 80-гадавіне Паўля фон Гіндэнбурга, выбранага на той час прэзідэнтам. У 1934 годзе Гіндэнбург памёр, і яго пахавалі ў мемарыяле. Натуральна, пахаванне вылілася ў буйную прапагандысцкую акцыю з удзе­лам Гітлера. 
 
 
Такая вялікая роля бітвы пры Таненбергу былі звязаная таксама з тым, што згоду на фармаванне ўрада Гітлеру ў лютым 1933-га выдаў менавіта Гіндэнбург. Пасля прэзідэнт 21 сакавіка 1933 года прыняў удзел у арганізаванай нацыстамі акцыі з нагоды адкрыцця новага Рэйхстагу. Месцам для мерапрыемства была абрана гарнізонная царква ў Патсдаме, дзе знаходзяцца рэшткі Фрыдрыха Вялікага. 
 
 
Як пішуць сучаснікі, Гебельс зрабіў з гэтай цырымоніі сапраўдную цукерку. У прамым радыёэфіры на ўсю краіну журналісты апісвалі, як стары Гіндэнбург плача падчас прамовы новага канцлера. Згадаў у той прамове Гітлер і Таненберг: «У адзіным парыве мы за некалькі тыдняў абаранілі нацыянальны гонар. Дзякуючы вам, спадар фельдмаршал, сімвалы былой велічы аб’ядналіся ў адно цэлае. Мы выказваем вам нашу падзяку». Гэты спектакль стаў галоўным піярам новага рэжыму.
 
 
Гітлер, які раней выглядаў фіглярам у вачах арыстакратыі, дзякуючы поціску рукі Гіндэнбурга набыў імідж сур’ёзнага дзяржаўнага мужа. 
 
 
У часы Гітлера культ Таненберга дасягнуў неверагодных памераў. Месца бітвы называлі сімвалам супраціву Версалю і «скалой нямецкага духу». З усёй Германіі былі арганізаваныя туры ў Таненберг. Была распрацаваная нават працэдура экскурсіі. Каб трапіць да мемарыялу, трэба было доўгі час ісці пешшу, пасля наведаць магілу Гіндэнбурга, вежу, названую ў яго гонар, зал славы і г.д. Дайшло да таго, што менавіта ў мемарыяле ў знак сімвалізму вырашылі зрабіць штаб мясцовай вайсковай акругі.
 
 
Бліжэй да канца 1930-х гадоў, калі Германія ўсё гучней пачала патрабаваць рэвізіі сваіх усходніх межаў, Таненберг набыў новы канцэпт. Усё часцей яго наведвальнікам казалі пра Грунвальдскую бітву, якую разглядалі не як паразу, а хутчэй як знак даўняй прысутнасці Германіі ў рэгіёне. Бітву пад Таненбергам падавалі як рэванш немцаў за паразу пад Грунвальдам. 
 
 
Падчас Другой сусветнай вайны, пры набліжэнні савецкіх войскаў, па заданні Берліну немцы самі ўзарвалі мемарыял, каб не дапусціць яго апаганьвання, а парэшткі Гіндэнбурга і яго жонкі вывезлі ў надзейнае месца.
 
 
Пасля вайны і кампаніі дэнацыфікацыі, якая закранула і міф Таненберга, вынікі бітвы ў жніўні 1914 года перагледзелі. Гісторыкі пагаджаюцца, што Гіндэнбург ліквідаваў пагрозу акружэння і разгрому 8-й арміі і магчымай акупацыі часткі Усходняй Прусіі. Аднак жаданне германскага кіраўніцтва ўтрымаць Усходнюю Прусію дорага каштавала. Перадыслакацыя войскаў з Заходняга фронту абярнулася правалам аперацыі супраць Францыі, і тым самым стала стратэгічнай паразай Германіі. Пасля Таненберга Германія была вымушана весці зацяжную вайну на два фронты, якая праз чатыры гады закончылася яе фактычнай капітуляцый. Таксама сталі вядомыя мемуары ўдзельнікаў той бітвы, якія скептычна ставіліся да вайсковага генію Гіндэнбурга. Адзін з яго генералаў пісаў, што ў разгар бітвы камандуючы ўвогуле адмовіўся ад кіраўніцтва, паколькі, па яго словах, «інструкцыі і загады ўсё роўна не працуюць». 
 
 
Што тычыцца цяперашняга юбілею Таненберга, то ў ФРГ яго хутчэй узгадваюць як нешта далёкае і цікавае выключна для гісторыкаў. Ніякіх актуальных канатацый тая падзея не выклікае. Хіба што гэты юбілей згадваюць былыя жыхары Усходняй Прусіі, якія былі вымушаны пакінуць свой край пасля Патсдаму. Падчас вайны ім увесь час казалі, што як толькі прыйдзе Чырвоная Армія, будзе мець месца новы Таненберг. Аднак нічога падобнага не адбылося. Таму для гэтых людзей слова «Таненберг» — хутчэй сінонім расчаравання і хлусні палітыкаў. 
 

Каментаваць