Міністр абароны Ірана раскрытыкаваў Расію за разгалашэнне ваенных дадзеных

"Зразумела, рускім хочацца паказаць, што яны — супердзяржава і ўплывовая краіна", — заявіў іранскі міністр. Міністр абароны Ірана Хасэйн Дэхган раскрытыкаваў расійскіх калегаў за разгалошванне інфармацыі аб выкарыстанні расійскімі ВПС іранскага аэрадрома Хамадан.

Расійскі Ту-22  Фота RIA NOVOSTI


Рашэнне распавесці пра выкарыстанне базы ў СМІ без узгаднення з Іранам было прадыктавана "жаданнем пакрасавацца", заявіў іранскі міністр, паведамляе ВВС.

"Зразумела, рускім хочацца паказаць, што яны — супердзяржава і ўплывовая краіна, што яны актыўна сябе паводзяць у сферы бяспекі і ў гэтым рэгіёне, і ў свеце", — сказаў міністр у інтэрв'ю ўрадаваму "Другому каналу" Ірана.

"За разгалашэннем гэтай інфармацыі бачыцца непаважлівае стаўленне і жаданне пакрасавацца", — падсумаваў Дэхган.

Міністр падкрэсліў, што на дадзены момант у Іране не знаходзіцца ніякіх замежных ваенных кантынгентаў, бо гэта супярэчыць канстытуцыі краіны. Кажучы аб выкарыстанні аэрадрома Хамадан, міністр заявіў, што неабходнасць даць базу для дазапраўкі расійскіх баявых самалётаў прадыктавана тым, што Расія вырашыла актывізаваць баявыя дзеянні на тэрыторыі Сірыі.

Нагадаем, міністэрства абароны Расіі 16 жніўня заявіў, што расійскія бамбавікі ўпершыню нанеслі ўдар па тэрыторыі Сірыі з тэрыторыі Ірана. У ваенным ведамстве базу Хамадан назвалі "аэрадромам базавання": "Дальнія бамбавікі Ту-22М3 і франтавыя бамбавікі Су-34, што ўзляцелі з поўнай бомбавай нагрузкай з аэрадрома базавання Хамадан (Ісламская Рэспубліка Іран), нанеслі групавы авіяцыйны ўдар па аб'ектах тэрарыстычных груповак "Ісламская дзяржава" і "Джэбхат ан-Нусра" ў правінцыях Алепа, Дэйр-эз-Зор і Ідліб", — заявілі ў расійскім міністэрстве абароны.

Аднак напярэдадні, 15 жніўня, агенцтва Almasdar News перадало, што на ваенным аэрадроме недалёка ад іранскага горада Хамадан знаходзяцца расійскія дальнія бамбавікі-ракетаносцы Ту-22М і змясціла іх фатаздымкі.

Інфармацыя аб базаванні расійскіх бамбавікоў у Іране спарадзіла развагі аб змене канфігурацыі сіл на Блізкім Усходзе. Прадстаўнік дзярждэпартамента ЗША заявіў, што выкарыстанне Расіяй іранскага аэрадрома "сумная, але не нечаканая" навіна.



Каментаваць