Мінспорту Расіі і ФСБ пакрывалі прымяненне допінгу на Алімпіядзе ў Сочы


У панядзелак, 18 ліпеня, незалежная камісія Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) прадставіла даклад аб выніках расследавання абвінавачванняў у допінгавых махінацыях на Алімпійскіх гульнях 2014 года ў Сочы. У справаздачы сцвярджаецца, што антыдопінгавая лабараторыя Сочы выкарыстала ўнікальны метад падмены пробаў

 
Фота Віталь Белавусаў / ТАСС

Фота Віталь Белавусаў / ТАСС



Незалежная камісія Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) пад кіраўніцтвам Рычарда Макларэна знайшла доказы падтрымкі Міністэрствам спорту Расіі і Цэнтрам спартыўнай падрыхтоўкі (ЦСП) допінгавай праграмы ў расійскім спорце, паведамляе ТАСС.

Пра гэта гаворыцца ў тэксце дакладу, які прыводзіцца на сайце WADA. "Я абсалютна ўпэўнены ў сваёй справаздачы", — падкрэсліў Рычард Макларэн.


"Міністэрства спорту кіравала, кантралявала і праводзіла маніпуляцыі з вынікамі аналізаў спартсменаў і абменьвалі іх пры актыўным удзеле і пры дапамозе ФСБ і Цэнтра спартыўнай падрыхтоўкі (ЦСП) зборных каманд Расіі ў Маскве і Сочы", — сказана ў справаздачы. .

Па словах Макларэна, камісія WADA перакананая, што ФСБ удзельнічала ў падмене допінг-пробаў на Алімпіядзе ў Сочы.

"Мая каманда перакананая ў тым, што ФСБ прымала ўдзел у падмене допінг-пробаў падчас Алімпіяды ў Сочы", — сказаў Макларэн на прэс-канферэнцыі.

"ФСБ вывозіла допінг-пробы з Масквы ў спецыяльныя халадзільнікі ў спецыяльнай лабараторыі, якая была створана перад Алімпіядай", — адзначыў кіраўнік незалежнай камісіі WADA. "ФСБ праводзіла сакрэтныя аперацыі", — заявіў Макларэн.

Таксама ў заяве WADA сказана, што незалежная камісія агенцтва пад кіраўніцтвам Рычарда Макларена знайшла доказы таго, што Сочынская антыдопінгавая лабараторыя карысталася ўнікальным метадам падмены пробаў, каб расійскія спартсмены, якія прымаюць допінг, змаглі выступіць на Гульнях у Сочы.

"Сочынская лабараторыя распрацавала ўнікальную методыку падмены ўзораў допінг-пробаў для таго, каб расійскія спартсмены, якія прымаюць допінг, змаглі прыняць удзел у Гульнях у Сочы", — гаворыцца ў дакладзе.

Макларэн распавёў, што яго камандай былі зроблены разнастайныя эксперыменты, паведамлея ВВС. І гэтыя эксперыменты пацвердзілі магчымасць падмены допінг-пробаў: “Наша каманда правяла некалькі эксперыментаў. Магу пацвердзіць, што сапраўды можна памяняць вечка на кантэйнерах так, каб гэта было незаўважна для няўзброенага вочы. Гэта было зроблена нашымі спецыялістамі на маіх вачах некалькі разоў”.

Як адзначаецца ў справаздачы WADA, Маскоўская антыдопінгавая лабараторыя пакрывала спартсменаў, якія ўжывалі забароненыя прэпараты.

"Маскоўская антыдопінгавая лабараторыя працавала для абароны спартсменаў, якія ўжывалі допінг. Гэта адбывалася ў рамках сістэмы ўтойвання станоўчых допінг-пробаў", — сказана ў справаздачы.

Прафесар Макларэн у складзе камісіі WADA раней расследаваў дзейнасць Усерасійскай федэрацыі лёгкай атлетыкі (ВФЛА), маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі, Расійскага антыдопінгавага агенцтва (РУСАДА).

Па выніках расследавання камісія апублікавала справаздачу, у якой рэкамендавала прыпыніць працу лабараторыі, прызнаць дзейнасць Расійскага антыдопінгавага агенцтва неадпаведнай кодэксу WADA. Усерасійская федэрацыя лёгкай атлетыкі была пазбаўленая сяброўства ў міжнароднай арганізацыі.




Каментаваць