Містыка інаўгурацыі Парашэнкі

Самым рэзанасным фрагментам інагурацыі Парашэнкі стала сцэна, калі салдат ганаровай варты ўпаў перад будучым гарантам. Шмат хто з украінцаў лічыць, што гэта прыкмета. А вось наконт таго, кепская яна або добрая, агульнай згоды няма.
 



Містыцызм характэрны для ўкраінскай масавай культуры. Дастаткова ўзгадаць творы Гогаля. Навіна пра тое, што падчас інагурацыі адзін з салдатаў ганаровай варты ўпаў, адразу стала прадметам гарачых дыскусій і прагнозаў. Гуляючы па Кіеву 7 чэрвеня, мне неаднаразова давялося чуць абрыўкі размоў накшталт: «А я вам кажу, што гэта кепскі знак — у Парашэнкі кепская энергетыка». 
 
 
Нагадаем, што салдат ганаровай прэзідэнцкай варты выпусціў з рук вінтоўку ў той час, калі новаабраны прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка праходзіў па чырвонай дарожцы ў Вярхоўную Раду Украіны. Было зразумела, што салдату стала дрэнна. Пасля таго, як Парашэнка прайшоў у дзверы, салдата забраў афіцэр.
 
 
Напэўна, інтарэс да інцыдэнту быў бы не такі вялікі, калі б не падобны выпадак з папярэднікам Парашэнкі. Калі Віктар Фёдаравіч Януковіч у 2010 годзе ішоў прымаць прысягу прэзідэнта, перад ім нечакана зачыніліся дзверы. Гэтая сцэна ў народзе адразу была пракаментаваная як знак таго, што дабром прэзідэнцтва Януковіча не скончыцца. 
 
 
Акрамя таго, сам Майдан вельмі звязаны з народнай архаічнай культурай, што праяўлялася ў калектыўных малітвах, песнях, звароту да сярэднявечнай казацкай традыцыі, ідэі месіянства ўкраінскага народу. У ходзе амаль трохмесячнай акцыі на Майдане ўзніклі свае міфы. 
Так, ветэраны стаяння ў цэнтры Кіева распавядаюць, што нейкая пазазямная сіла змяніла накірунак ветру 23 лютага, калі Беркут намагаўся зачысціць Майдан. Абаронцы ў адказ на атаку беркутаўцаў пачалі паліць шыны, і тут адбыўся цуд — вецер змяніў напрамак і пачаў дзьмуць у бок спецназаўцаў. Атака прыпынілася. Гэта па сутнасці выратавала апазіцыйны лагер. Мода на ірацыяналізм пасля перамогі рэвалюцыі стала характэрнай для новых афіцыйных СМІ. 
 
 
Адсюль і такі вялізарны інтарэс да інцыдэнту з тым салдатам. Рацыянальныя тлумачэнні пра тое, што мы маем справу са звычайным сонечным ударам (тэмпература 7 чэрвеня была пад 30 градусаў) не задавальняюць украінцаў. Публіка дружна шукае ў падзеі нейкую метафізіку.
 
 
Асабліва актыўныя праціўнікі новай улады, сярод якіх хапае аматараў ірацыянальных канцэпцый. У асяроддзі антымайданаўцаў існуе нават фракцыя блогераў, якія лічаць, што рэвалюцыя на Майдане была прадказаная Настрадамусам. Адэпты гэтай тэорыі ахвотна цытуюць прадказальніка: «Падтрыманы натоўп паднімецца, стане пераследаваць і выганіць прыхільнікаў заканадаўства, і будзе царства паслабленае з Усходу. І Бог наш Стваральнік выпусціў сатану з вязніцы пякельнай, каб даць нараджэнне вялікаму сабаку». 
 
 
Аднак і без Настрадамуса на антымайданаўскіх сайтах шмат арыгінальных тлумачэнняў. Напрыклад: «Зброя звалілася не на зямлю, а на ярка-чырвоную, колеры крыві, дывановую дарожку. Гэта ўдвая дрэнная прымета. Калі Порах не спыніць кровапраліцце, то яму будзе кепска» (блогер Маклай). 
 
 
Акрамя таго, ахвотна факусуецца ўвага на нейкіх асабістых рысах новага прэзідэнта, які, быццам, праявіліся падчас інцыдэнту. «Мог бы і прытрымаць салдаціка. Карона б не звалілася і не растаў бы. Гэта паказчык таго, што яму п..фіг народ і войска», — адзначае адзін з блогераў.
 
 
Як і трэба было чакаць, здарэнне падчас інаўгурацыі адразу знайшло сваю інтэрпрэтацыю ў расійскіх СМІ. Шматлікія расійскія выданні палічылі гэта адназначна кепскай прыкметай. Пазней у СМІ Расіі пайшла гуляць чутка пра тое, што дзесяць жаўнераў, якія стаялі ў ганаровай варце, былі адпраўленыя па асабістым загадзе Парашэнкі на ўсходні фронт. Такой, быццам, была помста абранага гаранта за пракол падчас мерапрыемстваў 7 чэрвеня. На самай справе, Парашэнка пасля інаўгурацыі падышоў да салдата і спытаў, ці ўсё ў яго добра. 
 
 
Лаяльныя на адрас Парашэнкі СМІ адразу прапанавалі сваю містычную трактоўку, паводле якой падзенне вінтоўкі, а пасля жаўнера, сведчыць пра міралюбівыя намеры 5-га прэзідэнта Украіны. Праўда, шараговыя фанаты Майдану пабачылі тут абсалютна іншы знак. Так, блогер Арцем Валына піша: «Добры знак! Усе каларады са зброяй — упадуць!!!» 
 
 
Некаторыя ў пошуках ісціны капаюць так глыбока, што проста нельга не здзіўляцца. «Сёння, калі ПП (Пётр Парашэнка) ішоў па чырвонай дарожцы, пасля яго праходу з боку левага яго пляча ў аднаго салдата з ганаровай варты валіцца з рук вінтоўка... Зараз разбяром гэты знак: з левага боку Дняпра ў нас знаходзіцца ўсход Украіны, і ўсе мы ведаем, адкуль ідзе ўзброеная небяспека для ўсіх нас. Калі б вінтоўка звалілася перад ПП, тое гэта быў бы знак пра тое, што яму давядзецца ўстаць перад вайной. Вінтоўка звалілася пасля яго ўваходжання на прыступкі і ззаду, і руляй не ў яго бок, што кажа пра тое, што не будзе стрэлу ў спіну. Значыць, народ будзе падтрымліваць прэзідэнта», — піша ў сетках нехта Маўчан.
 
 
А ўвечары 7 чэрвеня стала вядома, што ў Пятра Парашэнкі нарадзіўся ўнук. Відавочна, такое супадзенне можна разумець як выключна пазітыўны знак для новага гаранта. Давялося самому быць сведкам таго, як людзі ў цэнтры ўкраінскай сталіцы звоняць адзін аднаму і гучна віншуюць з папаўненнем у прэзідэнцкай сям’і. Відавочна, што ўкраінскае грамадства ўскладае вялізарную надзею на Пятра Парашэнку. Застаецца, каб гэтыя надзеі сапраўды рэалізаваліся.
 
 
Напрыканцы трэба агучыць яшчэ адну версію. Некаторыя сцвярджалі, што той салдат быў падкуплены для замаху на Парашэнку. Як вядома, у «Шакаладнага караля» хапае праціўнікаў, прычым таксама сярод калегаў па Майдану. Гэта версія адразу нарадзіла новы анекдот, над якім, думаецца, пасмяяліся як антымайданаўцы, так і майданаўцы: «Замову прыняў, бабло атрымаў, а замачыць не змог. Якая краіна, такія і кілеры». 
 

Каментаваць