Міша супраць Пеці

У адрозненні ад Беларусі, ва Украіне стаіць не толькі тэмпературная, але і палітычная спёка. Перш за ўсё, праз пастанову Пятра Парашэнкі пазбавіць Міхаіла Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства.

Рыгор Радзін, прыхільнік партыі «Рух новых сілаў», заснаванай Саакашвілі, распавядае пра абставіны скандалу і пазіцыю сваёй структуры.

— Як прыхільнікі Саакашвілі ўспрынялі рашэнне Парашэнкі пазбавіць Міхаіла Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства, бо той, нібыта, калісьці, калі прасіў пашпарт з выявай трызубца, даў камісіі па грамадзянству хлуслівую інфармацыю?

— Мы маем справу са спланаванай палітычнай аперацыяй Парашэнкі з мэтай прыбраць з палітычнага поля вельмі моцнага канкурэнта. Напрыклад, тое, што рашэнне было прынятае прэзідэнтам менавіта тады, калі Саакашвілі быў за мяжой. Цяпер, паводле закону, Саакашвілі фармальна не мае магчымасці вярнуцца ва Украіну, каб у судзе асабіста аспрэчыць пастанову. Больш таго, ёсць рызыка, што палітыка падчас спробы прыляцець у Кіеў чакае экстрадыцыя ў Грузію. Як вядома, там супраць яго распачаты шэраг крымінальных спраў.

— Грузія даўно, аднак без асаблівых вынікаў, патрабавала ад Кіева экстрадыцыі Саакашвілі. Чаму на гэты раз яго выдача выглядае рэальнай?

— Таму, што раней Кіеў трымаўся лініі — пераслед Саакашвілі ў Грузіі мае палітычны характар, і, адпаведна, адмаўляў у экстрадыцыі. Аднак на днях Парашэнка наведаў Грузію, дзе пры ўладзе знаходзіцца клан алігарха Бідзіны Іванішвілі, які зрабіў бізнес у Расіі і мае кантакты з мясцовай уладай. Пасля візіту Парашэнкі рыторыка ўкраінскіх уладаў змянілася — і экстрадыцыя цяпер прынцыпова больш не выключаецца. Цалкам магчыма, што паміж алігархамі была заключаная нейкая дамова.

— Паводле сацыёлагаў, Саакашвілі цяжка назваць занадта папулярным украінскім палітыкам. З 1,4% падтрымкі ён ледзь трапляе ў дзясятку самых папулярных палітыкаў. Нашто Парашэнку яго прыбіраць?

— Нізкі рэйтынг — гэта хвароба ўсіх нашых партый. Ніводная партыя не мае больш за 8% папулярнасці. То бок, украінцы яшчэ не пачалі шукаць новага місію, як звычайна робяць напярэдадні выбараў. Акрамя таго, сітуацыя ў краіне дынамічна мяняецца. Палітолагі прагназуюць, што Парашэнка ўвосень паспрабуе правесці шэраг рэформаў, якія ўзмоцняць яго шансы застацца прэзідэнтам. Напрыклад, ходзяць чуткі пра праект змены Канстытуцыі, дзе прэзідэнта будзе абіраць парламент. Каб супрацьстаяць аўтакратычным тэндэнцыям, апазіцыя вымушана будзе так ці інакш кансалідавацца вакол нейкіх асобаў. Саакашвілі вядомы як адзін з самых паслядоўных апанентаў прэзідэнта, і самае галоўнае — ён жывы сімвал таго, што з карупцыяй — бічом Украіны — можа паспяхова змагацца. Не дарма ўжо зараз блакавацца з «Рухам новы сілаў» гатовыя амаль тузін розных палітычных структур.

— У прэсе можна наткнуцца на публікацыі, аўтары якіх сцвярджаюць, што Парашэнка пераследуе Міхаіла Саакашвілі дзеля таго, каб стварыць сабе кішэнную апазіцыю, пасунуўшы з гэтай нішы больш агрэсіўную і харызматычную Цімашэнка.

— У такім разе наўрад ці Юлія Цімашэнка і іншыя апазіцыйныя лідары адкрыта выступяць у падтрымку Саакашвілі. Што тычыцца агрэсіўнасці і рашучасці, то Міша хутчэй дасць фору Юліі. Ніводны апазіцыянер у краіне не адважваецца публічна, акрамя яго, называць прадстаўнікоў адміністрацыі Парашэнкі «злодзеямі» або «барыгамі».

— Вашы праціўнікі ахвотна ўзгадваюць, як у свой час Саакашвілі дапамагаў Парашэнку будаваць мадэль, якую сёння называе «бандыцкай». Напрыклад, эпізод з выбарамі ў мажарытарнай акрузе ў Чарнігаве, дзе Саакашвілі агітаваў за кандыдата ад улады, які не цураўся самых брудных піяр-прыёмаў, накшталт подкупу электарату.

— Мяркую, на той час Саакашівлі яшчэ цалкам не разумеў украінскай палітыкі.

— Ці паўплывае скандал вакол грамадзянства Саакашвілі на міжнародны імідж адміністрацыі Парашэнкі?

— Стала вядома, што Давід Сакверэлідзе (правая рука Саакашвілі) вядзе актыўныя кансультацыі з заходнімі дыпламатамі. Акрамя таго, Саакашвілі пачаў эксплуатаваць закінутую Трампам тэму, што адміністрацыя Парашэнкі спрабавала ўплываць на ход выбараў у ЗША, публікуючы кампрамат на кіраўніка выбарчага штабу Трампа, які ў свой час працаваў на Януковіча. Нарэшце, у кантэксце канфрантацыі Масквы і Вашынгтона Саакашвілі — асабісты вораг Пуціна — набывае дадатковы палітычны капітал. Так ці інакш, Міша, будучы на Захадзе, стоадсоткава стане моцным раздражняльнікам для Кіева.

— Між тым, сам Саакашвілі паабяцаў хуткім часам вярнуцца ва Украіну, а памежнікі ў кіеўскім аэрапорце Барыспаль, у сваю чаргу, — не пусціць яго далей за зону пашпартнага кантролю. На выхадзе атрымліваецца рымейк фільма «Тэрмінал» пра турыста, які быў вымушаны жыць у транзітнай зоне аэрапорту?

— Магчымы іншы варыянт. Так, Сакверэлідзе не выключае нават марскога дэсанту. На цяперашні час можна дакладна казаць выключна пра пракол каманды Парашэнкі. Інакш бы яго чыноўнікі так дружна не адмаўляліся браць на сябе адказнасць за пазбаўленне грамадзянства Саакашвілі. Ніхто не хоча несці асабістую адказнасць за ўчынкі ўлады, якая імкліва губляе падтрымку.

 

 

Каментаваць