Мяцежны стэп

Казахстан і краіны Сярэдняй Азіі святкуюць 95-годдзе паўстання 1916-га — самага вялікага ў гісторыі мусульманскага паўстання супраць расійскай каланізацыі.

25 чэрвеня 1916 года расійскі імператар Мікалай II прыняў указ пра мабілізацыю мужчынскага насельніцтва Туркестана і Стэпавага краю ва ўзросце ад 19 да 43 гадоў на прыфрантавыя працы. Усяго капаць акопы ўздоўж лініі фронту з немцамі мусіла 250 тысяч кіргізаў, казахаў, узбекаў і іншых прадстаўнікоў мясцовых народаў.

Казахстан і краіны Сярэдняй Азіі святкуюць 95-годдзе паўстання 1916-га — самага вялікага ў гісторыі мусульманскага паўстання супраць расійскай каланізацыі.

25 чэрвеня 1916 года расійскі імператар Мікалай II прыняў указ пра мабілізацыю мужчынскага насельніцтва Туркестана і Стэпавага краю ва ўзросце ад 19 да 43 гадоў на прыфрантавыя працы. Усяго капаць акопы ўздоўж лініі фронту з немцамі мусіла 250 тысяч кіргізаў, казахаў, узбекаў і іншых прадстаўнікоў мясцовых народаў.

З самага пачатку гэта была кепская ідэя. Указ выпадкова быў выдадзены ў час святкавання ісламскага свята Рамазана, і, зразумела, быў успрыняты мусульманамі як блюзнерства. Карыстаючыся адсутнасцю ў большасці мясцовага насельніцтва, асабліва ў качэўнікаў, метрык, у пунктах мабілізацыі ўзнікла татальная сістэма хабараў. Было дастаткова самай малой нагоды, каб сітуацыя выбухнула. І такая нагода вельмі хутка знайшлася.

Ёй сталі чуткі пра тое, што капаць акопы заклічуць абсалютна ўсё мужчынскае насельніцтва краю. Хваляванні пачаліся ў Хаджэнце, калі паліцыя адкрыла агонь па маніфестацыі, якая патрабавала знішчэння спісаў мабілізаваных. У адказ пачаліся выступы. Рух прымаў розныя формы: масавыя дэманстрацыі, уцёкі ў глыб стэпаў, у горы, за мяжу, знішчэнні спісаў мабілізаваных, напады на прадстаўнікоў адміністрацыі, партызанскія дзеянні. Неўзабаве паўстанне ахапіла тэрыторыю з больш чым 10-мільённым насельніцтвам. 17 ліпеня 1916 года ў Туркестанскай ваеннай акрузе было абвешчана ваеннае становішча.

Дзеянні Цэнтру насілі самы жорсткі характар. Часта ўзятых у палон расстрэльвалі на месцы. Шырока выкарыстоўвалася артылерыя, кулямёты. Урад быў змушаны накіраваць у рэгіён рэгулярныя войскі, з прыходам якіх увесну 1917 года ўдалося ў цэлым здушыць паўстанне. Каб выратавацца ад помсты карнікаў, прыкладна 500 тысяч кіргізаў і казахаў эмігравалі ў Кітай.

У савецкі час пра паўстанне пісалі дастаткова асцярожна. Было відавочна, што яно насіла яскравы антыкаланіяльны характар. У 1935 годзе выйшла работа гісторыка Рыскулава (яго расстраляюць праз два гады як панцюркісцкага шпіёна), у якой ён прыйшоў да высновы, што паўстанне 1916 года, акрамя царызму, “у першую чаргу было накіравана супраць мясцовых эксплуататарскіх класаў.

Хутка тэорыя Рыскулава была даведзеная да поўнага абсурду. Адпаведна сталінскім інтэрпрэтацыям, паўстанне было ледзь не арганізаванае бальшавікамі ў духу пралетарскага інтэрнацыяналізму. Больш таго, лідары паўстання амаль ад нараджэння былі гэткімі “стыхійнымі бальшавікамі, якія крок за крокам рухаліся да разумення ідэй марксізму-ленінізму і мудрасці партыі Леніна-Сталіна.

Падзенне Савецкага Саюза і абвяшчэнне незалежнасці сталі пралогам новай трактоўкі падзей 1916 года. Іх зноў сталі разглядаць як вызвольны рух. Аднак з часам адчыняюцца новыя цікавыя аспекты тых падзей.

Упершыню пачалі казаць пра рэлігійны фактар. У шэрагу месцаў, асабліва ў Ферганскай даліне, пагромамі рускіх кіравалі прапаведнікі-дэрвішы з заклікамі да газавату. Лідары паўстанцаў выступалі за стварэнне ісламскай дзяржавы. Духавенства, якое карысталася пры ханскай уладзе вялікімі прывілеямі, стала роўным у правах з усім астатнім насельніцтвам. Мулы разглядалі гэта як свядомы падрыў ісламскіх асноў грамадства, што не магло не выклікаць адпаведнай рэакцыі.

Упершыню сталі казаць пра ролю знешніх разведак. Вядома, што на тэрыторыі Сярэдняй Азіі дзейнічала турэцкая агентура. З тэрыторыю суседняга Кітаю кітайскія нацыяналісты пастаўлялі паўстанцам зброю. У цэлым жа, аднак, паўстанне ні ў якім разе не з’яўлялася вынікам падрыўной дзейнасці нейкіх вонкавых сіл.

Самым вялікім парадоксам можна лічыць пазіцыю партыі Алаш-Арда — казахскай палітычнай арганізацый, вакол якой аб’ядналіся лепшыя інтэлектуальныя сілы казахаў. Высвятляецца, што нягледзячы на патрабаванне аўтаноміі, большасць алаш-ардоўцаў была супраць паўстання. Яны вырашылі выкарыстаць яго як нагоду, каб пашырыць правы казахаў аж да таго, каб тыя атрымалі права голасу. Высоўваліся патрабаванні арганізаваць навучанне казахскіх дзяцей на роднай мове са стварэннем для іх інтэрнатаў і пансіянатаў, заснаваць казахскія газеты, спыніць высяленне са спрадвечных земляў і “прызнаць землі, займаныя казахамі, іх уласнасцю. У сваім закліку “Алаштын азаматы (“Грамадзянін Алаша), апублікаваным 11 жніўня 1916 года, яны пісалі: “Мы хочам сказаць народу — трэба падпарадкавацца. Калі падпарадкаванні ня будзе, калі адмовімся ад указу дзяржавы, якому падпарадкоўваемся, не працягнем рукі дапамогі дзяржаве, і захаваўшы тым самым свае жыцці і хаты, дзяржава на нас не толькі пакрыўдзіцца, але ўжыве сілу.

Як кажуць сучаснікі, алаш-радоўцы вельмі баяліся, што бунт качэўнікаў разбурыць адукацыйную, транспартную інфраструктуру, якая была створаная ў часы расійскай каланізацыі. Паўстанцы сапраўды разглядалі ўсе дасягненні навукова тэхнічнага прагрэсу як прылады, прыдуманыя рускімі для эксплуатацыі. Так, актыўна знішчалася тэлеграфная сувязь. Таксама ў паўстанцаў адсутнічала пазітыўная праграма. Адзіная альтэрнатыўная расійскаму царызму форма дзяржаўнага кіравання, вядомая паўстанцам, — адсталае ханства накшталт Бухарскага.

Царскі ўрад пазней прызнаваў наяўнасць сістэмных прычын для пратэстаў. Па слядах паўстання была створаная спецыяльная камісія, якая вывучыла сітуацыю і заключыла, што галоўнай прычынай пратэстаў была палітыка масавай канфіскацыі земляў тубыльцаў. Пра гэта сведчыць геаграфія бунту. Яго эпіцэнтрамі былі раёны з высокай канцэнтрацыяй рускіх каланістаў. Дарэчы, па выніках працы камісіі дасталося і адміністрацыі. У адстаўку пайшлі 4 губернатары.

Як бы ні было, аднак відавочна, што паўстанне 1916 года стала важнай падзеяй у гісторыі рэгіёна. І як гістарычная з’ява працягвае ўплываць на сітуацыю ў цэнтральна-азіяцкіх краінах, найперш на міжнацыянальныя адносіны, а таксама на адносіны гэтых краін з Расіяй.

Каментаваць