Мядзведзеў — Абама: дэкларацыі і спадзяванні

Нягледзячы на тое, што падчас сустрэчы Барака Абамы і Дзмітрыя Мядзведзева размова галоўным чынам ішла пра стратэгічныя і глабальныя пытанні, вынікі візіту будуць мець важнае значэнне для раскладу сіл у Садружнасці Незалежных Дзяржаў.



Нягледзячы на тое, што падчас сустрэчы Барака Абамы і Дзмітрыя Мядзведзева размова галоўным чынам ішла пра стратэгічныя і глабальныя пытанні, вынікі візіту будуць мець важнае значэнне для раскладу сіл у Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Нагадаем, што па выніках сустрэчы прэзідэнты падпісалі шэраг дакументаў: пагадненне пра далейшыя скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў, дамову паміж урадамі пра транзіт ваеннай тэхнікі і персаналу NAТО праз тэрыторыю РФ у Афганістан. Таксама быў падпісаны дакумент пра супрацоўніцтва паміж узброенымі сіламі Расіі і ЗША, і прынятае рашэнне пра стварэнне сумеснай прэзідэнцкай камісіі па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Праблемы ў зоне СНД не значыліся ў павестцы дня сустрэчы. І, як пішуць шматлікія замежныя выданні, гэта ўжо само па сабе не выпадкова. Можна казаць пра тое, што ЗША мяняюць сваю тактыку ў рэгіёне, перш за ўсё ў пытанні ўступлення Украіны і Грузіі ў NАТО.

Некаторыя нямецкія СМІ, аналізуючы вынікі візіту, прыходзяць да высновы, што ўступленне Украіны і Грузіі ў NАТО страціла для ЗША актуальнасць.

Берлінская газета “Die Welt піша, што “задэклараванае Абамам імкненне да ядзернага раззбраення ці бяз’ядзернаму свету важнае яму не само па сабе, а як сродак дасягнення мэты. Амерыканскаму прэзідэнту патрэбны давер Расіі, каб націснуць на іранскі рэжым, вырашыць праблемы лагістыкі ў забеспячэнні міжнароднага кантынгенту сіл у Афганістане і націснуць на рэжым Паўночнай Карэі. Дзеля гэтага Абама гатовы пайсці на саступкі: не прызнаючы фармальнага права вета Масквы на пашырэнне NАТО, уступленне туды Грузіі ці Украіны пераносіцца.

Мюнхенская газета “Suddeutsche Zeitung піша: “Абаме неабходны хуткі поспех на міжнароднай арэне, а Расіі — вяртанне сабе ролі глабальнай дзяржавы… Расія чакае ад ЗША стрыманасці ў зоне свайго непасрэднага суседства (асабліва ва Украіне). Абама гатовы заплюшчыць вочы на гэтыя постімперскія амбіцыі.

Газета “Stuttgarter Zeitung дадае: “Абама павінен зразумець, што ёсць тэмы, якія настолькі важныя для нацыянальных інтарэсаў Расіі, што пазіцыя Масквы па іх будзе непахіснай. Гэта тычыцца намераў Украіны стаць сябрам NАТО. Праўда, газета прызнае, што новы старт цалкам магчымы, але не раней, чым будзе вырашана пытанне Афганістана і Ірана.

Ва Украіне вынікі візіту сапраўды ацанілі як канчатковы крах праекту сяброўства ў Паўночнаатлантычным Альянсе.

Блізкая да Партыі рэгіёнаў газета “Сегодня піша: “Абама з Мядзведзевым сустракаўся за сняданкам “у рускім стылі — з самаварам і аладкамі. У такім душэўным становішчы Мядзведзеў тэхнічна вывеў Абаму на тэму расійска-ўкраінскіх адносін. У выніку, калі верыць намесніку кіраўніка апарата ўрада РФ Юрыю Ушакову, Абама паабяцаў улічваць пазіцыю Масквы ў адносінах ЗША і Украіны. Па словах Ушакова, такое абяцанне было атрымана пасля таго, як амерыканскі лідэр даведаўся, што ў нашай краіне (ва Украіне) пражываюць не меней за 17 мільёнаў рускіх (мабыць, ён меў на ўвазе рускамоўных, хоць апошніх, напэўна, нават больш).

Шмат салідных выданняў лічаць, што халодная вайна ЗША і РФ за ўплыў на былыя савецкія рэспублікі будзе працягвацца.

“Вынікам візіту сталі дамовы, большасць якіх не мае юрыдычнай сілы, — гэта толькі дэкларацыі пра намеры. Заходняя прэса піша пра візіт Абамы ў аптымістычным тоне, але адзначае адсутнасць рэальных дасягненняў, — піша ўкраінская “Газета по-киевски.

Такой жа думкі прытрымліваецца брытанская “The Independent: “Пакуль незразумела, наколькі вялікі эфект будзе мець атмасфера зычлівасці і мяккая рыторыка ўдзельнікаў сустрэчы.

Лічыць, што рана святкаваць і нямецкі “Handelsblat: “У Масквы і Вашынгтона застаюцца рознагалоссі па шэрагу пытанняў. У Расіі да Амерыкі ставяцца з вялікай насцярогай (калі пасля распаду СССР пазітыўна да ЗША ставіліся 80% расіянаў, то сёння Злучаным Штатам давяраюць толькі 36%). Як сцвярджаюць журналісты, расійскія СМІ напярэдадні візіту амерыканскага прэзідэнта нават атрымалі распараджэнне “зверху — паменшыць колькасць антыамерыканскіх публікацый падчас візіту Абамы.

Гэту пазіцыю падзяляе і “The Washington Post. Аднак выданне спасылаецца не на аналітыку, а на тое, як у Маскве публіка паставілася да жонкі амерыканскага прэзідэнта. На думку аўтара артыкулу, “у цэлым Мішэль Абама ў Расіі прынялі холадна ў параўнанні з шуміхай, паднятай вакол яе ў Лондане і ў Францыі. А гэта, на думку аўтара, значыць, што звычайныя расіяне не даруюць сваім лідэрам шчыльнай кааперацыі з Амерыкай.

Іранічна адрэагаваў на сустрэчу рыжскі “Mix News: “Увогуле, нам ад гэтага Абамы і яго візіту ў Маскву ніякай карысці. Рукі там цісне крывавым чэкістам і акупантам, а не нам тут. Таму і стаўленне да яго візіту ў цэлым скептычнае. Не атрымаецца, маўляў, дамовіцца з імперскай Расіяй з яе савецкімі агрэсіўнымі забабонамі. Не з тымі ён гаворыць, і наогул, як можна высокаму Абаму весці перамовы з чалавекам такога маленькага росту, як Мядзведзяў? Гэта ж смешна выглядае. Абама, задумайся!

А народ ужо паспеў прыдумаць на тэму візіту Абамы анекдот: “Пуцін з Мядзведзевым частавалі Абаму ў рускім стылі: на стале стаяў самавар, а ў самавары па спрадвечнай рускай традыцыі была гарэлка... Як здзівіўся потым амерыканскі прэзідэнт, калі яму паказалі тое, што ён падпісаў у Маскве...

Каментаваць